галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк – фотарэпартаж з вандроўкі. Частка 1
Магілёўская гарадская арганізацыя грамадскага аб’яднання “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны” 9 жніўня 2009 г. арганізавала краязнаўчае падарожжа па маршруце Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк, удзельнікамі якога сталі каля 40 магілёўцаў.

Прапануем вашай увазе фотарэпартаж з вандроўкі, у першай частцы якога прадстаўлены фотаздымкі з Княжыц, Галоўчына і Тубышак.
Княжыцы. Гэтая вёска ў Магілёўскім раёне набыла вядомасць дзякуючы заснаванаму тут у 1681 годзе дамініканскаму манастыру і касцёлу, які дзейнічаў з 1670-х гадоў да 1832 года. Фундатарам быў уладальнік сяла, надворны харунжы ВКЛ Канстанцін Пац, які праславіўся ў гады вайны Расіі і Рэчы Паспалітай (1654-1667 гг.), а таксама ў вайне супраць Турцыі. Першы касцёл, які быў драўляным, не захаваўся.

Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк – фотарэпартаж з вандроўкі. Частка 1
касцёл у Княжыцах. Фота mahilou.org


Пасля 1750 года пачалося будаўніцтва каменнага касцёла, які быў асвечаны ў 1780 годзе ў гонар святога Антонія Падуанскага магілёўскім епіскапам Станіславам Богуш-Сестранцэвічам. Будаўніцтва манастырскага корпуса скончылася ў 1791 годзе.

У 1832 годзе, пасля падаўлення паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі, манастыр быў ліквідаваны царскай адміністрацыяй, бо лічыўся правадыром польскага ўплыву ў краі, але сам касцёл заставаўся парафіяльным. У перыяд паўстання 1863-64 гг. быў закрыты і касцел, а праз два гады – перабудаваны ў праваслаўную царкву святога Аляксандра Неўскага. На жаль, сёння будынак касцёла св. Мікалая павольна разбураецца, хоць і з’яўляецца помнікам архітэктуры.

Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк – фотарэпартаж з вандроўкі. Частка 1
план бітвы пад Галоўчынам. Фота mahilou.org


Варта адзначыць, што ніжняя частка фасада з парталам арыгінальнага малюнка фланкуецца па баках двума выступаючымі наперад сценкамі з шырокімі аркавымі праёмамі. Гэтыя сценкі, якія нагадваюць аркбутаны, надаюць пабудове не толькі ўстойлівасць, але і ўзмацняюць дынамічнасць яе кампазіцыі і ствараюць парадны дворык перад уваходам у храм. Падобны прыём не адзначаецца ў іншых культавых пабудовах Беларусі.

Галоўчын. Каля гэтай вёскі ўжо Бялыніцкага раёна 3 ліпеня 1708 года адбылася бітва паміж рускімі і шведскімі войскамі.
Падчас Вялікай Паўночнай вайны 1700-1721 гг. шведскі кароль Карл XII улетку 1708 г. пачаў з Гародні паход на Ўсход.

Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк – фотарэпартаж з вандроўкі. Частка 1
рака Вабіч, месца бітвы пад Галоўчынам. Фота mahilou.org


3 ліпеня 1708 г. каля вёскі Галоўчын Карл XII атрымаў сваю апошнюю буйную перамогу, пры гэтым значная колькасная перавага ў гэтай бітве (больш за 10 тыс. ваяроў) была на баку рускага войска на чале з генералам Меньшыкавым і генерал-фельдмаршалам графам Шарамецьевым. Акрамя таго, яны займалі добрую абарончую пазіцыю, а лінія фронту расцягнулася на 10 кіламетраў. Таксама ў гэтых месцах знаходзіліся найболей гразкія балоты. Але, нягледзячы на гэта, расійцы пацярпелі паразу і збеглі, адкрыўшы шведам шлях на Магілёў.

Усе біёграфы шведскага караля і ён сам аднадушна лічылі гэтую бітву вяршыняй яго вайсковага мастацтва. Праўда, у гэтым баі Карл XII ледзь не загінуў. Яго конь уграз у балоце, і шведскія салдаты з цяжкасцю выбавілі караля з багны.

Нядаўна каля Галоўчына ўсталявалі памятны знак у гонар адной з найбуйнешых бітваў Паўночнай вайны - Галоўчынскай бітвы. Чатырнаццацітонны камень нагадвае сучаснікам пра падзеі 300-гадовай даўніны. І хоць у бітве пад Галоўчынам шведскія войскі атрымалі вікторыю, для войска Карла XII яна стала апошняй, таму што ў хуткім часе рускія войскі атрымаюць перамогі пад вёскай Лясная і ў Палтаўскай бітве.

Тубышкі. Гэтае паселішча сучаснага Круглянскага раёна праславіў генерал, нацыянальны герой Сербіі, першы губернатар Туркестана Міхаіл Рыгоравіч Чарняеў (1828-1898) - моцны, адважны, сумленны і бескарыслівы чалавек, усё жыццё якога - служэнне Айчыне і народу.

Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк – фотарэпартаж з вандроўкі. Частка 1
капліца ў Тубышках. Фота mahilou.org


Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай дзед генерала, Мікіта Ісаевіч Чарняеў атрымаў Тубышкі ва ўладанне. Так лёс звязаў рускіх дваран з Круглянскай зямлёй.

І хаця Міхаіл Рыгоравіч нарадзіўся ў малдаўскім горадзе Бэндэры, ужо праз некалькі гадоў сям’я Чарняевых вярнулася ў свой маёнтак.

У 1838-40 гг. Міхаіл вучыўся ў Магілёўскай мужчынскай гімназіі, працягваў вучобу ў Пецярбурзе, дзе пасля выхавання ў Дваранскім палку скончыў курс у Акадэміі Генеральнага Штаба.

Першы баявы досвед Чарняеў набыў у бітвах супраць Турцыі, дзе ўдзельнічаў у аперацыі на Малахавым кургане падчас Крымскай вайны. За ўмелыя ваенна-аператыўныя дзеянні ён быў узнагароджаны ордэнам Святога Уладзіміра 4-ай ступені з бантам і залатой паўшабляй з надпісам "За адвагу".

Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк – фотарэпартаж з вандроўкі. Частка 1
магіла генерала Чарняева. Фота mahilou.org

Галоўнай справай свайго жыцця М. Р. Чарняеў лічыў далучэнне сярэднеазіяцкіх земляў да Расеі. Дзякуючы яму ў 1865 г. быў узяты Ташкент і ўтворана Туркестанская вобласць, ваенным губернатарам якой ён стаў. За адважныя дзеянні Чарняеў быў узнагароджаны ордэнам Святога Станіслава 1-ай ступені і Святой Ганны 1-ай ступені, залатой шабляй, упрыгожанай дыяментамі, з надпісам: "За ўзяцце Ташкента".

У 1873 г. Чарняеў набыў у Пецярбурзе газету "Рускі мір" і заняўся журналістыкай. Да актыўнай ваеннай дзейнасці яго вярнула нацыянальнае паўстанне, якое ўспыхнула на Балканах. Насуперак волі Аляксандра II Чарняеў таемна засцярогамі выехаў з Масквы ў Сербію ў красавіку 1876 г. У чэрвені ён прыбыў у Белград і быў прызначаны галоўнакамандуючым сербскім войскам.

Аднак вайна прывяла да ўмяшання Расеі ў балканскія падзеі, а таму М. Р. Чарняеву трэба было вярнуцца на радзіму. Аднак яму быў забаронены ўезд у Расею. Генерал пабываў у Чэхаславакіі, Аўстрыі, Кітаі, а ў Японіі ўрад прымаў яго як ганаровага госця.

Пасля сваёй адстаўкі Чарняеў у 1887 г. набыў свой радавы маёнтак у Тубышках, прададзены пасля Крымскай вайны па даручэнні бацькі. Тут ён з вялікай увагай ставіўся да патрэб царквы. Чарняеў замяніў трухлявы драўляны падстрэшак для званоў каменнай званіцай. За свой рахунак ён пабудаваў царкоўна-прыхадскую школу на 70 вучняў.

4 жніўня 1898 г. М. Р. Чарняеў памёр. Міхаіл Рыгоравіч пакінуў ліст, дзе выказаў жаданне быць пахаваным паблізу Ташкента або ў Тубышках без усякіх знакаў адрознення на дамавіну і за дамавінай, якія прымяншаюць значэнне смерці. 8 жніўня парэшткі генерала Чарняева былі апушчаны ў склеп у прысутнасці родных і сялян сяла Тубышкі.

Побач з генералам пахаваны яго сябар Вольферт. Яны разам ваявалі ў Туркестане. Аднойчы пасля чарговай кампаніі ў Туркестане, Вольферт запрасіў Чарняева пагасцяваць да сябе дадому. Тут ён пазнаёміў Міхаіла Рыгоравіча са сваёй сястрой, якая пазней стала жонкай генерала Чарняева. У адной з бітваў Вольферт быў цяжка паранены, доўга хварэў і, паміраючы ў Парыжы, папрасіў пахаваць яго ў Тубушках, у радавым маёнтку сябра.

Сёння вялікі фонд пісьмовых крыніц пра генерала Чарняева захоўваецца ў Дзяржаўным гістарычным музеі ў Маскве.


Гл. таксама:

“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 5
“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4
“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 3
“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 2
“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 1
Па Варшаўскім шляху (фота)
Магілёў-Беразіно-Мінск. Фота
Барысаў-2008: летапіс вандроўкі Магілёўскага ТБМ (фота)
Талачын, Крупкі, Барысаў. Фотарэпартаж з вандроўкі
Магілёўцы адзначылі Дзень беларускага пісьменства дыктоўкай
Адзін дзень у Сярэднявеччы – старажытны Мсціслаў (фота)
Фотарэпартаж з паездкі на ўсход Магілёўшчыны
Дастоева, Моталь, Моладава, Парэчча, Пінск. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)
Скокі, Берасьце, Кобрынь, Закозель, Іванава. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)
Высокае, Воўчын, Вістычы, Чарнаўчыцы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)
Заходняя Беларусь у люстэрку падарожжаў
Падарожжа па краіне альбо нефармальная адукацыя
Косава, Ружаны, Пружаны, Камянец. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2)
Па прасторах Берасцейшчыны
Завосьсе, Сталовічы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)
Старажытны Мсціслаў запрашае
Турэц, Паланэчка, Вольна, Ішкалдзь. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.5)
Наваградак, Уселюб, Любча, Шчорсы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.4)
Мураванка, Шчучын, Масты, Рэпля, Вялікая Бераставіца. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.3)
Ліпнішкі, Іўе, Геранёны, Воранава, Радунь, Васілішкі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.2)
Валожын, Вішнёва, Дзясятнікі, Суботнікі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.1)
Па гістарычных мясцінах старадаўняй Літвы (фота)
Фотарэпартаж з Купальскага фэсту
Купальскі фэст на Друці
Вандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)
Браслаў, Іказнь, Мёры. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 6)
Міхалішкі, Відзы, Опса. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)
“У такіх вандроўках толькі адна хіба – мала дзён” (фота)
Смаргонь, Солы, Гервяты. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)
Ашмяны, Жупраны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)

Вандроўка Магілёўскага ТБМ па Паўночна-заходняй Беларусі
Гальшаны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2)
Крэва, Баруны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)

23:09 13.08.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы