галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Віншуем Алега Трусава з юбілеем!
7 жніўня адзначыў свой юбілей старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Анатолевіч Трусаў. Магілёўскае ТБМ жадае юбіляру выдатнага настрою, шчаслівых сонечных дзён, напоўненых цеплынёй і дабрынёй!

Віншуем Алега Трусава з юбілеем!Плёну і натхнення Вам! Няхай заўжды Вам дапамагаюць усмешкі блізкіх і пяшчота сэрцаў, якія б’юцца побач з Вамі і дзеля Вас!

Вялікі дзякуй за Вашу душэўную цеплыню і чуласць!

Няхай кожны дзень будзе напоўнены падтрымкай сяброў і паплечнікаў, а трывог стане як мага менш. Няхай на душы ў вас будуць радасць і спакой, у працы — поспех і павага, а ў сям’і - дабрабыт і ўзаемаразуменне.

Моцнага ўсім здароўя, душэўнага спакою, поспехаў ва ўсіх справах,сямейнага дабрабыту, пяшчоты, кахання, узаемаразумення і цудоўнага настрою, міру і згоды, веры ў свае сілы і здзяйснення ўсіх жаданняў!

Будзьце шчаслівыя!


Алег Анатольевіч ТРУСАЎ нарадзіўся 7 жніўня 1954 г. ў старажытным Мсціславе, паходзіць з мсціслаўскай шляхты. Беларускі археолаг, навуковы, палітычны, культурны, грамадскі дзеяч. Кандыдат гістарычных навук (1981). Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ). Шырока вядомы даследчык беларускай архітэктуры і гісторыі матэрыяльнай культуры Сярэднявечча і Новага часу. Па гэтай тэматыцы напісаў больш за 10 навуковых работ і каля 250 артыкулаў.

Скончыў гістарычны факультэт БДУ (1976). У 1976-1992 працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце, загадчык аддзела комплексных навуковых даследаванняў. У 1981 абараніў кандыдацкую дысертацыю, тэма дысертацыі «Монументальное зодчество Белоруссии XI-XVII вв. Историко-археологический анализ». Адзін з заснавальнікаў ТБМ імя Ф. Скарыны. У 1996 – 1998 — дэкан факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэм Беларускага універсітэта культуры. Дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства (з 1995). У крас. 1997 абраны Рэспубліканскай Радай першым намеснікам старшыні ТБМ. На VI з’ездзе ТБМ (17.4.1999) абраны старшынём ТБМ. Адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філатэліі Беларусі. Жанаты, мае дачку.

Адзін з заснавальнікаў БНФ, БСДГ (з 1991), намеснік (1991), старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ (1992-1995). У 1990-1996 – дэпутат ВС РБ XII склікання. У 1990-1995 – намеснік старшыні камісіі ВС РБ па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны. Прымаў удзел у распрацоўцы афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба «Пагоня», бел-чырвона-белага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго. Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазіцыі БНФ (11-12.4.1995) супраць арганізаванага А. Лукашэнкам рэферэндуму пра змену дзяржаўных сімвалаў, скасаванне статуту беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай і эканамічную інтэграцыю з Расіяй.

У 1990 быў адным з заснавальнікаў беларускага гуманітарнага ліцэя імя Я. Коласа.

19:02 9.08.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы