галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Лявон Драздоў: светлая памяць пра светлага чалавека
Сёння, 2 ліпеня, споўнілася б 60 гадоў шчыраму беларусу Лявону Драздову. І хаця гэтага выдатнейшага чалавека ўжо больш як два гады няма з намі, жыве і будзе жыць светлая памяць пра яго.

Лявон Драздоў нарадзіўся 2 ліпеня 1949 г. на Кругляншычыне. Па заканчэнні Уфімскага нафтавага інстытуту вярнуўся ў Магілёў і ад 1973 г. працаваў на аб’яднанні “Хімвалакно”. Большую частку працоўнага жыцця спадар Драздоў аддаў прафсаюзнай працы. У 1981 годзе яго абралі намеснікам старшыні прафсаюзнай арганізацыі аднаго з цэхаў прадпрыемства. Ад 1986 да 2005 гг. старшыняваў у прафсаюзным камітэце “Хімвалакна”. У сакавіку 2005 г. паводле стану здароўя сышоў з пасады. Ад таго часу загадваў музеем і бібліятэкай прадпрыемства.

На “Хімвалакне” Лявона Драздова ведалі як апантанага барацьбіта за беларускую мову ды культуру. З ягонай ініцыятывы ўтварылася суполка ТБМ, сябрамі якой сталі дзесяцёра чалавек. Лявон Драздоў ладзіў на прадпрыемстве сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі. Спадар Драздоў калекцыянаваў беларускія маркі, меў багаты кнігазбор, шмат вандраваў.

Лявон Драздоў: светлая памяць пра светлага чалавека
Лявон Драздоў (першы з правага боку) з удзельнікамі фэсту "Магутны Божа"


Не стала Лявона Драздова 6 лютага 2007 года. Яму ішоў 58-ы год… Старшыню суполкі Таварыства беларускай мовы вытворчага аб’яднаньня “Хімвалакно” пахавалі на Лаўсанаўскіх могілках.

Да юбілею Лявона Драздова ягоныя сябры і паплечнікі наведалі магілу гэтага светлага чалавека. У бліжэйшы час Магілёўскай суполкай Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны будзе праведзена вечарына памяці Лявона Драздова, а таксама вандроўка па яго роднай Кругляншчыне.

Падрыхтаваў Юрась Каласоўскі


Гл. таксама:

Вянок памяці: Лявон Драздоў
Заўчасна пайшоў з жыцця Лявон Драздоў (архіўныя здымкі)

20:56 2.07.2009
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы