галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Беларусь і Польшча – абумоўленасць выбару
Перамога “Салідарнасці” на выбарах у 1989-м у Польшчы і прыняцце намаганнямі БНФ Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі ў 1990-м прывялі адпаведна да спынення існавання ПНР і БССР, а таксама да сканчэння ўлады камуністаў у суседніх краінах. Але далей Беларусь і Польшча пайшлі рознымі шляхамі…

Піша Юрась Каласоўскі.


Сёння часта даводзіцца пачуць, што ў канцы 80-х-пачатку 90-х Беларусь мела нават больш выгаднае становішча, чым краіны Прыбалтыкі і Польшча, але ж сёння тыя – у Еўрасаюзе, а незалежная Беларусь толькі пачынае задумвацца пра магчымасць збліжэння з Еўропай. Чаму сталася так, што мы застылі ў сваім развіцці, і ці магло быць іначай?

Калі згадаць падзеі 20-гадовай даўніны, то, бадай, можна пагадзіцца хіба з тым, што згаданыя вышэй краіны як прадстаўнікі сацыялістычнага лагеру ў той час былі прыкладна ў аднолькавых эканамічных умовах. Але ж пры разглядзе стану грамадзянскай супольнасці, узроўню нацыянальнай самасвядомасці становіцца відавочным велізарнае адставанне Беларусі, якая аніяк не была падрыхтаваная да дэмакратычных пераменаў.

Прычыны гэтага – у нашай гісторыі.

Яшчэ падчас існавання Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Вялікае княства Літоўскае, большасць жыхароў якога складалі продкі сучасных беларусаў, трапіла ў залежнасць ад Польскай Кароны, а беларуская мова згубіла статус дзяржаўнай і заняпала.
Са знікненнем Рэчы Паспалітай спаланізаваныя беларускія землі трапілі ў Расійскую імперыю, дзе падпалі ўжо пад уплыў русіфікатарскай палітыкі, які асабліва ўзмацніўся пасля падаўлення паўстанняў 1830-31 і 1863-64 гг.

Акрамя таго, беларусы, у адрозненне ад палякаў, страцілі сваю гістарычную назву. Этнонім “беларусы”, уведзены расійскімі ўладамі ў 19 ст. з тымі ж русіфікатарскімі мэтамі, паступова замацаваўся і замяніў гістарычную саманазву ліцьвіны.

Такім чынам, да пачатку мінулага стагоддзя Беларусь, як і Польшча, не валодала дзяржаўнасцю, але разам з тым страціла нешта больш істотнае. Гэта і свая мова, якую і па сённяшні дзень многія называюць мужыцкай ці проста адмаўляюць ёй у існаванні; і свая назва, страта якой прывяла да вядомай усім “тутэйшасці”.

Беларусь і Польшча – абумоўленасць выбару

Зрэшты, калі Польшча аднавіла незалежнасць у 1918 г., то абвяшчэнне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) 25 сакавіка таго ж года не прывяло да аднаўлення дзяржаўнасці якраз па згаданых вышэй прычынах. Праўда, абвяшчэнне БНР у многім абумовіла стварэнне БССР, што, напэўна, было максімумам магчымага для беларусаў у тагачасных умовах.

Але ж набыццё беларусамі дзяржаўнасці ў складзе СССР абярнулася нечуванай трагедыяй: перыяд нацыянальнага адраджэння ў 1920-х са згортваннем палітыкі беларусізацыі змяніўся этнагенацыдам, сапраўдным знішчэннем партыяй эліты беларускай нацыі. У 1930-х карныя органы савецкага таталітарнага рэжыму знішчылі большасць выдатных прадстаўнікоў беларускага народа, яго інтэлектуальную сілу і духоўную апору.

Акрамя таго, хвалі рэпрэсій выклікалі эміграцыю соцень тысяч беларусаў – сялян, рабочых, інтэлігенцыі, - якія рассеяліся па свеце, каб садзейнічаць развіццю культуры і навукі краін свайго пражывання, таму што палічылі савецкую ўладу непрымальнай для свайго нармальнага існавання.

Сёння за межамі Беларусі пражывае каля 3 мільёнаў беларусаў, многія з якіх атрымалі сусветную вядомасць, але, на жаль, амаль невядомыя на Бацькаўшчыне.

І калі на чужыне духоўнай асновай нацыянальнага самавызначэння, праявай самабытнасці сталі створаныя асветна-культурныя, навуковыя, рэлігійныя арганізацыі, музеі і архівы, пабудаваныя храмы, то ў Беларусі ў гэты ж час працягваўся перыяд разбурэння рэлігіі, сталай палітыкі антыбеларусізацыі, стварэння расійскамоўнай супольнасці “адзіны савецкі народ”. У выніку колькасць насельніцтва, якое размаўляла па-беларуску, значна зменшылася, адбылося масавае закрыццё беларускіх школ.

Згадайма таксама, што яшчэ ў 1921 г. адбыўся падзел Беларусі паміж Савецкай Расіяй і Польшчай, а пры ўз’яднанні заходніх і ўсходніх земляў беларусы згубілі старадаўнюю сталіцу ВКЛ, цэнтр беларускага нацыянальнага адраджэння пачатку XX стагоддзя Вільню, значэнне якой для краіны цяжка перабольшыць. “Пазбавіўшы Беларусь Вільні, кіраўнікі расійскай дзяржавы пакінулі нас без магутнага гістарычнага аплоту, па сутнасці, адрэзаўшы ад заходняй цывілізацыі і шматвяковых еўрапейскіх традыцый”, — зазначыў доктар гістарычных навук Захар Шыбека.

Напрыканцы ж Вялікай Айчыннай да Польшчы адышла Беласточчына, а Беларусь стала, відаць, адзінай з краін-пераможцаў у той вайне, якая не павялічыла, а паменшыла сваю тэрыторыю. “...Здабыўшы перамогу, мы не здабылі свабоды”, - сказаў пра заканчэнне Другой сусветнай вайны Васіль Быкаў.

І хаця пасля паразы Трэцяга рэйха была створаная Польская народная рэспубліка, што далучылася да сацыялістычнага лагеру на чале з СССР, моцная каталіцкая вера, высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці і захаванасць нацыянальнай эліты выгадна адрознівалі ПНР ад БССР.

І калі ў канцы 1980-х стаў відочным крах камуністычнай сістэмы, на парэштках якой паўсталі новыя незалежныя краіны (напрыклад, Чэхія, Славакія, краіны Прыбалтыкі), Беларусь таксама не засталася ўбаку, нягледзячы на нацыянальны нігілізм чынавенства і дэпутатаў.

Калі Польшчу да дэмакратыі прывяла “Салідарнасць” на чале з Лехам Валенсам, то ініцыятарам дэмакратычных пераменаў у БССР выступіў утвораны ў 1988 г. Беларускі народны фронт “Адраджэнне” на чале з Зянонам Пазняком. Праўда, калі “Салідарнасці” пасля перамогі на парламенцкіх выбарах удалося сфармаваць урад і прывесці да прэзідэнцтва свайго лідэра Валенсу, то апазіцыя БНФ складала ўсяго каля 10% ад усіх дэпутатаў Вярхоўнага Савету БССР і ў выніку не здолела змяніць уладу ў краіне.

І ўсё ж у многім дзякуючы намаганням дэпутатаў БНФ 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце, 25 жніўня 1991-га Дэкларацыі быў нададзены статус канстытуцыйнага закона, а 19 верасня 1991 года быў прыняты закон аб назве рэспублікі, у адпаведнасці з якім яна стала называцца Рэспублікай Беларусь. Таксама была ўведзена новая дзяржаўная сімволіка, якой сталі гістарычныя сімвалы нашай дзяржавы – бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”.

Але нягледзячы на ўсё гэта, у Беларусі так і не здолелі пераадолець інерцыю камуністычнага кіравання, што ў хуткім часе прывяло да адмовы ад дэмакратызацыі і рынкавых рэформаў, да кансервацыі старой эканамічнай сістэмы, міжнароднай ізаляцыі, спынення беларусізацыі і страты нацыянальных сімвалаў пасля рэферэндума 1995 г.

“Грамадства яшчэ не гатовае, каб прынесці поспех беларускай нацыянальнай дэмакратыі”, - так выказаўся пра паразу нацыянальнага Адраджэння В. Быкаў.

Існасцю дзяржаўнай палітыкі па працягу апошніх 15 гадоў стала маргіналізацыя беларускай культурнай прасторы, беларускай мовы, яе носьбітаў і творцаў, занядбанне нацыянальных сімвалаў і мноства помнікаў архітэктуры.

Такім чынам, калі ў Беларусі і Польшчы змяніліся дзяржаўны лад, палітычныя сістэмы, геапалітычнае становішча, калі абедзве краіны атрымалі дзяржаўную незалежнасць і магчымасць самастойна рэалізоўваць нацыянальныя інтарэсы на міжнароднай сцэне, Беларусь выпала з тых грамадска-палітычных тэндэнцый, якія развіваліся ва Усходняй Еўропе, выбраўшы іншы шлях развіцця. І найпершай адметнасцю гэтага шляху з’явілася адмова аднаўляць і ўмацоўваць нацыянальную самасвядомасць.

Таму сёння, калі Беларусь рэкламуецца як прыгожая і гасцінная краіна на стыку культур і светапоглядаў, адсутнасць дэмакратычных інстытутаў, пагарда да ўсяго нацыянальнага ўтвараюць велізарную пустэчу, якая глухой сцяной аддзяляе Беларусь ад Еўропы. Калі глядзіш на прыгажосць Беларусі – гэта цешыць і радуе, але калі не чуеш мовы – задумваешся пра існаванне нацыі.

І калі Польшча не ўспрымалася старэйшым пакаленнем як сапраўднае замежжа, то для мяне, калі я наведаў яе ў пачатку 21 стагоддзя, гэта было знаёмствам з Захадам.

А для многіх палякаў, як даводзілася пачуць, Беларусь і надалей з’яўляецца штучна ўтворанай краінай, заходняя частка якой – “усходнія крэсы” – толькі па нешчаслівым збегу гістарычных абставін апынулася па-за Польшчай.

Такім чынам, нягледзячы на вонкавае падабенства эканамічнага і палітычнага становішча Беларусі і Польшчы ў канцы 1980-х-пачатку 1990-х гадоў, нераўназначнасць грамадскіх зменаў у гэтых дзяржавах абумоўлена тым, што працэс нацыястварэння ў Беларусі ідзе са значным спазненнем і не завершаны дагэтуль.

І для таго, каб Беларусь сапраўды далучылася да агульнаеўрапейскай прасторы, трэба перадусім выканаць умову, агучаную на нядаўнім з’ездзе беларусаў свету шведскім амбасадарам Стэфанам Эрыксанам: “Перш чым пачуваць сябе еўрапейцам, для пачатку трэба стаць беларусам”.

Менавіта таму беларускі шлях у Еўропу, ад якога залежыць лёс нашай нацыі, – гэта шлях аднаўлення нацыянальнай самасвядомасці, шлях вяртання да гістарычнай спадчыны, шлях захавання і пашырэння сферы ўжытку мовы, шлях развіцця і папулярызацыі самабытнай культуры.


Гл. таксама:

Конкурс для рэгіянальных журналістаў

18:29 3.08.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы