Працягваем нашу вандроўку скрозь стагоддзі па цікавых старонках магілёўскай гісторыі ў асобах знакамітых людзей.XIX стагоддзе. Магілёў Губернскі… Годныя таго, каб назаўсёды застацца ў памяці магілёўцаў і трывала замацавацца ў тапаніміцы, наступныя асобы. Напрыклад, доктар медыцыны ды хірургіі
К.І. Грум-Гржымайла (у 1828 годзе выйшла ягоная манаграфія «Пра калтун (plica)») і
Ф. Ф. Орля-Ашмянец, выкладчык лацінскай і польскай славеснасці ў губернскай мужчынскай гімназіі, выдавец першага магілёўскага часопіса «Айчынны помнік» («Отечественный памятник») (выдаваўся ў 1817 годзе).
Пэўную вядомасць Магілёву ў тыя часы здабыў
Міхаіл Урончанка, наш зямляк, выпускнік Магілёўскай мужчынскай гімназіі, здольны музыка ды перакладчык ён стаў прафесійным геадызістам і паказаў еўрапейцам паўвостраў Малая Азія, а напрыканцы жыцця нават заняў пасаду ціфлісскага генерал-губернатара.
Не было б за лішняе аддаць належнае ўдзельнікам нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863-64 гг., бо на Магілёўшчыне паўстанне таксама атрымала падтрымку. Тут атрад
Людвіка Звязждоўскага здолеў пры дапамозе студэнцтва захапіць уездны цэнтр горад Горкі.
Таксама ў другой палове XIX стагоддзя на Магілёўшчыне актыўна дзейнічалі народніцкія гурткі. Такія нашыя землякі як
Г.Ісаеў, С. Кавалік, М. Судзілоўскі сталі вядомымі народнікамі, усе яны заслугоўваюць каб памяць пра іх была належным чынам ушанавана.

Ураджэнец Клічаўшчыны
Ігнат Грынявіцкі 1 сакавіка 1881 года забіў бомбай імператара Расіі Аляксандра II. А
Мікалай Канстанцінавіч Судзілоўскі вядомы яшчэ як падарожны, даследчык-географ, удзельнік міжнароднага рэвалюцыйнага руху і першы прэзідэнт Гавайскай рэспублікі.

Выбітны дзеяч беларускай культуры XIX стагоддзя
Адам Кіркор, ураджэнец Магілёўшчыны, ён у 1832-1834 гадах навучаўся ў Магілёўскай гімназіі. З 1860 г. Ён выдаваў і рэдагаваў газету «Кур'ер Віленскі». Адам Кіркор здзейсніў дзесяткі археалагічных экспедыцыяў, раскапаў недзе каля 1000 курганоў. Вышэйшым дасягненнем ягонай навуковай дзейнасці з'яўляецца 3-ці том «Жывапіснай Расіі», які быў выдадзены ў 1882 годзе пад агульнай рэдакцыяй Сямёнава, дзе найбольш дасканала асвятляюцца пытанні гісторыі, культуры, эканомікі Беларусі і асобных раёнаў сучаснай Летувы.
Таксама з Магілёвам шчыльна звязана жыццё і дзейнасць вядомага педагога, гісторыка, літаратара
Е.Р.Раманава (сёння Магілёўскі абласны краязнаўчы музей носіць ягонае імя, на будынку ўсталявана мемарыяльная дошка). Асноўнай працай Е.Р.Раманава ёсць 9-томнае выданне фальклёра «Беларускі зборнік», у якім прыведзены амаль усе жанры вуснай паэтычнай творчасці беларусаў.
Безумоўна, самым вядомым магілёўскім губернатарам XIX стагоддзя стаў
Аляксандр Станіслававіч Дзембавецкі (ён кіраваў Магілёўскай губерняй з 1872 да 1893 года). Ён ініцыяваў і рэдагаваў калектыўную навуковую працу «Вопыт апісання Магілёўскай губерні…» («Опыт описания Могилёвской губернии в исторических, физико-географических, этнографических, промышленных, сельскохозяйственных, лесных, учебных, медицинских и статистических отношениях»), якая была выдадзена ў трох тамах у 1882-1884 гадах. І вось чаму мы ніяк не ўшанавалі гэтага чалавека? Чаму, калі ўсе дагэтуль памылкова завём кіраўніка абалвыканкама «губернатар», няма ў нас помніка, дошкі ці сквера імя А.С.Дзембавецкага, самага вядомага нашага губернатара?
Свае думкі і прапановы, пытанні ды парады дасылайце на сайт zdymki@gmail.com ці на e-mail аўтару: kapialiush@yandex.ru
А ўвогуле, калі казаць пра гісторыю Магілёва, нельга не ўзгадаць пра
Мікалая Рыгоравіча Гартынскага (1799 – 1887; нарадзіўся і памёр у Магілёве), аўтара рускамоўнага пераклада «Магілёўскай хронікі», што быў выдадзены ў Маскве ў 1887 годзе. Таксама ён з'яўляецца аўтарам навуковай працы «Нататкі пра яўрэяў». Сучаснікамі ён ацэньваўся не інакш як «Маститый историограф могилёвский». На Успенскіх могілках па вул. Леванеўскага захавалася 11 надмагільных пліт сям'і Гартынскіх, а па вул. Вароўскага яшчэ і дагэтуль стаяць будынкі, якія да рэвалюцыі належалі гэтаму слаўнаму магілёўскаму роду. І, пагадзіцеся, тую ж вуліцу Вароўскага, які абсалютова ніяк не звязаны з Магілёвам, можна смела перайменаваць у гонар М.Р.Гартынскага, нашага выдатнага земляка. І дошку памятную можна зацвердзіць. У гонар усяго роду Гартынскіх.
Яўген Балбераў
Гл. таксама:Героі старадаўняга Магілёва (з легендаў – да XIX стагоддзя)Магілёў ганарыцца сваёй гісторыяй?