галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

«Іпонія» захапіла Беларусь
Дзень роднай мовы быў абвешчаны з мэтаю, каб захаваць адну з самых галоўных характэрных рысаў кожнага народа -- мову. Лінгвісты сьцьвярджаюць, што разам з мовай траціцца адна з адметнасцяў нацыі.

Хоць беларуская мова й выкладаецца ў школах, на ёй выходзяць газэты й кнігі, але лінгвіст Зьміцер Саўка ня бачыць падставаў для аптымізму, бо лічыць, што расейская мова ўсё больш упэўнена займае пазыцыі ў Беларусі. Калі 20-30 гадоў таму, паводле ягоных назіраньняў, большасьць беларусаў яшчэ гаварыла на трасянцы, то бок беларускі элемэнт хоць у такім выглядзе прысутнічаў, дык цяпер, дзякуючы тэлевізіі, у першую чаргу, адбываецца татальная русыфікацыя.

Зьміцер Саўка: Нечаму вуху вельмі прыемна чуць нескажоную расейскую мову. «Вось паглядзіце, у нас адукацыя крочыць!», але разам з адукацыяй, разам з тым, што мова робіцца больш багатай, беларускі элемэнт траціцца з кожным годам. Беларускай мовы ў трасянцы робіцца ўсё меней. І сама трасянка паступова зьнікае, замяняючыся правільнаю літаратурнаю расейскаю моваю.

За савецкім часам карэспандэнт з Грузіі ў галоўнай інфармацыйнай праграме «Время» на першым канале тэлебачаньня са сталіцы СССР Масквы гаварыў, вядома, па-расейску, але тое, што ён грузін, выдаваў моцны акцэнт, якога карэспандэнт, здаецца, нават ня меў намеру пазбыцца. Беларусы моцна стараліся гаварыць па-расейску так прыгожа, каб і не адрозьніць. На жаль, атрымалася.

Зьміцер Саўка: Сапраўды, беларусы маюць пэўныя вымаўленчыя асаблівасьці. Напрыклад, раней адсутнічала «іканьне». Беларусы казалі: «Японія». На жаль, уплыў тэлевізіі прыводзіць, што ўзорам робіцца вымаўленьне праз «і». Ненаціскное «я» вымаўляецца як «і» -- «Іпонія». Я цяпер нават ад беларусаў гэта чую. Знакамітае «дзеканьне-цеканьне». Здавалася, вось гэтага ад нас ніхто не адыме! Так, яно застаецца, аднак характар мяняецца! Беларускае «дзеканьне-цеканьне» так званае мокрае, густое. Мусіць утварацца шумны гук па-беларуску. А цяпер мы чуем сухія гэтыя гукі, на ўзор расейскага, маскоўскага «дзеканьня». Насьмешка акалічнасьці! Маскоўскае «дзеканьне» пайшло пад уплывам беларусаў зь Мяшчанскай Слабады. Ад продкаў беларусаў, якіх тысячамі маскоўцы выводзілі ў Маскву, Падмаскоўе, і «дзеканьне» паступова ператваралася ў адзнаку маскоўскага кайнэ, маскоўскага дыялекту. А сталіца вызначае моду. Сёньня чалавек, які нарадзіўся й выгадаваўся ў Менску, і чалавек, выгадаваны ў Маскве, гавораць практычна тою самаю моваю. Нас ад расейцаў ужо аддзяляе мінімум, ледзь заўважны на слых.

У 90-я гады беларуская мова знаходзілася на 111-м месцы ў сьпісе, які складалі 350 пісьмовых моваў сьвету.

Польскае радыё

17:25 21.02.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы