галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4
Дарагія сябры! Прапануем вашай увазе чарговую частку фотарэпартажа з вандроўкі Магілёўскага ТБМ па цэнтральнай і паўночнай Віцебшчыне.

У гэтай частцы фотасправаздачы прадстаўлены найлепшыя здымкі з самай паўночнай часткі Беларусі, колішняй Дрысеншчыны (цяпер – Верхнядзвінскі раён): Верхнядзвінск (Дрыса), Бігосава, Росіца, Сар’я, Асвея – мястэчка і возера.

У Верхнядзвінску, нягледзячы на залеву, мы пабачылі царкву свяціцеля Мікалая Цудатворцы (1819 г.); на памежнай з Латвіяй чыгуначнай станцыі Бігосава – прыгожы будынак вакзалу (1924-26 гг.); у Росіцы – велічны Троіці касцёл (1884 г.); у Сар’і – царкву Успення Прасв. Багародзіцы (1852-57 гг.); у Асвеі – рэшткі сядзібы Шадурскіх (18 ст.) і непаўторныя краявіды Асвейскага возера.

Далучацеся да вандровак Магілёўскага ТБМ!

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4
царква свяціцеля Мікалая Цудатворцы ў Верхнядзвінску (1819 г.)

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4
чыг. вакзал на станцыі Бігосава (1924-26 гг.)

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4
Троіцкі касцёл у Росіцы

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4
Панна Марыя

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4
царква ў Сар'і

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4
возера Асвейскае

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4
Асвейскае возера

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4
рэшткі палаца ў Асвеі

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4
рэшткі палаца ў Асвеі



ВЕРХНЯДЗВІНСК, да 25.12.1962 Дрыса — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, цэнтр Верхнядзвінскага раёна, на р. Дрыса пры ўпадзенні яе ў Заходнюю Дзвіну. У 175 км на паўночны захад ад Віцебска; чыгуначная станцыя на лініі Полацк—Даўгаўпілс (Латвія). Насельніцтва 7,7 тыс. чал. (2006).

Упершыню згадваецца ў летапісах пад 1386. Паводле археалагічных даследаванняў, горад узнік значна раней як умацаванне Полацкага княства. Тут быў пабудаваны Дрысенскі замак. У 1-й пал. 16 ст. гандлёвы цэнтр на Заходняй Дзвіне, каралеўскае ўладанне. У 1547 створаная мытня. У Лівонскую вайну (1558—1583) Жыгімонтам Аўгустам тут у 1563 адноўлены замак, у гэтым жа годзе горад захоплены і разбураны маскоўскімі войскамі, у 1583 вызвалены С. Баторыем. З 1772 у складзе Расіі. З 1776 цэнтр Дрысенскага павета. У 1781 зацверджаны герб. Падчас вайны 1812 каля горада нахадзіўся Дрысенскі лагер (умацаваныя пазіцыі расійскага войска ў лукавіне Заходняй Дзвіны). З 1924 цэнтр Дрысенскага раёна, з 1925 мястэчка, з 1938 горад.

АСВЕЯ - мястэчка на паўднёвым беразе Асвейскага возера. Насельніцтва 1,3 тыс. чалавек. 37 км ад чыгуначнай станцыі Верхнядзвінск на лініі Полацк—Даўгаўпілс.

Асвейскія гарадзішчы адносяцца да пасяленняў балцкіх пляменаў. Першае летапіснае ўпамінанне — 1503 г. Шматкроць знішчалася маскоўскімі войскамі. У 1749 г. пераходзіць ва ўладанне да менскага ваяводы Яна Аўгуста Гільзена. Тут былі пабудаваныя велічны палац і прыгожы касцёл, разбіты вялікі парк, гімназіюм, дзейнічаў шпіталь пры кляштары.

АСВЕЙШЧЫНА - КРАЙ БЕЛАЙ ПТУШКІ

Тысячы іх гняздуюцца тут, сотні тысячаў робяць прыпынак па дарозе ў вырай, а для некаторых вырай — у Беларусі. Сюды яны імкнуцца ўзімку з палярных шыротаў.

Край Яна Баршчэўскага, Ігната Храпавіцкага, Напалеона Орды. Шчасна і мірна перажыўшы ХІХ стагоддзе, ён быў дашчэнту спапялёны ў вайну апошнюю. Цяпер Асвейшчына — знелюднелы рай для птушак.

Асвейскае возера

Улетку тут гняздуюцца высакародныя белыя чаплі, безліч белых буслоў і столькі чаек кірляў, што белым бель у вачах. Цяжка даць веры, што некалі гэта быў заможны і абходжаны край. Сёння гэта памежная зона, тупік, міма якога прайшлі ўсе дарогі.

Асвейскае возера то набліжаецца да дарогі, то аддаляецца. Бывае, у ранішнім тумане ці ў вечаровай смузе супрацьлеглы бераг не праглядаецца — возера ўражвае памерамі. Яго плошча больш за 53 кв. км. За тысячы гадоў вялізную сваю частку яно аддало балотам. У ветранае надвор’е вадзяная маса перамешваецца да дна і моцна насычаецца кіслародам, а ўлетку добра праграваецца. Таму тут багата рыбы, аж 22 віды. Жыве тут і вялізарная папуляцыя ракаў.

Шведскае мястэчка

Мястэчка Асвея, што на ўзбярэжжы, — самае паўночнае гарадское паселішча Беларусі. Яму больш за тысячу гадоў. Пра ягоных заснавальнікаў гаворыць назва: свеўскае, свейскае, г.зн. шведскае. І тысячу, і паўтысячы гадоў таму Падзвінне было аб’ектам вялікай цікавасці скандынаўскіх гасцей.

Пра гэта сёння са скрухаю ўзгадваецца ў Асвеі, дзе няма гатэлю, рэстарану і нават, pardonnez moi, грамадскае прыбіральні. Так што, едучы туды, закідайце ў багажнік усё для жыцця — аж да пітной вады.

З 1924 г. па 1959 г. Асвея была цэнтрам раёну. У 1925 годзе з мэтай лепшага абслугоўвання нацыянальных меншасцяў у Асвеі быў створаны яўрэйскі нацыянальны савет. Сёння ў Асвеі ад былой велічы засталіся сталоўка, пара крамаў і бетонныя пліты ў якасці пляжу.

Славутасцю Асвеі быў вялізарны палац, збудаваны ў XVIII ст. мінскім ваяводам Янам Аўгустам Гільзенам. Хорам з пяці корпусаў з чатырма галерэямі выглядаў зверху вялізнай птушкай з распасцёртымі крыламі і здзіўляў планіроўкай: галоўных пад’ездаў было чатыры, па ліку пораў году; унутраных уваходаў — дванаццаць, па ліку месяцаў; пакояў і залаў было па колькасці тыдняў у годзе, вокнаў — па ліку дзён. Тут была люстраная бальная зала ў стылі Людовіка XV. Можа яго адбудуюць у якасці гатэлю?

Прысады старадаўніх дрэваў уздоўж каналаў, па якіх паны каталіся ў гандолах, нагадваюць цяпер нейкі фантастычны трапічны лес…

Востраў

Галоўны гонар цяперашняе Асвеі — Востраў. Бязлесыя схілы на поўдні строма абрываюцца да вады. На вяршынях, схілах і ля падэшвы ўзгоркаў раскіданыя валуны. Пра некаторыя ёсць нават паданні. А ў адзін камень увесь час шугае маланка… Востраў на Асвейскім возеры самы вялікі ў нашай краіне — 5 кв. км. Ёсць тут два дагістарычныя гарадзішчы: Гарадок і Перуноўка. Некалі было сяло з балцкай назваю Ду (па літоўску «два») з уласным прыходам і царквой Раства Багародзіцы. Да вайны вёска Востраў налічвала 65 двароў. Апошнія астраўляне з’ехалі ў 1970 г. Сёння тут гойсае па колішніх палетках паўдзікі табун мясцовай конна спартовай базы.

Востраў адабрала ў чалавека прырода. Вакол яго на возеры гняздуе паўтара дзесятка відаў вадаплаўных птушак. У пералётах з выраю і ў вырай на возера сядаюць яшчэ 18 відаў. На востраў па апошнім лёдзе прыходзіць цяжарная ласіха і па першым лёдзе сыходзіць з падгадаваным у бяспецы ласянём. Тут гойсаюць барсукі, шашкі, куніцы. Развяліся ўжо і бабры, выдры, норкі, андатры. Але галоўны тут персанаж — стары казёл Барыс, які, як грозны вартавы, сустракае ўсіх гасцей і радасна бяжыць гуляцца бадацца.

Увосень, калі начныя халады расфарбуюць лісце і чараты ў тысячы барваў, над возерам стане белым бела ад лебедзяў і буслоў, вядомых і невядомых птушак, што збіраюцца адсюль у далёкую Птушыную Дарогу. А калі ўвесь гэты знямелы край ухутаюць снежныя сувоі, і ён пераўтворыцца ў неабсяжную ледзяную пустыню, сюды залятуць белыя пардвы курапаткі, а за імі і белыя палярныя совы. І сярод гэтае белае цішы пачуецца раптам адно самотны царкоўны звон.

Паводле Сяргея Харэўскага, nn.by


КАСЦЁЛ У САР’І

Гатычная архітэктура з яе надзвычайным эмацыянальным уздзеяннем, таямнічым вобразным строем, адлучанасцю ад усяго нязменнага і мінулага як мага лепш адпавядала маральным і творчым пошукам рамантызму, які знайшоў у ёй невычарпальную крыніцу мастацкіх асацыяцый. Непараўнальны па сваёй творчай лёгкасці і эфемернасці, якія дасягаліся графічнай структурнасцю архітэктуры, дойлід Густаў Шахт узводзіць у 1852-1857 гг. прысядзібную капліцу Найсвяцейшай Панны Марыі ў маёнтку Сар’я дрысенскага маршалка І.Лапацінскага.

Першая мураваная каталіцкая капліца ў вёсцы Сар’я была ўзведзена яшчэ ў XVIII ст. Асвечана ў 1796 годзе мітрапалітам Станіславам Богуш-Сестранцэвічам.

Новая мураваная капліца была прысвечана памерлай жонцы і сыну Ігната Лапацінскага. Размешчана яна ў паўночнай часцы вёскі, на ўскраіне панскага палаца-паркавага комплексу; жорсткая лінейная графічнасць эфектна спалучаецца з пейзажна-маляўнічым асяроддзем парка.

Капліца будавалася як пахавальня ўладальнікаў маёнтка. У 1865 годзе храм канфіскаваны “па прычыне яе прыгажосці” і перададзены праваслаўным. У савецкі час перароблена пад склад мінеральных угнаенняў, з 1970 года будынак не выкарыстоўваўся, у 1989 годзе – перададзены праваслаўным вернікам.

Ярка-чырвонае цаглянае збудаванне – адзін з найбольш выразных узораў архітэктуры рэтраспектыўнай готыкі. Вырашана прамавугольным у плане аб’ёмам з пяціграннай апсідай і дзвюма невялікімі сакрысціямі. Дойлід насычае пабудову струменістай вертыкальнай дынамікай, узнятай эмацыянальнасцю. Кампазіцыя галоўнага фасада трохчастковая, цэнтральную частку завяршаюць дзве шатровыя вежачкі на пяцігранных контрфорсах-пілонах.

Да дасягнення ўражання паветранай лёгкасці будынка, яго накіраванасці ў вышыню прыводзіць складанасць і здробненасць фасадных пласкасцей вертыкальнай штрыхоўкай архітэктурных абломаў, што стварае мудрагелістую гульню святлоценявых эфектаў. Сцены па перыметры ўмацаваны 12 лапаткамі з вежамі-фіяламі, апяразаны аркатурным паяском і скразной вастразубчатай аркадай-парапетам.

“Рэймскія” вокны ў выглядзе высокіх стральчатых арак з круглай “ружай” паміж імі акаймаваны прафіляванымі ліштвамі.

Унутры асноўнае памяшканне перакрыта крыжовамі скляпеннямі з ажурнай вуалі ляпных нервюр; дзве калоны падтрымліваюць хоры з аркатурным парапетам. Кампактная пабудова прасторавай кампазіцыі, графічная штрыхоўка фасадаў робяць помнік аднім з лепшых узораў адраджэння высокай “палымянай” готыкі.

Алесь Мінін, radzima.org

Троіцкі касцёл у Росіцы

Першыя згадкі пра існаванне касцёла ў Росіцы адносіцца да другой паловы XVI ст. У 1778 г. пабудаваны маленькі драўляны храм, асвячоны ў 1792 годзе. Новы мураваны касцёл Найсвяцейшай Троіцы пабудаваны ў 1884 годзе. Фундаваны ён разам з царквой Лапацінскімі. Цэглу вазілі з іх уласнага завода ў Сар’і.

Пасля расейскай рэвалюцыі 1917 года касцёл Найсвяцейшай Троіцы быў зачынены. У 1943 годзе у весцы вернікаў апеквалі 2 каплана, марыяне. Сама вёска была спалена ў адну з карных аперацый.

Тады загінулі і святары храма: Антоні Ляшчэвіч і Ежы Кашыра. Дзякуючы выпадку касцёл застаўся некранутым. Але пасля вайны ён выкарыстоўваўся як вясковы клуб, стайня, крама, і, нават, млын.

У 1988 годзе храм перадалі вернікам, а ў 2000 годзе поўнасцю адрамантавалі.
Касцёл – помнік архітэктуры неараманскага стылю. Трохнефавая двухвежавая базіліка з трансептам і пяціграннай апсідай. Галоўны фасад трохчастковай кампазіцыі – паміж высунутымі бакавымі вежамі двухгранны шчыт. Цэнтральны ўваход вырашаны парталам з двухгранным шчытом, над якім – акно-трыфорыум; над бакавымі арачнымі ўваходамі – вокны-біфорыумы. Яруснасць і шматпланавасць франтальнаму фасаду надаюць бакавыя нізкія гранёныя прыбудоўкі. Цагляная архітэктура будынка насычана архітэктурнай пластыкай: шырокія лапаткі, аркатурныя фрызы, ліштвы арачных вокнаў, карнізы з сухарыкамі.

Алесь Мінін, radzima.org

Росіцкія пакутнікі: Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра

Кажуць, што ў апошнія моманты жыцьця перад вачыма чалавека маланкава праносіцца ўвесь ягоны шлях. Калі гэта так, у той страшны лютаўскі дзень 1943-га Антоні Ляшчэвіч убачыў бацькоў Яна й Караліну, родную вёску сярод падвіленскіх узвышшаў, сяброў з Санкт-Пецярбурскай духоўнай сэмінарыі, сваё высьвячэньне на Велікодныя сьвяты ў 1914-м, Харбін, дзе два дзесяцігодзьдзі быў місіянэрам, уступленьне ў Ордэн марыянаў...

Ад 1939 году айцец Антоні Ляшчэвіч вёў душпастырскую дзейнасьць на Радзіме — спачатку ў Друі, а потым у Росіцы на Дрысеншчыне. У другую ваенную зіму ў навакольлі зьявіліся фашысцкія карнікі. Мясцовых жыхароў, пераважна старых, жанчын і дзяцей, быццам жывёлу, сагналі на сартаваньне ў касьцёл. Адных чакалі канцлягеры, другіх — сьмерць у агні. Антоні Ляшчэвіч і ягоны паплечнік, таксама брат-марыянін, Юры Кашыра адпраўлялі ў храме Сьвятую імшу, прычашчалі, спавядалі, хрысьцілі дзяцей, багаслаўлялі й суцяшалі тых, хто быў у роспачы.

Дамовіўшыся зь нямецкім афіцэрам, айцец Антоні ўратаваў ад сьмерці дзевяць беларускіх сясьцёр-эўхарыстак, якія займаліся ў Росіцы катэхізацыяй.

Тым часам людзей пачалі групамі выводзіць з касьцёлу і паліць ў будынках. Тых, хто спрабаваў уцячы, расстрэльвалі. Дзяцей наколвалі на штыкі.

Камандаваньне карнікаў прапанавала сьвятарам жыцьцё. Але яны ўжо зрабілі свой выбар, пастанавіўшы да канца застацца з прыхаджанамі. Відавочцы сьведчаць, што Ляшчэвіч да астатніх хвілінаў выяўляў неверагодны спакой: зьмяніў мокрыя шкарпэткі на сухія, запытаўсяў вернікаў, ці трэба перад сконам пад’есьці, ці лепей быць галодным, ахінуў вакол шыі шалік. Празь некалькі хвілінаў ён увайшоў разам зь людзьмі ў агонь...
Назаўтра такую ж вусьцішную сьмерць прыняў айцец Юры Кашыра.

У 1999 годзе папа рымскі Ян Павел ІІ бэатыфікаваў росіцкіх пакутнікаў. Усё больш масавымі робяцца штогадовыя пілігрымкі ў Росіцу да касьцёлу Сьвятой Тройцы. Айцы-марыяне Антоні Ляшчэвіч і Юры Кашыра сталі героямі раману вядомай пісьменьніцы Ірыны Жарнасек “Будзь воля Твая”.

Уладзімер Арлоў, svaboda.org

Кашыра Юры (1904-1943), каталіцкі святар заходняга абраду, манах-марыянін, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 04.04.1904 у в. Александрова Дзісенскага павета Віленскай губ. Паходзіў з беларускай праваслаўнай сям'і: бацькі - Тадэвуш і Марыя Кашыры. У 1922 г. прыняў каталіцтва. З 1925 г. - у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. У гэтым жа годзе ўступіў у навіцыят. Пазней скончыў мясцовую гімназію пры кляштары. У 1930 г. прыняў манаства і быў накіраваны на далейшую вучобу ў Рым. Аднак па прычыне кліматычных умоў у хуткім часе вярнуўся на радзіму. На працягу 1936 г. - суперыёр Беларускага дома марыянаў у Вільні. Пазней выкладаў Закон Божы ў Друйскай гімназіі. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Па загадзе польскіх улад у чэрвені 1938 г. дэпартаваны разам з іншымі беларускімі святарамі і клерыкамі з Друі ў Польшчу. Пасвячоны ў святары 20.06.1939 у Вільні. У гады Другой сусветнай вайны вёў душпастырскую дзейнасць на Віцебшчыне ў в. Росіца. Спалены разам з вернікамі (католікамі і праваслаўнымі) 18.02.1943 у Росіцы пад час нямецкай карнай экспедыцыі.

Ляшчэвіч Антон (1890-1943), каталіцкі святар заходняга абраду, місіянер, манах-марыянін, удзельнік беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 17.09.1890 у в. Абрамаўшчына Свянцянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і беларусаў-католікаў: бацькі - Ян і Караліна (з дому Садоўскіх) Ляшчэвічы. Вучыўся ў прыватнай гімназіі пры рымска-каталіцкім касцёле св. Кацярыны ў Пецярбургу (верасень 1902 - жнівень 1908). Там жа скончыў Магілеўскую духоўную каталіцкую семінарыю (1914). У гэтым жа годзе пасвячоны ў святары. Да выканання святарскіх абавязкаў прыступіў 17.06.1915 у якасці вікарыя рымска-каталіцкага касцёла ў Іркуцку. 02.08.1917 пераведзены на пасаду вікарыя ў Харбінскі касцёл з месцам жыхарства пры капліцы на станцыі Маньчжурыя Кітайска-Усходняй чыгункі. У 1930-я гады працаваў ва Ўсходняй місіі ў Іркуцку, Чыце, Харбіне (Маньчжурыя). Пад уплывам апостальскага адміністратара місіі Ф.Абрантовіча пасля вяртання ў Эўропу ўступіў у ордэн айцоў марыянаў. Прыняў манаства 13.06.1939 у мясцовасці Скужэц каля г. Седльцы (Польшча). Са жніўня 1939 г. і ў час Другой сусветнай вайны вёў душпастырскую дзейнасць у Беларусі. 17.02.1943 у в. Росіца на Віцебшчыне спалены разам з мясцовымі вернікамі (католікамі і праваслаўнымі) пад час нямецкай карнай аперацыі.


Гл. таксама:

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 3
“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 2
“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 1
Па Варшаўскім шляху (фота)
Магілёў-Беразіно-Мінск. Фота
Барысаў-2008: летапіс вандроўкі Магілёўскага ТБМ (фота)
Талачын, Крупкі, Барысаў. Фотарэпартаж з вандроўкі
Магілёўцы адзначылі Дзень беларускага пісьменства дыктоўкай
Адзін дзень у Сярэднявеччы – старажытны Мсціслаў (фота)
Фотарэпартаж з паездкі на ўсход Магілёўшчыны
Дастоева, Моталь, Моладава, Парэчча, Пінск. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)
Скокі, Берасьце, Кобрынь, Закозель, Іванава. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)
Высокае, Воўчын, Вістычы, Чарнаўчыцы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)
Заходняя Беларусь у люстэрку падарожжаў
Падарожжа па краіне альбо нефармальная адукацыя
Косава, Ружаны, Пружаны, Камянец. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2)
Па прасторах Берасцейшчыны
Завосьсе, Сталовічы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)
Старажытны Мсціслаў запрашае
Турэц, Паланэчка, Вольна, Ішкалдзь. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.5)
Наваградак, Уселюб, Любча, Шчорсы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.4)
Мураванка, Шчучын, Масты, Рэпля, Вялікая Бераставіца. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.3)
Ліпнішкі, Іўе, Геранёны, Воранава, Радунь, Васілішкі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.2)
Валожын, Вішнёва, Дзясятнікі, Суботнікі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.1)
Па гістарычных мясцінах старадаўняй Літвы (фота)
Фотарэпартаж з Купальскага фэсту
Купальскі фэст на Друці
Вандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)
Браслаў, Іказнь, Мёры. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 6)
Міхалішкі, Відзы, Опса. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)
“У такіх вандроўках толькі адна хіба – мала дзён” (фота)
Смаргонь, Солы, Гервяты. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)
Ашмяны, Жупраны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)

Вандроўка Магілёўскага ТБМ па Паўночна-заходняй Беларусі
Гальшаны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2)
Крэва, Баруны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)

21:04 28.07.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы