галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Сусветны дзень помнікаў
18 красавіка ўва ўсім свеце адзначаюць Дзень аховы помнікаў. У Беларусі шэраг грамадскіх аб'яднанняў ладзяць экскурсіі па найважнейшых помніках нашага краю. А гісторыкі ды краязнаўцы нагадваюць пра існыя праблемы – тысячы унікальных помнікаў гісторыі і архітэктуры не ўваходзяць у Дзяржаўны спіс культурна-гістарычных каштоўнасцяў, а тыя аб’екты, якім пашчасціла трапіць у рэестры, нярэдка ўсё роўна знішчаюцца.

Аднавіць славутасці, звязаныя з “залатаю эпохаю” Магілёва – сярэднявеччам, – мараць арганізатары экскурсіі па гарадскім парку, які носіць імя Горкага.

Ігар Пушкін, гісторык: "Сюды прыходзілі адпачываць магілёўцы. Тут калісьці было замчышча. Але ў пачатку XIX стагоддзя рэшткі замку былі знішчаныя і быў утвораны парк, які атрымаў назву "Сад Дамбавецкага".

Гісторыкі і культуролагі прызнаюць, што аднавіць замак не ўдасца. Яны прапаноўваюць гарадскім уладам усталяваць помнік, які б нагадваў людзям пра гісторыю гэтага месца. Замест гэтага, чыноўнікі вырашылі ўзвесці ў парку царкву, пад якую ўжо вырыты катлаван.

Ігар Пушкін: "Былі знойдзеныя вельмі каштоўныя рэчы там. Нават рэшткі гэтай замкавай царквы. І ўсё гэтае было выкапана экскаватарам. Гэта, безумоўна, парушэнне заканадаўства".

Да пабудовы царквы ў гістарычным цэнтры Магілёва мясцовыя жыхары ставяцца па-рознаму.

Жыхары Магілёва:

"Моладзь будзе бачыць, што тут царква, і будзе паводзіць сябе меней агрэсіўна, з павагаю ставіцца".

"Будуць прыходзіць сюды... і я не ўяўляю... Вось царква – а вось моладзь і піва. А гэта будзе абавязкова".

"У царкву, мне здаецца, больш сталыя ходзяць, а тут моладзь збіраецца. Яны сядзяць, п'юць, гуляюць, рагочуць на ўвесь парк. Вядома, не месца царкве тут".

Акрамя экскурсіяў па парку, з нагоды Міжнароднага дня аховы помнікаў і мясцінаў, сябры Таварыства беларускай мовы наведалі на старажытных Успенскіх могілках помнікі братоў Гартынскіх, якія зрабілі вялікі ўнёсак у развіццё Магілёва. Паводле старшыні ТБМ, шмат хто з магілёўцаў пра гэтую спадчыну не ведае нічога.

Алег Дзьячкоў, старшыня Магілёўскай арганізацыі ТБМ: "Людзі, якія кожны дзень з гэтаю спадчынаю сутыкаюцца, не ўсведамляюць, што гэта спадчын – духоўная, матэрыяльная".

Тысячы археалагічных і архітэктурных помнікаў Беларусі не ўнесеныя ў спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў. Таму большасць з іх паступова знішчаецца. Пад уяўнай аховаю дзяржавы застаецца толькі каля чатырох з паловаю тысячаў аб'ектаў.

Антон Астаповіч, старшыня Таварыства аховы помнікаў:
"Калі ўнесці нешта ў дзяржаўны спіс, трэ будзе несці хаця б фармальную адказнасць за гэты аб'ект".

Браць на сябе такую адказнасць чыноўнікі вырашаюць нячаста. Таму такія будынкі, як Любанская сінагога канца ХІХ ст., мы хутка зможам пабачыць толькі на здымках.

Жыхар г. Любань: "Няўжо нельга было захаваць адзіны гістарычны будынак, які быў у нашым горадзе?"

У Дзень аховы помнікаў і мясцінаў у шэрагу беларускіх гарадоў людзі наведваюць мясцовыя славутасці, каб яшчэ раз падкрэсліць, што будучыня краіны залежыць ад захаванасці сведчанняў яе мінуўшчыны.

www.belsat.eu

11:50 19.04.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы