Пляцоўка для дыскусiй па моўных праблемах, дзякуй Богу, шырыцца апошнiм часам. Вось i ў Грамадска-кансультацыйным савеце пры Адмiнiстрацыi прэзiдэнта вострае для Беларусi пытанне, варта спадзявацца, стане прадметам абмеркавання. Хоць бы таму, што ў дарадчую структуру запрошаны Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы iмя Францiшка Скарыны, кандыдат гiстарычных навук, дацэнт. І хочацца, каб яго голас прагучаў ужо сёння, у Мiжнародны дзень роднай мовы.
"Я лiчу, што Грамадска-кансультацыйны савет патрэбны — у многiх даўно не было магчымасцi кантактаваць з уладамi з вока на вока. У адрозненне ад iншых сяброў гэтага савета ТБМ заўжды з уладамi кантакт мела. Таму нас i запрасiлi самымi першымi, мы проста гэтым не хвалiлiся! I мы шмат чаго ад улад атрымлiваем карыснага. У прынцыпе гэта яшчэ адна магчымасць агучыць нашы прапановы", — даводзiць старшыня таварыства. "На жаль, усе дэмакраты, прадстаўленыя ў савеце, на першым пасяджэннi размаўлялi па-руску... Таму перакананне "калi гаворыць па-беларуску — абавязкова апазiцыянер" — гэта хлусня, прыдуманая яшчэ ў ХVI—ХVII стст... Толькi спадар Макей паказаў, што можа вольна весцi размову па-беларуску, аднак пабачыўшы, што нiхто, акрамя мяне не гаворыць, зноў вярнуўся на агульнапрынятую мову... Цi трэба казаць, што i дакументы новага дарадчага органу, таксама вядуцца па-руску?" На ўсё гэта не мог не звярнуць увагi апякун беларускасцi.
"Маю прапанову — абмеркаваць стан беларускай мовы як дзяржаўнай — падтрымаў спадар Макей, ну i ўсе з гэтым моўчкi пагадзiлiся. Я думаю, што калi савет будзе iснаваць, мы на працягу года абмяркуем гэту сiтуацыю. Тым больш што ёсць грунтоўныя падставы — улада змянiла правапiс, новы закон устае ў сiлу у наступным годзе. Да таго ж, я маю афiцыйны адказ ад усiх дзяржаўных структур, што ў 2010 годзе ў закон аб мовах будуць унесены змены. Праўда, нам абяцаюць унесцi папраўкi яшчэ з 2000 года, таму я не надта i веру абяцанням. Думаю, увосень мы пачнём збор подпiсаў у падтрымку гэтых жа абяцанняў уладаў. Збяром 20 — 50 тыс подпiсаў — iм няма куды будзе падзецца, мы падтрымлiваем iх жа iнiцыятыву. Самая галоўная папраўка, якую абавязкова трэба ўнесцi, — выкiнуць "цi" i "або", якiя дазваляюць зусiм не карыстацца беларускай мовай. Дарэчы, яны таксама дазваляюць зусiм не карыстацца рускай мовай, што я i раблю. А вось мая прапанова звярнуцца да праблем школьнай адукацыi з трэскам правалiлася..."
Шчыгрынавая беларускасць?Самая крытычная сiтуацыя, на думку старшынi ТБМ, сёння ў школьным навучаннi: "Колькасць беларускамоўных вучняў змяншаецца як шчыгрынавая скура, асаблiва ў гарадах (там iх менш двух адсоткаў). Напрыклад, у Магiлёве i Гродна няма нiводнага класа... Масава закрываюцца i вясковыя школы (па 400 у год), бо вымiрае вёска. А дзяцей дапасоўваюць у рускамоўныя школы. Таму мы i зрабiлi адпаведны зварот да бацькоў, настаўнiкаў — каб усе разумелi, што калi мы страцiм школу, мы шмат чаго пазбавiмся"... Праблема не толькi ў колькасцi, але i ў якасцi — упэўнены наш суразмоўца. "Мяне абураюць паводзiны многiх школьных настаўнiкаў беларускай мовы. Яны прынцыпова не размаўляюць па-беларуску за межамi ўрока. Дзецi ж звяртаюць на гэта ўвагу — дарэчы, яны скардзяцца ў ТБМ на такiх настаўнiкаў. Я б наогул iх звальняў з працы, гэта ж поўная дыскрэдытацыя мовы! Я лiчу, што ўсе, хто выкладае мову, павiнны прымаць нейкую клятву вернасцi ёй. Такiя людзi павiнны быць узорам, тады i маладое пакаленне будзе вывучаць родную мову".
Алег Трусаў вядзе ўмоўны рэйтынг заслуг ведамстваў у справе беларускасцi. На рахунку Мiнiстэрства адукацыi — iнiцыятыва перавесцi выкладанне геаграфii i гiсторыi Беларусi ў рускамоўных школах на рускую мову. "Праўда, мы трохi адбiлi гэту справу — зараз ужо можна i па-беларуску выкладаць, але трэба настаўнiку атрымаць згоду бацькоў, дзяцей. У нас нiбыта дзве роўныя мовы — дык чаму бацькi павiнны пiсаць заявы, каб дзiцё вучылася па—беларуску, а калi вучыцца па-руску, нiякiх заяў не патрэбна... На падставе якiх нарматыўных дакументаў? Вось мая ўнучка ў гэтым годзе першы раз у першы клас збiраецца. Тэлефануе нядаўна настаўнiца з суседняй школы, высвятляе цi пойдзе туды дзяўчынка. Запiшыце, кажу, што яна пойдзе ў беларускамоўны клас. Мы ж з ёю толькi па-беларуску гутарым, я ёй мульцiкi на беларускай мове прыношу. Як бачыць мяне, адразу — "Дзед, давай па-беларуску". А мне ведаеце што настаўнiца адказвае — шукайце iншую школу. Няўжо я не магу аддаць унучку ў суседнюю школу? Чаму я павiнен яе вазiць некуды як у рэзервацыю? Пытанне гэта трэба падымаць на старонках выданняў. Нават у ВНУ сiтуацыя з мовай, як нi дзiўна, лепей, чым у школах. Калi выкладчык хоча працаваць па-беларуску, рэктар яму звычайна не перашкаджае, а дзе можа, дык цiхенька i падтрымае. Большасць студэнтаў выражае заахвочанасць".
Самы лепшы прапагандыст мовы па версii ТБМ — Мiнiстэрства сувязi i iнфарматызацыi. "Вось яму мы выказваем велiзарную падзяку, на ўсе нашы прапановы там адказваюць станоўча, выпускаюць шыкоўныя маркi, канверты — розную паштовую прадукцыю на беларускай мове. Нядаўна якраз выпусцiлi канверт да юбiлею горада Лiды".
"Структуры Мiнiстэрства iнфармацыi трымаюцца няблага. З iх дапамогай вярнулi каляндар "Родны край". Зараз нам паведамiлi, што яны павялiчваюць наклад з 7 да 12 тысяч — так што людзям варта ўжо зараз заказваць "Родны край" у кнiгарнях. Трэба выпускаць i насценныя беларускамоўныя календары. Чаму б "Звяздзе" гэтым не заняцца? У вас жа ёсць цудоўныя календары — я б раiў пусцiць iх у вольны продаж! (Дарэчы, у ТБМ звяздоўскi каляндар з выявай Мiрскага замка — на вiдным месцы. — Аўт.). Нядаўняя сустрэча з Аляксандрам Зiмоўскiм, гендырэктарам Белтэлерадыёкампанii паказала — пакуль што ён сваё слова трымае. Нават з’явiўся анонс газеты ТБМ "Наша слова" па першым канале ўпершыню за ўсё яе iснаванне. I колькасць беларускамоўных перадач пачала павялiчвацца. У навiнах на першым канале ўжо нарэшце трапляюцца беларускамоўныя сюжэты. Так што, няхай i невялiчкiя, але зрухi ёсць, гэта адчуваецца".
Чарговая хваля адраджэнняУ чыноўнiцкiм лагеры, паводле пераканання спадара Трусава, таксама не ўсё згублена — "зараз, дзякуй боку, iдзе ратацыя чынавенства ў лепшы бок. Старыя савецкiя чыноўнiкi адыходзяць на пенсiю па ўзросце — на змену iм прыходзяць маладыя, а гэта дзецi беларускага адраджэння. Яны гадоў 15 — 20 таму хадзiлi ў беларускамоўныя класы, ведаюць нашу гiсторыю, сiмволiку, вольна могуць карыстацца моваю. Я шмат езджу па Беларусi i бачу, як у раёнах усё мяняецца з прыходам новых хлопцаў. Iнiцыятывы на месцах растуць, як грыбы. I мы, вядома ж, iх падтрымлiваем. Тым больш што ТБМ, мабыць, адзiная арганiзацыя, якая заўжды вiншуе ўсiх прызначаных прэзiдэнтам чыноўнiкаў. У кожным вiншаваннi мы нагадваем, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, каб такi чыноўнiк шырока карыстаўся беларускай мовай".
Старшыня ТБМ прызнаецца, што лiтаральна палову яго жыцця займае перапiска з чынавенствам: "Мы пiльна адсочваем сiтуацыю: калi нешта не па-беларуску — мы тут жа прэтэнзii накiроўваем, а як толькi з’явiлiся ў горадзе расцяжкi з вiншаваннямi па-беларуску — адразу ж удзячнасць мэру пiшам. Мiхаiл Паўлаў жартуе, што толькi ТБМ яму дзякуе, маўляў, астатнiя — альбо маўчаць, альбо лаяць. Дарэчы, менавiта мэр стварыў беларускамоўную гiмназiю ў цэнтры Менска на базе 23 школы. Яна актыўна працуе, i нават чарга ёсць — не так проста туды дзiцёнка ўладкаваць".
Дыктоўка як народнае святаАдна з найбольш неардынарных iнiцыятыў ТБМ — агульнанацыянальная дыктоўка, ужо другая па лiку. "Першая ў мiнулым годзе выклiкала вялiкi рэзананс, дыктоўку пiсалi беларусы ва ўсiм свеце: ад вёсак — да Канады i Амерыкi. У гэтым годзе мы працягваем традыцыю i прапануем тры даты: 21 лютага — дзень роднай мовы, тым больш, 10-я ўгодкi па лiнii ЮНЕСКА; 15 сакавiка — 15 год першай Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, дзе беларуская мова стала адзiнай дзяржаўнай мовай, мы павiнны гэту дату шанаваць; 25 сакавiка — 91 год абвяшчэння БНР, калi ўпершыню ў 20 стагоддзi паспрабавалi беларускую мову абвясцiць дзяржаўнай...".
Першымi на iнiцыятыву таварыства адгукнулiся сёлета беларусы Беласточчыны — запэўнiлi, што дыктоўку будуць пiсаць шмат у якiх раёнах на ўроках беларускай мовы. "Не сумняваюся, што падтрымаюць нас дыяспары ва ўсiм свеце. А радыё "Рацыя" нават будзе агучваць тэкст дыктоўкi, каб кожны ахвотны змог яе напiсаць. Тым больш, што ў гэтым годзе новы тэкст дыктоўкi: акрамя папярэдняга (на словы Францiшка Багушэвiча), мы бяром i тэкст Уладзiмiра Караткевiча, прысвечаны роднай мове. Хто хоча, можа i трэцi варыянт узяць: самае галоўнае не столькi тэкст, колькi ўдзел".
У ТБМ спадзяюцца, што традыцыя ўмацуецца: "Мы хочам, каб агульнанацыянальная дыктоўка прыжылася i стала ўсенародным святам, якое яднае беларусаў ва ўсiм свеце, i не толькi беларусаў — усiх аматараў беларускага. Напрыклад, у мiнулы раз у нас пiсалi дыктоўку амбасадары больш чым 10 краiн свету . У гэтым годзе мы зноў iх запрасiлi. Некаторыя амбасадары цудоўна валодаюць беларускай мовай, як напрыклад, амбасадар Швецыi Штэфан Эрыксан, якi дарэчы i перамог летась. Ведаю, што англiйскi амбасадар Найджэл Гуд-Дэвiс пачаў вывучаць беларускую мову, а ў мiнулы раз ён пiсаў дыктоўку па-англiйску — яму сiнхронна перакладалi тэкст...".
"Лепш трасянка, чым яе адсутнасць"У будучыню старшыня ТБМ глядзiць усё ж з аптымiзмам: "У цэлым зрухi ёсць. Папулярнасць i павага да мовы ў беларусаў расце з кожным годам — асаблiва ў Мінску i буйных гарадах. Яшчэ гадоў пяць таму, памятаю, запоўнiш рускамоўны бланк па-беларуску — колькi спрэчак, праблем... А сёння — нiякiх пытанняў. Спадзяюся, што i Дзень роднай мовы будзе адсвяткаваны на дзяржаўным узроўнi".
Алега Трусава зусiм не бянтэжыць, калi людзi гавораць на трасянцы: "Лепш трасянка, чым яе адсутнасць. З трасянкi народ пяройдзе i на лiтаратурную мову", — упэўнены суразмоўца. А звярнуць да беларускасцi школу, паводле яго меркавання, можа ... унiверсiтэт: "Калi мы перавядзём навучанне ва ўнiверсiтэтах на беларускую мову, бацькi, якiя сёння прагнуць навучання для свайго дзiця па-руску, будуць стаяць пiкетамi, каб яно вучылася па-беларуску". Пры гэтым старшыня ТБМ запэўнiвае, што беларусiзацыя школы для яго не iдэя фiкс: "Самае галоўнае — беларусiзацыя сям’i". А канчаткова расставiць усе кропкi над "i" дапаможа яшчэ адзiн пастулат, якiм карыстаецца Алег Трусаў, — "Беларус размаўляе на мове начальства. Як толькi чынавенства загаворыць па-беларуску, народ загутарыць разам з iм".
"Звязда", фота tut.byГл. таксама:Адказы Алега Трусава на пытанні наведвальнікаў партала ТУТ.БАЙ