Прэзэнтацыя новай кнігі “Наша страва” з удзелам укладальніка Алеся Белага адбылася ў Магілёве. Прэзэнтацыі прайшлі ў трох месцах: у Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Аркадзя Куляшова, ва ўнівэрсытэце харчаваньня ды ў прыватным грамадзкім цэнтры. Кнігу “Наша страва” магілёўцам прадставіў гісторык, дасьледчык матэрыяльнай культуры беларусаў Алесь Белы. Выданьне ўтрымлівае дзесяць разьдзелаў, сярод якіх – “Супы”, “Стравы з бульбы”, “Стравы з рыбы”, “Малочныя прадукты”, “Алькагольныя напоі”.  На старонках кнігі, праца над якой працягвалася восем гадоў, аўтары прапануюць чытачам даведацца, якой была традыцыйная беларуская кухня, чым ёсьць прыстойная беларуская карчма, якая гісторыя ў нацыянальных страваў. Алесь Белы лічыць, у першую чаргу кніга “Наша страва” павінна зацікавіць людзей, чыя прафэсія зьвязаная з кулінарнай ды гастранамічнай культурай. Аднак, як зазначыў гісторык, сустрэчы ў Магілёве паказалі, што студэнты з гуманітарнага ўнівэрсытэту выявілі большае зацікаўленьне новым выданьнем, чым студэнты ўнівэрсытэту харчаваньня. www.radyjo.net 15:07 27.02.2009 |