5 чэрвеня былы амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка быў прадстаўлены ў якасці новага міністра культуры. З яго прыходам назіральнікі звязваюць пэўныя надзеі і спадзяюцца, што сфера ўжывання беларускай мовы пашырыцца. Латушка па жыцці карыстаецца беларускай мовай і з’яўляецца сябрам ТБМ.  Павал Латушка дакладна ўжо ўвайшоў у гісторыю хоць бы з прычыны таго, што стаў самым маладым беларускім паслом. Калі яго ў 2002 годзе прызначылі амбасадарам Беларусі ў Польшчы, Латушка меў 29 год. Цяперака ў свае 36 дыпламат стаў міністрам. 4 чэрвеня Лукашэнка прызначыў яго на пасаду міністра культуры. Назіральнікі заўважаюць – малады чыноўнік будзе першым беларускім міністрам, які па жыцці карыстаецца беларускай мовай. Кажа палітык Вінцук Вячорка: - Сітуацыя можна змяніцца толькі са зменай рэжыму. Асобна ўзяты спадар Латушка гаворыць добрай літаратурнай мовай. Калі дзякуючы ягонаму міністраванню пашырыцца сфера ўжывання беларускай мовы ва ўстановах культуры, гэта будзе станоўча. Крокам наперад назваў прызначэнне Латушкі міністрам пісьменнік Уладзімір Арлоў: - Я вітаю гэтае прызначэнне, бо я ўпэўнены, што ён будзе публічна гаварыць па-беларуску, чаго не рабілі яго папярэднікі – Матвяйчук і Гуляка. Для ўсёй Беларусі гэта была ганьба, калі міністр культуры не валодаў сваёй мовай. Цікава, што Павал Латушка з’яўляецца сябрам Таварыства беларускай мовы, ён нават браў удзел у з’ездзе арганізацыі, калі быў прэс-сакратаром Міністэрства замежных спраў. Старшыня ТБМ Алег Трусаў упэўнены, што цяпер чыноўнікі ад культуры будуць актыўней размаўляць па-беларуску. - Дзякуючы папярэдняму міністру, мова з культуры пачала знікаць. Я думаю, што цяпер яна вернецца. Добра, што ва ўрадзе будзе беларускамоўны чалавек, бо калі чыноўнік жыве ў сваёй краіне і не карыстаецца яе моваю – давяраць яму не варта. Пра гэта сведчыць мой досвед. Радыё Рацыя 14:25 7.06.2009 |