Дарагія сябры! Прапануем вашай увазе трэцюю частку фотарэпартажа з вандроўкі Магілёўскага ТБМ па цэнтральнай і паўночнай Віцебшчыне. У гэтай частцы фотасправаздачы прадстаўлены найлепшыя здымкі з Мёршчыны: самы маленькі горад Беларусі Дзісна і беларуская Атлантыда – вёсачка Лявонпаль, якая мае надзвычай багатую і насычаную на падзеі гісторыю.
У Дзісне мы пабачылі прыгожыя краявіды сутокаў Заходняй Дзвіны і Дзісны, а таксама рэшткі касцёла франішканцаў 18 ст. і Васкрасенскую царкву 19 ст. А вось у Лявонпалі нас чакалі Троіцкая царква 18 ст., мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 1791 г., сядзіба Лапацінскіх 18 ст. і вельмі цікавы музей…
Далучайцеся да падарожжаў Магілёўскага ТБМ!

Васкрасенская царква

сутокі Дзвіны і Дзісны

мост праз Дзісну на ўездзе ў горад

ТБМ на беразе Заходняй Дзвіны

касцёл францішканцаў

недарэчнае суседства

касцёл францішканцаў усярэдзіне (Дзісна)

сядзіба Лапацінскіх у Лявонпалі

сядзіба Лапацінскіх у Лявонпалі

Троіцкая царква ў Лявонпалі

Троіцкая царква ў Лявонпалі

Троіцкая царква ў Лявонпалі

мемарыяльная калона

мемарыяльная калона

драўляны ровар (музейны экспанат)САМЫ МАЛЕНЬКІ ГОРАД БЕЛАРУСІ
Дзісна - горад раённага падпарадкавання ў Мёрскім раёне. 2,4 тыс. жых. (2004 г.). Размешчаны на р. Дзісна пры яе ўпадзенні ў Заходнюю Дзвіну. Знаходзіцца за 45 км ад Мёраў на аўтадарозе Мёры — Полацк.
Полацкія крывічы заснавалі Дзісну на мысе правага берага Дзісны ў Х ст., пабудаваўшы крэпасць Капец-гарадок. Побач з замкам на левым беразе Дзісны ўзнікла паселішча, якое ў пісьмовых крыніцах згадваецца з 1461 г. як «двор Дзісна». У пісьмовых крыніцах згадваецца з 14 ст. як умацаваны замак, які выконваў ролю фарпоста Полацка на Заходняй Дзвіне, кантраляваў увесь рух па рацэ і подступы да сталіцы Полацкай зямлі.
Дзісна была абарончай фартэцыяй на Дзьвіне. У 1567 г. Дзісна атрымала свой першы герб: «тры вежы з муру»; у 1569 г. — прывілей на магдэбургскае права і новы герб: ладдзя ў блакітным полі. 3 1570 г. дзейнічала мытня.
У перыяд Лівонскай вайны 1558—1583 гг. былі адноўлены ўмацаванні Дзісенскага замка. Колькасць насельніцтва Дзісны павялічылася за кошт былых абаронцаў і жыхароў Полаччыны, якія здолелі выратавацца пасля ўзяцця Полацка войскамі Івана IV у 1563 г. Іван Жахлівы да Дзісны не дайшоў, таму сюды збеглі багатыя полацкія купцы і шляхта. Тут збіраў войскі Сьцяпан Батура, каб вызваліць Полацак.
У 16 ст. у Дзісне склаліся два архітэктурна-планіровачныя цэнтры: ЗАМАК (у 1655 г. — 14 вежаў, 2 брамы; 40 гармат) з гандлёвай плошчай, жылымі дамамі, арсеналам і ЧАСТКА ГОРАДА НА ЛЕВЫМ БЕРАЗЕ ДЗІСНЫ з ратушай, гандлёва-рамесніцкім цэнтрам. Тут былі пабудаваны 3 царквы: праваслаўныя Васкрасенская і Узвіжанская, уніяцкая Міхайлаўская; драўляны парафіяльны касцёл, касцёл і кляштар каталіцкага манаскага ордэна францысканцаў.
У 17 ст. Дзісна — цэнтр староства Полацкага ваяводства, гандлёва-рамесніцкі цэнтр; штогод праводзіліся 3 кірмашы. Горад і жыхары пацярпелі ў час ваенных дзеянняў 1654—1667 і 1700— 1721 гг., і ад пажараў 1649, 1700, 1720 гг., эпідэміі чумы 1710 г.
3 1793 г. Дзісна знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, з'яўлялася цэнтрам аднайменнага павета Мінскай, з 1842 г. Віленскай губерняў. Значны ўрон Дзісне і яе гаспадарцы нанеслі пажары 1865, 1872, 1882 гг., паводкі 1870 і 1878 гг.
Перад пажарам 1882 г. вядомы рускі падарожнік П.П. Сямёнаў-Цян-Шанскі назваў Дзісну лепшым горадам Віленскай губерні. У 1904 г. тут 9113 жыхароў, 56 вуліц і завулкаў, 2 плошчы, 2 царквы, касцёл (былы францысканскі), 7 яўрэйскіх малітоўных дамоў, 5 школ, 2 бібліятэкі, друкарня, бальніца. У 1908 г. пачалося будаўніцтва царквы Адзігітрыі, у 1910 г. дзейнічаў малітоўны дом старавераў.
3 1921 г. горад — у складзе Польшчы, цэнтр Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. У 1939 г. - 905 дамоў, 6073 жыхары.
У Вялікую Айчынную вайну акупавана гітлераўцамі, якія стварылі тут лагер смерці (14.06.1942 г. расстралялі 3800 чалавек).
У 1944 г. у Дзісне засталося 55 будынкаў, 1200 жыхароў.
Пасля вайны горад адбудаваны, з 3.10.1959 г. у складзе Мёрскага раёна.
Дзісна — горад прыгожы. Прыгожы не толькі сваім месцазнаходжаннем, на вострым мысе, дзе зліваюцца дзве ракі, Дзвіна з Дзісною. Але перш-наперш напоўненасцю гістарычнымі помнікамі, што цудам ацалелі ў мінулым стагоддзі. Валы крэпасці Сьцяпана Батуры, касцёл францішканцаў, дзе быў штаб паўстанцаў 1831 году, сядзіба Кастравіцкіх, тых самых, што далі Гіёма Апалінэра і Каруся Каганца.
Два стагоддзі таму гэта быў другі па колькасці насельніцтва горад на Полаччыне. На сутоку Дзісны і Дзвіны цудоўныя краявіды.
Мне святыя клічуць з неба:
“Пакінь Дзісну, жыві ў раю”.
Я ў адказ: “Мне рай не трэба.
Люблю, як сын, Дзісну маю”.
Дзісна над берагам віруе.
Сады аздобіла вясна.
Нічога ў неба не прашу я,
Зямны ёсць рай — мая Дзісна.
Генадзь ДзямешкаЛЯВОНПАЛЬ – беларуская Атлантыда
Лявонпаль – прыгожая і гучная назва, праўда? Усё, што ёсць там – сядзіба, царква, калона і нават назва вёскі, – звязана з імем магнатаў Лапацінскіх.
Мікалай Тадэуш Лапацінскі, атрымаўшы мястэчка Чурылавічы ва ўласнасць, даў яму новае імя ў гонар свайга бацькі Лявона Лапацінскага – Лявонпаль. Менавіта тут Мікалай Лапацінскі вырашыў заснаваць сваю галоўную загарадную рэзідэнцыю. Для гэтага ён запрасіў сюды аднаго з самых вядомых італьянскіх архітэктараў А. Гену. Па яго праекце ў 1768-69 гг. была ўзведзена Лявонпальская сядзіба – палац у стылі позняга барока. Побач з палацам Лапацінскі разбіў французскі парк на тэрасах. Сядзіба Лапацінскіх – самы старажытны будынак Мёрскага раёна ў стылі барока. Таўшчыня сцен каля 1 м. Ад сядзібы ацалелі сядзібны дом, брамы і парк.
Мікалай Тадэвуш Лапацінскі (1715-1778) быў чалавекам вялікага розуму, здольным і працавітым, сапраўдным арыстакратам. Добры прамоўца і палітычны стратэг, Мікалай Лапацінскі не аднойчы абіраўся паслом на Сойм, займаў пасаду вялікага літоўскага пісара, здолеў атрымаць сенатарскую пасаду ваяводы берасцейскага. Ён ліставаўся з многімі дзяржаўнымі дзеячамі Рэчы Паспалітай, уключаючы і самога караля Станіслава-Аўгуста Панятоўскага. Лапацінскія не хацелі адставаць ад “заканадаўцаў мод” той пары – Радзівілаў. У Лявонпалі меліся 4 карціны Пітэра-Пауля Рубенса, збор фламандскіх пейзажаў, карціны англійскіх мастакоў-марыністаў, калекцыя антычнага мастацтва, вялікая колькасць кніг, друкарня і добра абсталяваныя фізічная і хімічная лабараторыі.
Акрамя пабудовы сваёй сядзібы, Мікалай Лапацінскі шмат грошай ахвяраваў на будаўніцтва храмаў па ўсёй акрузе. Так, на яго сродкі былі ўзведзены уніяцкія цэрквы ў Шаркаўшчыне, Росіцы і Лявонпалі. Гэта былі драўляныя храмы з рысамі барока і народнага дойлідства.
Лявонпальская царква (1774-1782) уяўляла сабой храм з дзвюма высокімі вежамі на галоўным фасадзе. Будоўля вялася без цвікоў і толькі праз 100 год цвікі выкарысталі пры шаляванні сцен. Побач з храмам знаходзілася званіца пад шатровым дахам. У 19 ст. царква была перададзена праваслаўным. Пазней вежы былі зруйнаваны, а над дахам надбудаваны невялікі купал. У такім выглядзе Свята-Троіцкая царква захавалася дагэтуль, гэта твор народнага дойлідства з рысамі барока.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе Лявонпаль апынуўся ў памежнай зоне – усходні бераг Дзвіны быў захоплены Расійскай імперыяй. Новая дзяржаўная мяжа прайшла акурат па маёнтках Лапацінскіх. Мікалай Лапацінскі, маючы трох сыноў і дзелячы паміж імі спадчыну, аднаму з іх вымушаны быў адпісаць маёнткі, што знаходзіліся па другі бок мяжы.
3 мая 1791 года Вялікі сойм прыняў новую Канстытуцыю. Яна стала трэцяй дэмакратычнай канстытуцыяй ў свеце пасля паўночна-амерыканскай і французскай. Спецыяльная камісія працавала над ёй больш за 2 гады. Канстытуцыя адмянала выбарнасць караля, канфедэрацыі і права liberum veto, выканаўчую уладу перадавала каралю і радзе міністраў, ліквідавала падзел краіны на Карону Польскую і ВКЛ.
Летам 1791 года новы гаспадар Лявонпаля – Ян Нікадзім Лапацінскі, сын Мікалая Тадэвуша Лапацінскага – загадаў узвесці памятную калону ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 года. У вольны Ян Лапацінскі займаўся гравёрскай справай, таму графічны накід мураванага слупа ён зрабіў уласнаю рукою. Месца для калоны было абрана на ўзвышшы побач з ракой “на віду у грозного непріятеля”.
Падобныя калоны і стэлы ў стылі класіцызму тады будаваліся патрыятычна настроенай беларускай шляхтай паўсюль. Пазней у сваёй большасці яны былі знішчаны.
І хаця пасля другога падзелу Рэчы Лявонпаль з ваколіцамі і калонай у гонар Канстытуцыі апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, Ян Нікадзім Лапацінскі ў пач. 19 ст. заснаваў у Лявонпалі адну з першых у рэгіёне ткацкіх фабрык, абсталяванне для якой былі набытыя ў далёкай Англіі. Гэтая фабрыка стала знакамітай на ўсю Беларусь дзякуючы вытворчасці тут льняных вырабаў (абрусы, палотны, сурвэткі).
На жаль, росквіт Лявонпаля быў нядоўгім. У 1831 годзе за ўдзел Лапацінскіх у паўстанні сядзіба была захоплена казакамі, якія яе разрабавалі. Яны паспрабавалі спаліць палац, але ён захаваўся.
На гэтым беды не скончыліся. У 1841 годзе мясцовыя сяляне, у большасці сваёй уніяты, адмовіліся пераходзіць у праваслаўе і зладзілі ўзброены чын супраць знішчальнага атраду расійскай арміі, які быў накіраваны сюды па просьбе святара. Бунт быў падаўлены, мясцовыя уніяцкія цэрквы сталі праваслаўнымі, а сядзіба была канфіскавана ў Лапацінскіх і перададзена ў дзяржаўную ўласнасць, пасля чаго прыйшла ў поўнае занядбанне.
Падчас рэформаў міністра Кісялёва у 1845 годзе Лапацінскім пашчасціла і яны зноў сталі гаспадарамі Лявонпаля. Станіслаў Лапацінскі (1851-пасля 1930) капітальна адрамантаваў палац да шлюбу свайго сына Эўсебіюша.
Аднавіць былую веліч Лявонпальскай сядзібы спрабаваў у пач. 20 ст. гісторык і знакаміты калекцыянер Эўсебіюш Лапацінскі (1882-1961). Ён пашырыў парк, адрамантаваў палац і размясціў у ім багаты збор карцін, гравюр, медалёў і манет. Сядзіба зноў стала культурным цэнтрам краю. Але перыяд адраджэння быў кароткім. Ваенныя дзеянні Першай сусветнай вайны не зачапілі Лявонпаль, затое падчас савецка-польскай вайны 1919-1921 лінія фронту нейкі час як раз праходзіла па Дзвіне, і артылерыя Чырвонай Арміі неаднаразова абстрэльвала заходні бераг, значна пашкодзіўшы палац.
Пасля падзелу Беларусі паміж Польшчай і Расіяй Лявонпаль увайшоў у склад адноўленай Рэчы Паспалітай. Жыхары ніяк не маглі сабраць неабходныя сродкі для аднаўлення мясцовых храмаў. Улічваючы гэта, Эўсебіюш Лапацінскі, які ў гэты час пастаянна жыў у Вільні, аддаў Лявонпальскі палац пад касцёл і прафінансаваў яго перабудову. Такое пераўтварэнне палаца ў храм з’яўляецца унікальным для Беларусі. На жаль, гэта прывяло да знішчэння каштоўных інтэр’ераў 18 ст.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Лявонпальская сядзіба ацалела. Пасля вайны – перададзена калгасу, які размясціў тут невялікі малаказавод. У 1960-я гады Лявонпальскі палацава-паркавы комплекс атрымаў статус рэспубліканскага помніка гісторыі і культуры. У яго памяшканнях размясціўся спачатку сельскагаспадарчы тэхнікум, а потым – спецшкола. Апошнім гаспадаром палаца і парка стаў Беларускі інстытут культуры, які прыстасаваў будынак пад прафілакторый.
Таксама ў Лявонпалі ёсць адразу два цікавыя музеі - Музей радзімазнаўства і народны музей “Хата бабы Ядзвінні”. Абодва яны створаны па ініцыятвыве і намаганнямі славутага лявонпальца - паэта Сяргея Панізніка. Экспазіцыя Музея радзімазнаўства складаецца з больш чым 3000 прадметаў. У ім ужо не хапае месца, і новыя экспанаты даводзіцца размяшчаць у мясцовым клубе.
У прыватнасці, у Музеі радзімазнаўства захоўваюцца такія арыгінальныя рэчы як драўляны ровар, гармонік пачатку 20 стагоддзя, Евангелле (1914 г.), “Беларускі каляндар” (1910 г.) і іншыя. На жаль, сродкаў, каб зберагаць гэта багацце, не хапае.
Верым, што хутка ўсё зменіцца і Лявонпаль стане адной з перлін турызму.
Гл. таксама:“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 2 “Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 1Па Варшаўскім шляху (фота)Магілёў-Беразіно-Мінск. ФотаБарысаў-2008: летапіс вандроўкі Магілёўскага ТБМ (фота)Талачын, Крупкі, Барысаў. Фотарэпартаж з вандроўкіМагілёўцы адзначылі Дзень беларускага пісьменства дыктоўкайАдзін дзень у Сярэднявеччы – старажытны Мсціслаў (фота)Фотарэпартаж з паездкі на ўсход МагілёўшчыныДастоева, Моталь, Моладава, Парэчча, Пінск. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)Скокі, Берасьце, Кобрынь, Закозель, Іванава. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)Высокае, Воўчын, Вістычы, Чарнаўчыцы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)Заходняя Беларусь у люстэрку падарожжаўПадарожжа па краіне альбо нефармальная адукацыяКосава, Ружаны, Пружаны, Камянец. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2)Па прасторах Берасцейшчыны Завосьсе, Сталовічы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)Старажытны Мсціслаў запрашаеТурэц, Паланэчка, Вольна, Ішкалдзь. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.5)Наваградак, Уселюб, Любча, Шчорсы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.4)Мураванка, Шчучын, Масты, Рэпля, Вялікая Бераставіца. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.3)Ліпнішкі, Іўе, Геранёны, Воранава, Радунь, Васілішкі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.2)Валожын, Вішнёва, Дзясятнікі, Суботнікі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.1)Па гістарычных мясцінах старадаўняй Літвы (фота)Фотарэпартаж з Купальскага фэстуКупальскі фэст на ДруціВандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)Браслаў, Іказнь, Мёры. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 6)Міхалішкі, Відзы, Опса. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)“У такіх вандроўках толькі адна хіба – мала дзён” (фота)Смаргонь, Солы, Гервяты. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)
Ашмяны, Жупраны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)Вандроўка Магілёўскага ТБМ па Паўночна-заходняй БеларусіГальшаны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2)Крэва, Баруны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)