галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Па Варшаўскім шляху (фота)
У Міжнародны дзень авіяцыі і касманаўтыкі, 12 красавіка, Магілёўская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны зладзіла чарговую вандроўку па маршруце Магілёў - Глуша – Старыя Дарогі – Завалочыцы – Бабруйск – Магілёў. У падарожжа, дэвізам якога стала славутае “Паехалі!” Ю. Гагарына, выправіліся каля 45 магілёўцаў.

Па Варшаўскім шляху (фота)
Бабруйская шаша. Фота mahilou.org


Здавалася, само надвор’е спрыяла правядзенню вандроўкі: нядзеля выдалася вельмі цёплая і сонечная, а краявіды ўздоўж бабруйскай шашы цешылі вока. За Бабруйскам, які на ўездзе ўразіў выглядам падобнага на НЛА лядовага палаца, шлях пралягаў па старой “Варшаўцы”.

Па Варшаўскім шляху (фота)
Лядовы палац у Бабруйску з акна аўтобуса. Фота mahilou.org


Першым прыпынкам на старажытным тракце стала мястэчка Глуша. На малой радзіме славутага беларускага пісьменніка, літаратуразнаўцы Алеся Адамовіча нас сустрэла настаўніца беларускай мовы Таццяна Фёдараўна, якая распавяла пра гісторыю паселішча. Падчас невялічкага шпацыру па ўскраіне мястэчка, у якім дагэтуль стаіць хата А. Адамовіча, давялося пабачыць прыгожую царкву і вятрак, а таксама… школьныя басейн пад адкрытым небам і трасу для біятлона, што шчыра здзівіла.

Па Варшаўскім шляху (фота)
Царква ў Глушы. Фота mahilou.org


Могілкі, дзе пахаваны А. Адамовіч, знаходзяцца ўжо за мястэчкам. Уражвае сваёй веліччу валун на магіле пісьменніка, побач з якой знаходзяцца магілы брата і бацькоў аўтара “Хатынскай аповесці”. Памяць выбітнага беларуса сябры ТБМ ушанавалі ўскладаннем кветак.

Па Варшаўскім шляху (фота)
Вятрак (Глуша). Фота mahilou.org

Праехаўшы яшчэ 40 кіламетраў па “Варшаўцы” (сёння шаша Р43 мяжа РФ – Крычаў – Бабруйск – Слуцк - Івацэвічы), апынуліся на Міншчыне, у Старых Дарогах, дзе нас ужо чакаў гаспадар прыватнага музею краязнавец Анатоль Белы.

Па Варшаўскім шляху (фота)
Басейн пад адкрытым небам. Фота mahilou.org


Не будзе перабольшваннем сказаць, што ўсе падарожнікі былі па-добраму шакаваныя пабачаным: пантэон скульптур з выявамі змагароў за Бацькаўшчыну, мноства карцін, медальёнаў – скарбам гэтага музея пазайздросціць любы дзяржаўны! І разам з ўсім гэтым – непаўторная атмасфера выключнай беларускасці, пашаны і гонару за беларускую мову, культуру, за Беларусь… Дзве гадзіны, паведзеныя ў музеі, праляцелі імгненна, пакінуўшы ўва мне вялікую радасць ад сузірання нашай багацейшай спадчыны і не меншае імкненне надалей шанаваць, вывучаць і берагчы яе.

Па Варшаўскім шляху (фота)
Ускладанне кветак на магілу Алеся Адамовіча. Фота mahilou.org


Вярнуўшыся на Магілёўшчыну, завіталі ў вёску Завалочыцы Глускага раёна. Тут агледзелі сядзібу пач. 20 ст. і бровар канца 19 ст. На жаль, гэтыя прыгожыя будынкі занядбаныя, што, на жаль, так характэрна для Беларусі…

Па Варшаўскім шляху (фота)
Распавядае Анатоль Белы. Фота mahilou.org


Нарэшце, апошнім прыпынкам нашага падарожжа стаў самы вялікі горад пасля абласных – Бабруйск. Вельмі цікавую экскурсію па ім нам правёў старшыня мясцовай суполкі ТБМ Віктар Маліноўскі. Калі будзеце ў гэтым горадзе – абавязкова наведайце крэпасць, якая, нягледзячы на занядбаны стан, уразіць вас веліччу сваіх памераў і магутнасцю ўмацаванняў. Не забудзьце наведаць і помнік ураджэнцу Бабруйшчыны, нашаму славутаму драматургу Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, усталяваны нядаўна ў гарадскім парку ў многім дзякуючы намаганням Бабруйскага ТБМ. Праведайце і бабра на пешаходнай вуліцы – ён, кажуць, прыносіць удачу…

Па Варшаўскім шляху (фота)
Сябры ТБМ з Анатолем Белым. Фота mahilou.org


Удалай атрымалася і вандроўка па старажытным Варшаўскім тракце, якая, пакінуўшы мноства ўражанняў, натхніла нас Беларуссю.

Па Варшаўскім шляху (фота)
Завалочыцы. Сядзіба 1914 г. Фота mahilou.org

Па Варшаўскім шляху (фота)
Завалочыцы - Бровар. 1888 г. Фота mahilou.org

Па Варшаўскім шляху (фота)
Бабруйск - крэпасць. пач. 19 ст. Фота mahilou.org

Па Варшаўскім шляху (фота)
Сябры ТБМ ля помніка бабру. Фота mahilou.org

20:24 17.04.2009
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы