галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Валерый Казакоў у Магілёве: размова пра тое, што… (фота)
У чацвер, 12 лютага, у памяшканні Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса ў Магілёве адбылася сустрэча з пісьменнікам Валерыем Казаковым.

На пачатку вечарыны пісьменнік распавёў прысутным пра свой жыццёвы шлях, пасля чаго паміж ім і гасцямі сустрэчы завязалася вельмі ажыўленая і цікавая гутарка пра літаратуру і пра той “смешны час”, у якім, па словах нашага земляка, мы жывём.

Валерый Казакоў у Магілёве: размова пра тое, што… (фота)
Валерый Казакоў. Фота mahilou.org


Такім чынам, пасля амаль дзвюх гадзін размовы прысутныя даведаліся пра тое…

- што з 1990-х гадоў пісьменнік, які зрабіў выдатную кар’еру ў войску (В. Казакоў – палкоўнік запасу), жыве ў Маскве і працуе ў Крамлі, ведае вышэйшыя эшэлоны расійскай ўлады знутры і тое, як улада дзейнічае на чалавека, а таму і піша пра гэта;

- што Валерый Казакоў з’яўляецца яшчэ зусім маладым пісьменнікам (першую кнігу выдаў у 2006 г.) і дагэтуль шкадуе, “што не зрабіў усяго таго, што трэба было зрабіць, каб дапамагчы Васілю Быкаву”, з сям’ёй якога ён добра знаёмы;

- што хаця ён і рускамоўны пісьменнік, але пераклаў на беларускую дзве свае апошнія кнігі – “Цень гобліна” і “Халоп яснавяльможнага дэмакрата”- і ў далейшым плануе адразу пісаць на роднай мове, таму што “… па бацьку я – радзіміч, па маці - крывіч”;

- што сп. Казакоў лічыць беларускую мову адной з лепшых моў у свеце і ўпэўнены, што неўзабаве прыйдзе час, калі ў Беларусі пачнуць размаўляць па-беларуску.

Валерый Казакоў у Магілёве: размова пра тое, што… (фота)
В. Казакоў і госці вечарыны. Фота mahilou.org


Акрамя вышэйсказанага, у дзвюхгадзіннай гутарцы гасцямі сустрэчы было пачута яшчэ многа самых разнастайных рэчаў: і пра палітыку, і пра мастацтва, і пра жыццё беларуса за мяжою…

А таму падсумоўваючы ўсё гэта, можна з упэўненасцю сказаць: у нас ёсць вельмі цікавы пісьменнік, сапраўдны беларус, радзіміч-крывіч, які піша пра Беларусь, жывучы ў Расіі; які адчувае і ведае Беларусь, будучы за яе межамі; які натхняецца Беларуссю, завітваючы на Радзіму…

Валерый Казакоў у Магілёве: размова пра тое, што… (фота)
Старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў прэзентуе В. Казакову тэматычныя календары. Фота mahilou.org


Напрыканцы вечарыны старшыня Магілёўская гарадской арганізацыі “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” Алег Дзьячкоў ад імя ўсіх прысутных падзякаваў Валерыю Казакову і прэзентаваў пісьменніку тэматычныя календары, распрацаваныя Магілёўскім ТБМ.

Скончылася ж сустрэча ўжо традыцыйным фота на памяць і аўтографамі аўтара для новых аматараў яго творчасці.

Юрась Каласоўскі

18:12 13.02.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы