Навальніцы хуткіх змен рэвалюцыйнай пары не абмінулі і Магілёў. Як здаралася ўжо неаднойчы, наш горад зноў зрабіўся адным з асноўных цэнтраў, дзе вызначаўся лёс цэлай дзяржавы. У гады першай сусветнай вайны Магілёў стаў ваеннай сталіцай Расійскай імперыі. З 21 жніўня 1915 г. па 25 лютага 1918 г. тут знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага. Імператар Мікалай II прыбыў у Магілёў 23 жніўня 1915 г., а 8 сакавіка 1917 г. ён, пасля адмовы 2 сакавіка ад прастола, у апошні раз развітваўся з афіцэрамі Стаўкі і з Магілёвам. Маюцца сведчанні, што развітанне адбывалася ў памяшканні дзяжурнага генерала Стаўкі на 2-м паверсе сучаснага Абласнога краязнаўчага музея. Я ўпэўнены, што асоба Мікалая II і факт ягонага знаходжання ў Магілёве ў такі лёсавызначальны для ўсяго свету час вартыя ўвасаблення ў памятным мануменце. Няхай помнік будзе стаяць дзеля памяці, а мы з вамі, гледзячы на яго, нехта – раскрытыкуе цара, а нехта – пашкадуе і даруе яму. Галоўнае, каб жыла памяць, не чырвоная ці белая, а жывая гістарычная ПАМЯЦЬ.
Таксама трэба захаваць памяць пра Міхаіла Сілуянавіча Кахановіча, лідэра Магілёўскага Беларускага нацыянальнага камітэта (БНК), які потым быў першым дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі, дэпутатам Польскага сейма, быў адным з выбітных дзеячоў беларускага нацыянальнага руху. Паводле ягонай прапановы 12 ліпеня 1918 г.ў зале суда (цяпер Абласны краязнаўчы музей) прадстаўнікі ўсіх магілёўскіх арганізацыяў на з'ездзе абсалютовай большасцю галасоў падтрымалі ідэю незалежнасці Беларусі. Магілёў стаўся адзіным буйным горадам Беларусі, які на такім прадстаўнічым мерапрыемстве падтрымаў ідэю беларускага суверэнітэта, выказанную ў Трэцяй Устаўной грамаце Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) ад 25 сакавіка 1918 года. І якіх бы палітычных поглядаў мы з вамі, паважаныя чытачы не прытрымліваліся, як бы мы не ацэньвалі сваю недаўнюю мінуўшчыну, мы ўсе мусім прызнаць бясспрэчны факт: без абвяшчэння ў 1918 г. БНР не было б БССР (абвешчана ў 1919 г.), не было б і Рэспублікі Беларусь. Таму М.С.Кахановіч, як і ўсе тыя, хто быў ля вытокаў нашай дзяржаўнасці, заслугоўваюць добрай памяці.

Магілёў. Тэатральная плошча ў пач. ХХ ст.Канешне ж, нельга забыць трагічны лёс праваслаўнага архіепіскапа Паўліна (Пятра Крошачкіна), які ачольваў Магілёўскую епархію з 1933 г. Ён карыстаўся вялікай пашанай і аўтарытэтам у праваслаўных магіляўчан, але быў арыштаваны ў 1935 г. і расстраляны ў 1937 г. За пакутніцкую смерць у імя Веры архіепіскап Паўлін на юбілейным Саборы Рускай Праваслаўнай царквы (2000 г., Масква) быў кананізаваны і прылічаны да ліку пакутнікаў Расійскіх ХХ стагоддзя. Дарэчы, у Магілёве, на Машэкаўскіх могілках пахавана маці архіепіскапа Паўліна.
Нельга не ўзгадаць літаратурнае жыццё Магілёва тых часоў. Пісьменнікі Андрэй Мрый, Васіль Шашалевіч, Міхась Зарэцкі, кожны з каторых унёс годны ўклад у беларускую літаратуру, усе яны скончылі магілёўскую духоўную семінарыю. Міхась Зарэцкі, дарэчы, працаваў у Магілёве настаўнікам, быў загадчыкам валаснога аддзелу працаўнікоў асветы, ён, як пісьменнік і грамадзянін заўсёды быў наперадзе. Ягоная прынцыповасць у рэшце рэшт прывяла да сумнага выніку: у канцы1936 г. Зарэцкі быў арыштаваны і 29 кастрычніка 1937 г. расстраляны. Драматург Васіль Шашалевіч таксама прайшоў шлях, тыповы для інтэлігенцыі тых часоў, - ад эйфарыі першых дней рэвалюцыйнай перамогі да поўнай трагедыі ў сярэдзіне трыццатых. Увосень 36-га В.Шашалевіч быў арыштаваны і загінуў у Сібірскім ГУЛАГу. Магілёў таксама займае асобае месца ў лёсе Цішкі Гартнага (Зміцера Жылуновіча), таленавітага паэта і пісьменніка, а таксама – першага кіраўніка БССР. Цішка Гартны ўпершыню прыехаў у Магілёў у 1909 г. і да восені 1910 г. працаваў тут на гарбарных прадпрыемствах, пісаў нататкі ў «Нашу Ніву», напісаў верш «Гарбар» і некаторыя іншыя. Менавіта ў Магілёве і завершыўся зямны шлях Цішкі Гартнага. Яго арыштавалі ў 1936 годзе і адправілі ў Магілёўскую перасыльную турму (будынак сучаснага лабараторнага корпусу БРУ), дзе пасля працяглых катаванняў ён быў прызнаны псіхічнахворым і пераведзены ў псіхіятрычную лякарню, дзе быў забіты. Пахаваны гэты славуты чалавек у Пячэрскім парку, дзе на месцы верагоднага пахавання магілёўскімі энтузіястамі ў 1989 г. быў усталяваны мемарыяльны знак. Прыйшоў ужо час грамадскасці і ўладам сур'ёзна заняцца справай вяртання і захавання гістарычнай памяці пра ўсіх тых, хто быў несправядліва рэпрэсаваны.
Безумоўна, годныя таго, кааб іх імёны ўпрыгожылі тапаніміку Магілёва таксама хімік Я. Снядэцкі, які распрацаваў арыгінальную тэорыю арганічных рэчываў, і В.М.Нядвецкі, палярнік, даследчык Арктыкі, Герой Савецкага Саюза. Я ўпэўнены, што пры жаданні можна знайсці на мапе горада месца для вуліц ды завулкаў, названых у гонар такіх годных магіляўчан, як доктар Л.К.Нагумовіч, вучоны С.Я.Лур'е, гісторык М.Ф.Фурсаў – усе яны нарадзіліся ў Магілёве ў ХІХ стагоддзі. А нашыя землякі-кампазітары Фларыян Міладоўскі ды Мікалай Чуркін лёгка «згоняць» з гарадскіх вуліц Баха, Бетховена і Шапена з Глінкай. Значна маглі б упрыгожыць наш горад вуліцы імя В.І.Ермаловіча – тэатральнага рэжысёра, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, заснавальніка магілёўскага беларускамоўнага тэатра «Валянцін»; ці вуліца імя В.Ф.Капыціна – гісторыка, археолага, заснавальніка кафедры археалогіі ў МДУ імя А.Куляшова; як і вуліцы імя І.І.Філіповіча – вядомага магілёўскага краязнаўцы, ганаровага жыхара Магілёва ці імя Л. Мандэльштама – вядомага фізіка, аднаго з заснавальнікаў айчыннай навуковай школы радыёфізікі, акадэміка АН СССР. Да і вуліца ці праспект імя К.Н.Геда – мастака, аўтара жывапісных палотнаў з відамі Магілёва, - таксама будзе радаваць слых і памяць магіляўчан. Не трэба нам цурацца сваіх землякоў і нашай славутай гісторыі!
Яўген Балбераў
Гл. таксама:Магілёў Губернскі (XIX стагоддзе)Героі старадаўняга Магілёва (з легендаў – да XIX стагоддзя)Магілёў ганарыцца сваёй гісторыяй?Магілёў: ратушу аднавілі. Што далей? (фота)