галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Героі старадаўняга Магілёва (з легендаў – да XIX стагоддзя)
Як я ўжо адзначаў, шэраг нашых землякоў ды тых людзей, якія воляй лёсу звязаныя з гісторыяй Магілёва, заслугоўвае ўшанавання ў назвах вуліц горада, які звязвае нас з імі. Калі ж гэта здаецца вельмі складанай справай – перайменаваць некалькі вуліц, тады – звярніце ўвагу на вялікую колькасць сквераў, якія месцяцца ў нашым горадзе, але не маюць ніякай назвы. Чаму ж не назваць іх імёнамі нашай гісторыі?

А ўвогуле, вельмі дарэчы было б усталяваць мемарыяльныя дошкі і помнікі ўсім годным людзям, якія не шкадуючы саміх сябе рабілі ўсё магчымае для роднай зямлі, якія пакінулі нам гэткую багатую спадчыну.

Пачынаем наш агляд магілёўскай гісторыі ў асобах з самых старажытных, легендарных часінаў. Даўно ўжо прыйшоў час увасобіць памяць пра Машэку, легендарнага героя – «Робін-Гуда Магілёўскіх пушчаў», героя народных паданняў і паэмы Янкі Купалы «Магіла Льва» (1913), пэўным мастацкім манументам. З імем Машэкі звязана гісторыя паходжання назвы нашага горада (Магілёў – нібыта «Магіла Льва», то бок Машэкі). Ёсць ў Магілёве тры Машэкаўскія вуліцы («простая», Вялікая і Малая) і цэлы раён – «Машэкаўка». А помніка легендарнаму волату і сімвалу Магілёва – няма. Усталявалі ж, напрыклад, у Бабруйску «помнік» бабру як сімвалу горада! Чаму тады і магіляўчанам не скарыстаць свой сапраўдны гістарычны брэнд?

Героі старадаўняга Магілёва (з легендаў – да XIX стагоддзя) З легендаў ды паданняў мы пераносімся ў XVI стагоддзе, ў часы Лівонскай вайны (Інфлянцкай, ці, як яе яшчэ называюць, Полацкай вайны).27 чэрвеня 1581 года гарнізон Магілёва і гараджане на чале з войтам Міхаілам Стравінскім цэлы дзень адбіваліся ад 30 тыс. маскавіцкага войска ваяводы Д.Хварасцініна. Наш горад быў выратаваны ад спалення, магіляўчане – пазбеглі знішчэння. Падзея, якая цягне на тое, каб назваць адну з вуліц Магілёва імем М.Стравінскага. Таксама яшчэ адна падзея тых часоў мае ўсе правы на ўшанаванне. 28 студзеня 1577 года кароль Рэчы Паспалітай і князь Вялікага княства Літоўскага Стэфан Баторый надаў гораду Магілёву прывілей на карыстанне Магдэбургскім правам. У нас ужо аднавілі ратушу, як адзін з сімвалаў гарадскога самакіравання, а я прапаную працяг – напрыклад, «Магдэбургскі сквер» ці, магчыма, «Плошча 28 студзеня». Мы павінны ганарыцца тым, што наш Магілёў ужо з тых даўніх часоў з'яўляўся сапраўдным еўрапейскім горадам. Таксама варта ўзгадаць імя Льва Сапегі – канцлера ВКЛ, старажытнай дзяржавы нашых продкаў, які ачольваў сеймавую камісію па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588 года, лічы што – першай беларускай канстытуцыі; напісаны гэты дакумент, дарэчы, на старабеларускай мове. Леў Сапега адрэдагаваў тэст Статута і фінансаваў яго выданне. А яшчэ ён з'яўляўся старастай Магілёва.

Пяройдзем у наступнае, XVII стагоддзе. Тут нельга не ўзгадаць легендарнага Пару-Левановіча, кіраўніка паўстання магіляўчан супраць маскавітаў у 1661 годзе. З тых часоў за сённяшняй плошчай імя Арджанікідзэ замацавалася назва Касцерня (менавіта там і адбылася расправа з акупантамі). А ў гонар гэтай падзеі кароль Рэчы Паспалітай і вялікі князь Вялікага княства Літоўскага Ян Казімір у чэрвені 1661 года надаў Магілёву новы герб: на блакітным полі намаляваны тры срэбраныя каменныя вежы, у адчыненай браме сярэдняй вежы стаіць рыцар з узнятым над галавой мечам, а над брамай вісіць шчыт з «Пагоняй». Дарэчы, Ян Казімір знаходзіўся ў Магілёве з 20 сакавіка па 8 красавіка 1664 года. Дык чаму і не назваць у Магілёве вуліцу ці сквер у гонар манарха, які надаў гораду герб, якім мы і сёння карыстаемся і ганарымся?

Героі старадаўняга Магілёва (з легендаў – да XIX стагоддзя)

Кажучы пра XVII стагоддзе нельга не прыгадаць дасягненні нашых землякоў у галіне культуры ды асветы. Мы ўсе павінны памятаць імёны стваральнікаў вядомай Магілёўскай школы гравюры, а менавіта: гэта кнігавыдаўцы Спірыдон Собаль ( у ягоны гонар, дарэчы, у Магілёве ўсталявана памятная дошка і названа абласная друкарня) і Фёдар Грышановіч, мастакі-гравёры Максім і Васіль Вашчанкі, Фёдар Ангілейка. Спірыдон Собаль, акрамя таго, знакаміты як друкар і перакладчык, яго выдатным дасягненнем з'яўляецца выданне самага першага буквара – «Буквара языка славенскага» ў 1639 годзе. Трэба ведаць: менавіта наш зямляк вынайшоў падручнік (і прыдумаў для яго назву – «Буквар»), паводле якога і сёння ўсе дзеці вучацца чытаць. Таксама нельга пакінуць без увагі асобу першага аўтара «Магілёўскай хронікі» Трафіма Сурту; таксама як нельга не ўзгадаць і мысляра, паэта ды знакамітага пратэстанцкага прапаведніка Яна (Андрэя) Белабоцкага. Мы не павінны забываць Фаму Яўлевіча, аўтара першай у гісторыі паэмы (!) прысвечанай гораду Магілёву і магіляўчанам. А Ігнацій Яўлевіч пасля вучобы стаў прафесарам вольных навук і прымаў удзел у заснаванні ў Яссах (цяпер гэта ў Румыніі) славяна-грэка-лацінскай акадэміі. Усе мы можам па-сапраўднаму ганарыцца таленавітым мастаком з Галынца Пятром Яўсеевічам, які ў створаным ім абразы «Нараджэнне Маці Божай» (1649) смела выпісаў архітэктурны пейзаж за вакном, а таксама бытавыя прадметы, якія этнаграфічна дакладна перадаюць жыццё Магілёўшчыны XVII стагоддзя.


Свае думкі і прапановы, пытанні ды парады дасылайце на сайт ці на e-mail аўтару: kapialiush@yandex.ru



У XVIII стагоддзі асаблівай увагі заслугоўваюць Юры Трубніцкі, прадаўжальнік «Магілёўскай хронікі» Т. Сурты, чые імёны носяць толькі невялічкія малавядомыя вуліцы, а таксама Гіоргі Каніскі, архіепіскап Магілёўскі, Мсціслаўскі ды Аршанскі, філосаф і грамадскі дзеяч, які прылічаны да ліку мясцовашануемых святых (у Магілёве ёсць Архіерэйскі вал Каніскага, мемарыяльная дошка на былым ягоным палацы, таксама мемарыяльным крыжом адзначана ягонае прыкладнае месца пахавання); трэба памятаць і пра Станіслава Богуш-Сестранцэвіча, каталіцкага дзеяча, першага арцыбіскупа Магілёўскага, кіраўніка ўсіх рымска-каталіцкіх цэркваў у Расіі. Ён таксама заснаваў у Магілёве друкарню і стварыў аматарскі тэатр. Акрамя таго, С.Богуш-Сестранцэвіч – родны дзядзька класіка беларускай літаратуры В.І.Дуніна-Марцінкевіча, чый лёс таксама звязаны з Магілёвам і Магілёўшчынай, а літаратурны талент быў прызнаны пры жыцці і высока ацэнены нашчадкамі.Чаму б нам не назваць адну з цэнтральных вуліц імем нашага літаратурнага класіка? А адну з плошчаў назваць імем ягонага дзядзькі. Ці, можа, нават, за лепшае назваць у гонар С.Богуш-Сестранцэвіча і В. Дунін-Марцінкевіча скверы, а ў далейшым – усталяваць там іхныя бюсты. Прапаную нават такі варыянт: два скверы на плошчы Леніна, па абодвы бакі ад Дома Саветаў. Абодва гэтыя скверы, дарэчы, не маюць назвы ўвогуле. Таму такая прапанова заслугоўвае ўзмоцненай увагі: няма ніякіх складанасцяў з перайменаваннямі, трэба толькі замацаваць прапанаваныя назвы. Трэба памятаць, што гісторыю горада стварылі яны, магіляўчане ды госці горада, які па волі лёсу стаў для гэтых людзей родным. І гэтыя выдатныя людзі цалкам прысвяцілі ссябе служэнню гэтай зямлі ды яе народу. А вось ці здолеем мы, магіляўчане XXI стагоддзя належным чынам ушанаваць памяць аб іх,- залежыць толькі ад нас з вамі.

Яўген Балбераў

Чакайце працяг: Магілёў Губернскі, XIX стагоддзе.


Гл. таксама:


Магілёў ганарыцца сваёй гісторыяй?

23:46 1.08.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы