“Сустракаем вясну ў падарожжы” – менавіта пад такім дэвізам 1 сакавіка адбылася чарговая вандроўка Магілёўскага ТБМ. У паездку па маршруце Шклоў – Александрыя – Копысь – Ляўкі выправілася каля 40 магілёўцаў. Шклоў. Тут удзельнікі вандроўкі азнаёміліся з экспазіцыяй мясцовага краязнаўчага музея, пасля чаго наведалі касцёл Св. Пятра і Паўла. Не засталіся па-за ўвагай і вядомыя помнікі архітэктуры - Спаса-Праабражэнская царква, будынак сінагогі і, вядома ж, шклоўская ратуша.

Шклоўская ратуша. Фота mahilou.org
Шклоўскі краязнаўца Аляксандр Грудзіна. Фота mahilou.org
Ля касцёла. Фота mahilou.org Александрыя. У адным з найбуйнейшых аграгарадкоў раёна давялося пабачыць шыкоўны спартыўны цэнтр з басейнам, новы будынак школы… Але мы наведалі стары, той самы, дзе вучыўся першы прэзідэнт краіны. Некаторыя скарысталіся магчымасцю пасядзець за партай, за якой спасцігаў навуку А. Лукашэнка.

в. Александрыя. Фота mahilou.org

Школа-музей. Фота mahilou.org Побач з Александрыяй знаходзіцца Александрыя-2 – вёсачка, дзе і правёў дзіцячыя і юнацкія гады прэзідэнт. На месцы хаты А. Лукашэнкі – дзве альтанкі.

Новы мост, які спалучае Копысь і Александрыю. Фота mahilou.org Копысь. Гэтаму старажытнаму мястэчку, вядомаму перш за ўсё славутай кафляй, сёлета спаўняецца 950 год. Цяпер з Александрыі сюды вельмі лёгка трапіць па новым мосце. У кафлянай сталіцы мы наведалі замчышча Пятроўскі вал, дзе ў 14-18 стст. існаваў Копыскі замак, і Копыскую гарадскую больніцу, дзе 30 жніўня 1954 г. нарадзіўся А. Лукашэнка.

Замкавы вал у Копысі. Фота mahilou.org
Шыльда на будынку бальніцы ў Копысі. Фота mahilou.org Ляўкі. Тут знаходзіцца мемарыяльны купалаўскі запаведнік, філіял літаратурнага музея Янкі Купалы. Народны паэт жыў і працаваў у Ляўках, дзе знайшоў цішыню і спакой, з чэрвеня 1935 па чэрвень 1941 гг.

Адноўленая дача Янкі Купалы. Фота mahilou.org Экспазіцыя філіяла знаходзіцца ў доме ляснічага М. І. Шыманскага, дзе жыў Я. Купала, пакуль будавалася дача. А ў самім будынку дачы, які згарэў у 1941 г. і быў адноўлены да 100-годдзя з дня нараджэння песняра, адкрыта мемарыяльная экспазіцыя. Акрамя гэтага, у запаведніку варта пабачыць аўтамабіль “шэўрале”, падораны паэту ў 1939 г. па рашэнні ўрада, і помнік самому песняру, які лічыцца адным з найбольш удалых. У Ляўках паэт пададзены скульптарам Анатолем Анікейчыкам у глыбокім смутку, у роздуме над лёсам свайго народа і Радзімы…

"Шэўрале" Янкі Купалы. Фота mahilou.org І хоць сёння пытанні адраджэння беларушчыны ў нашай краіне, як і 70 год таму, застаюцца не менш актуальнымі, гэта яшчэ не нагода адчайвацца. Бо пакуль існуюць людзі, неабыякавыя да беларушчыны, людзі, у душы якіх жыве беларускасць, людзі, у сэрцы якіх палае агонь любові да роднай мовы і культуры, – не памрэ Беларусь. А такіх людзей, як у чарговы раз паказала вандроўка Магілёўскага ТБМ, вельмі многа – далучайцеся і вы!
Юрась Каласоўскі