галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
21 лютага – Міжнародны дзень роднай мовы, заснаваны ЮНЕСКА ў 2000 г. У Магілёве гэтае свята адзначылі напісаннем ІІ Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Арганізавалі мерапрыемства клуб “Натхненне” пры Палацы культуры вобласці і Магілёўская гарадская арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)

Нагадаем, што з нагоды 90-х угодкаў абвяшчэння БНР Таварыства беларускай мовы прыняла актыўны ўдзел у напісанні І Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Мерапрыемства адбылося ў сакавіку 2008 г. не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы.

Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
Магілёўцы пішуць дыктоўку. 21 лютага 2009 г. Фота mahilou.org


Сёлета Агульнанацыянальная беларуская дыктоўка праводзіцца ў тры этапы, прымеркаваныя адпаведна да Міжнароднага дня роднай мовы (21 лютага); 15-годдзя першай Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, дзе беларуская мова стала адзiнай дзяржаўнай мовай (15 сакавіка); 91-й гадавіны абвяшчэння БНР (25 сакавіка).

Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
Магілёўцы пішуць дыктоўку. 21 лютага 2009 г. Фота mahilou.org


Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
Магілёўцы пішуць дыктоўку. 21 лютага 2009 г. Фота mahilou.org


Адзначыць Дзень роднай мовы ў Палац культуры вобласці прыйшло каля 50 магілёўцаў. Першае, што кінулася ў вочы, – упрыгожаныя велізарнымі банерамі-плакатамі з мінулых вандровак і іншых мерапрыемстваў сцены памяшкання. Усё гэта выдатна ілюстравала дзейнасць таварыства па пашырэнні беларушчыны: арганізацыя шматлікіх падарожжаў, вечарын з удзелам літаратараў, музыкаў, грамадскіх дзеячаў і многае другое. Адну з сцен залі ўпрыгожвалі партрэты беларускіх пісьменнікаў – людзей, якія даказалі, што па-беларуску можна ствараць шэдэўры сусветнай літаратуры.

Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
Магілёўцы пішуць дыктоўку. 21 лютага 2009 г. Фота mahilou.org


У гэты дзень людзей самых розных прафесій і ўзростаў аб’яднала менавіта любоў да беларушчыны, шчырае жаданне берагчы і шанаваць родную мову. Пасля уступнага слова старшыні Магілёўскага ТБМ Алега Дзьячкова настаўніца вышэйшай катэгорыі гарадской гімназіі №1 Ганна Бандарэнка прадыктавала прысутным тэкст Уладзіміра Караткевіча “Родная мова”.

Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
Магілёўцы пішуць дыктоўку. 21 лютага 2009 г. Фота mahilou.org


Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
Магілёўцы пішуць дыктоўку. 21 лютага 2009 г. Фота mahilou.org


У другой частцы свята яго ўдзельнікі пачулі вершы з сучаснай беларускай, украінскай і амерыканскай паэзіі, якія вельмі эмацыйна прачытаў малады магілёўскі паэт Віталь Рыжкоў, а таксама створаную менавіта да свята песню пра надыход вясны ў выкананні сяброў ТБМ Арцёма і Русланы. Напрыканцы свята Магілёўскае ТБМ павіншавала Г. Бандарэнку з нядаўнім юбілеем.

Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
Падарунак для Ганны Бандарэнка. 21 лютага 2009 г. Фота mahilou.org


Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
Магілёўцы пішуць дыктоўку. 21 лютага 2009 г. Фота mahilou.org


Скончылася ж мерапрыемства, дэвізам якога сталі словы Францішка Багушэвіча “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!”, падзякай прысутным за неабыякавасць да беларушчыны і запрашэннем актыўна далучацца да дзейнасці ТБМ па адраджэнні стаўлення да беларускай мовы як да нацыянальнай святыні.

Юрась Каласоўскі

Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
Магілёўцы пішуць дыктоўку. 21 лютага 2009 г. Фота mahilou.org



Прапануем вашай увазе тэкст ІІ Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі

Родная мова

Мова Скарыны і Буднага, мова Багдановіча і Купалы, Багушэвіча і Коласа, мова соцень геніяў, што яшчэ прыйдуць. Мова інтэлігентаў беларускіх, імя якім – легіён. Мова настаўнікаў і паэтаў, вучоных і кампазітараў, але перш за ўсё мова дзесяці мільёнаў людзей па ўсім свеце – ад Уругвая да Далёкага Усходу і, галоўнае, на нашай беларускай зямлі.

Мова першай матчынай калыханкі і апошняга “бывай”, мова старадаўніх архіваў і новых школ, мова пажаўцелых статутаў і мова кахання. Мова плытагонаў, сялян, акадэмікаў і шахцёраў на саляных капальнях. Мова, якая можа ўсё: можа сказаць словы нявыказанай пяшчоты і можа ўдарыць так, што не ўстанеш.

У старадаўнія часы, калі яшчэ не склаліся нацыі, мова магла зрабіцца мёртвай мовай, як латынь. У новы час скон немагчымы для кожнай больш-менш развітай мовы. Мова неўміручая. Ірландская, валійская, баскская, іўрыт, мовы народаў Афрыкі, якія сотні год ляжалі ў заняпадзе, усталі. Бо мова – душа народа, і толькі на ёй можа народ найбольш поўна выказаць сябе.

Мова вечная, бо ўся яна як наш характар. Здаецца, кволая ад пяшчотнай мяккасці, яна раптам кідае наверх схаваную ад усіх жалезную мужнасць і сілу. І, як быццам дамогшыся свайго, б’е, як перапёлка ў жытах, – мякка, а за тры вярсты чуваць.

Дык што ж лепей за цябе, мова мая, мова наша?! За цябе, даўняя, за цябе, вечна жывая, за цябе, неўміручая?!

(Паводле Уладзіміра Караткевіча)



Пасля дыктоўкі:

Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
Віталь Рыжкоў. Магілёў, 21 лютага 2009 г. Фота mahilou.org


Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
Арцём і Руслана. Магілёў, 21 лютага 2009 г. Фота mahilou.org



Гл. таксама:

Другая агульнабеларуская дыктоўка пройдзе ў тры этапы
Наступную дыктоўку напішуць і чыноўнікі?
Магілёўцы адзначылі Дзень беларускага пісьменства дыктоўкай
У Магілёве пісалі дыктоўку (фота)
Амбасадары Польшчы, Ізраіля, Балгарыі напісалі дыктоўку

20:52 21.02.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы