галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Алег Латышонак: “Я лічу Магілёў сэрцам Беларусі” (фота)
Сёння ў Магілёве адбылася прэзентацыя кнігі сучаснага беластоцкага гісторыка, прафесара Алега Латышонка «Жаўнеры БНР» з удзелам аўтара. У прадстаўленае магілёўцам выданне ўвайшла ў перакладзе з польскай манаграфія «Беларускія вайсковыя фармаванні: 1917—1923 гады», а таксама згрупаваныя ў тэматычныя раздзелы «Станіслаў Булак Балаховіч: старонкі бурлівага жыцця» і «Змаганне за ўласную дзяржаву» публікацыі А. Латышонка з іншых выданняў.

Ва ўступным слове рэдактар часопіса “ARCHE” Валер Булгакаў прадставіў сп. Алега Латышонка як чалавека, які нарадзіўся і жыве ў Польшчы, але які захаваў сваю беларускую аўтэнтычнасць і стаў выдатнейшым гісторыкам.

Алег Латышонак: “Я лічу Магілёў сэрцам Беларусі” (фота)
Алег Латышонак. Фота mahilou.org

Сам Алег Латышонак адразу ж прыемна здзівіў гасцей вечарыны тым, што назваў Магілёў сапраўдным сэрцам Беларусі. Паводле аўтара, гэта вынікае з яго апошніх даследаванняў.

Пасля сп. Латышонак распавёў пра гісторыю стварэння кнігі “Жаўнеры БНР”, падкрэсліўшы пры гэтым, што ўся яго праца пачалася з цікавасці да асобы генерала Станіслава Булак-Балаховіча. І калі на пачатку працы ён думаў, што сутыкнецца з невялікім аб’ёмам фактычнага матэрыялу, то цяпер разумее, што “па кожным з раздзелаў маёй кнігі можна пісаць дысертацыю”. На жаль, паводле А. Латышонка, над гэтым пытаннем працуе вельмі мала беларускіх гісторыкаў.

Алег Латышонак: “Я лічу Магілёў сэрцам Беларусі” (фота)
Кніга "Жаўнеры БНР" і часопіс ARCHE. Фота mahilou.org

“Я пішу не сапраўдную, а сваю гісторыю Беларусі, маю сваё бачанне і не іду за іншымі”, - адзначыў аўтар. Напрыканцы выступлення беластоцкі гісторык зрабіў выснову, што заслуга жаўнераў БНР у тым, што яны змагаліся і не далі загінуць ідэі беларускай нацыянальнай дзяржавы, стварэнне якой у той гістарычны момант было наўрад ці магчыма.

Алег Латышонак: “Я лічу Магілёў сэрцам Беларусі” (фота)
Падчас прэзентацыі. Фота mahilou.org

А Валер Булгакаў, які таксама прадставіў некалькі нумароў “ARCHE”, падкрэсліў, што кніга Алега Латышонка яшчэ вельмі цікавая даследаваннем аспектаў беларускай дзяржаватворчасці і публікацыяй унікальных дакументаў, датычных беларускіх вайсковых фармаванняў 1917-1927 гг.

Застаецца дадаць, што самы актыўны ўдзел у размове прынялі магілёўскія гісторыкі Ігар Пушкін і Алесь Агееў.

Падрыхтаваў Юрась Каласоўскі

22:39 14.02.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы