Што змянiлася з мiнулага года ва ўжываннi беларускай мовы ў гарадскiм асяродку — весткi з Магiлёва.
Паблiзу плошчы Зорак у цэнтры Магiлёва ў гэтым сезоне з'явiлася новая летняя кавярня: "Карчма на шклоўскiм базары".Драўляныя лаўкi i сталы, iльняныя абрусы — усё ў народным стылi, замест звыклай для вулiчнага гандлю пластыкавай мэблi. Меню на летняй пляцоўцы — толькi на беларускай мове.
— Я не вельмi добра размаўляю па-беларуску, — усмiхаецца ветлiвая афiцыянтка, — Але, калi трэба, дапамагаю клiентам зразумець, дзе якая страва.
Хоць у пераважнай большасцi выпадкаў наўрад цi патрабуюцца тлумачэннi, што такое "Шкварка беларуская", "Кiлбаса крывяная", "Мачанка з блiнамi" ды "Дранiкi з грыбамi".
У дадатак да беларускiх прысмакаў — пiва з прыватнага бровару, якое вырабляецца па чэшскай тэхналогii. Беларускамоўнасць кавярнi людзей зусiм не адпужвае, хутчэй — наадварот.
Традыцыйна добра ставяцца да роднай мовы транспартныя арганiзацыi: вакзальныя шыльды выраблены на беларускай мове, а прыпынкi ў аўтобусах i тралейбусах у Магiлёве ўжо некалькi гадоў аб'яўляюць па-беларуску.
Магiлёўская гарадская арганiзацыя Таварыства беларускай мовы звярнулася да ўладаў абласнога цэнтра з прапановай змянiць музычны рэпертуар у грамадскiх месцах. Каб каля фантанаў гучаў не шансон, а беларуская музыка. У гарвыканкаме нiбыта не супраць прапановы i даручылi актывiстам ТБМ падрыхтаваць падборку музычных твораў.
Алег Дз'ячкоў, лiдар гарадской арганiзацыi ТБМ, працуе экскурсаводам. У розных турыстычных фiрмах ён праводзiць экскурсii па Магiлёўшчыне i ўсёй Беларусi толькi па-беларуску.
— Нядаўна ў нас адкрыўся кiнаклуб, — далей паведамiў Алег. — У iм мы глядзiм кiнастужкi на беларускай мове. Першым разам у Палацы культуры вобласцi, пры садзейнiчаннi цэнтральнай гарадской бiблiятэкi, паглядзелi фiльм па Васiлю Быкаву "На чорных лядах". Стужка — не новая, ды яшчэ чорна-белая, i я, калi шчыра, баяўся, што народ будзе сыходзiць з залы. Але фiльм выклiкаў вялiкую цiкавасць.
Цяпер у кiнаклубе збiраюцца штомесяц глядзець беларускамоўны фiльм. На чарзе — "Ноч на Купалле" i мультсерыял пра Шрэка, агучаны па-беларуску.
Таксама ў ТБМ рыхтуюцца да традыцыйнай выставы восеньскiх кветак у Палацы культуры вобласцi. У вераснi, перад замаразкамi, магiлёўскiя аматары вяргiняў прапаноўваюць публiцы свае кветкi, а гатункi напiсаны толькi па-беларуску.
Кажуць, што буйныя кампанii цяпер робяць рэкламу менавiта на беларускай мове: у вялiзнай колькасцi рускамоўных слоганаў тэксты па-беларуску вылучаюцца i гучаць свежа. Да Магiлёва, на жаль, гэткая мода пакуль не дакацiлася.
Афiшы i рэкламы ў абласным цэнтры спрэс напiсаны па-руску. Нават каля Магiлёўскага гарадскога цэнтра культуры толькi рэклама рыцарскага клуба выканана на беларускай мове, астатнiя — па-руску.
Аднак гэта, лiчыць кiраўнiцтва сферы культуры Магiлёўскай вобласцi, павiнна змянiцца.
Мяркуецца, што да 70 % рэкламы i афiшаў пра культурныя мерапрыемствы можна i трэба рабiць па-беларуску.
Шыльда крамы на бульвары Леніна. Фота mahilou.orgХоць з беларускамоўнымi шыльдамi ў Магiлёве нiякага руху не адбылося (як i леташняй восенню, у цэнтры горада ёсць толькi "Моладзевая вопратка i абутак" i "Майстэрня па рамонце абутку", дзе нават квiткi выраблены на роднай мове), але яго абяцаюць.
— Мы вырашылi сёлета памяняць усе шыльды ва ўстановах культуры, — паведамiў начальнiк упраўлення культуры Магiлёўскага аблвыканкама Анатоль Сiнкавец. — У нас у Беларусi дзве дзяржаўныя мовы, а таму шыльды будуць выкананы на дзвюх мовах.
Сёння ў абласным упраўленнi культуры прапануюць вялiкi спiс мерапрыемстваў па падтрымцы беларускай мовы. Напрыклад, зборнiк сучаснага выяўленчага мастацтва выдадзены на беларускай мове. Яго аўтарка, намеснiк дырэктара Магiлёўскага мастацкага музея Святлана Строгiна, дарэчы, усе значныя музейныя мерапрыемствы вядзе толькi на роднай мове. Хоць увогуле толькi трэцяя частка музейных экспазiцый Магiлёўшчыны выкананы па-беларуску.
Бiблiятэчная сiстэма вобласцi вядзе конкурсную праграму "Бiблiятэка — асяродак жыцця" на роднай мове. Усе абрады i народныя святы ў вясковых раёнах праводзяцца па-беларуску, але з улiкам мясцовых дыялектаў: на ўсходзе Беларусi ў мове народнага ўжытку адлюстраваўся ўплыў Расii.
— Аднак 95 % мерапрыемстваў у сферы культуры на Магiлёўшчыне праводзяцца на беларускай мове, — запэўнiў Анатоль Сiнкавец. — I
працаўнiкi культуры павiнны размаўляць на роднай мове, мы над гэтым працуем.
Пакуль няма добрых навiнаў ад тэатраў, у прыватнасцi — з Магiлёўскага абласнога драматычнага тэатра. Калi леташняй восенню ў яго рэпертуары было тры беларускамоўныя спектаклi, то цяпер засталося толькi два — старэйшы "Трышчан ды Iжота" ды "Легенда пра Машэку".
У гэтым сезоне новага спектакля на роднай мове не будзе ўвогуле. I надзеi на пашырэнне беларускамоўнага рэпертуару, якiя леташняй восенню прагучалi ў словах загадчыка лiтаратурна-драматычнай часткi магiлёўскага тэатра Цiмафея Яравiкова, на жаль, пакуль не спраўдзiлiся.
— Мы хочам, каб рэпертуары нашых тэатраў — драматычных тэатраў у Магiлёве i Бабруйску, а таксама лялечнага — былi напалову беларускамоўныя, — тым не менш ставiць задачу Анатоль Сiнкавец. — Сёння, калi ў тэатрах ставяць творы беларускiх драматургаў, то яны часцей за ўсё на рускай мове. Мiж тым, анкетаванне тэатральных гледачоў паказала: 60 % добра ставяцца да спектакляў на беларускай мове.
Ва ўпраўленнi культуры паведамiлi, што пачнуць працу са студыi пры магiлёўскiм тэатры, дзе займаецца пераважная большасць студэнтаў каледжа мастацтваў. Маладыя акцёры ў будучынi перанясуць сваё прыхiльнае стаўленне да роднай мовы ў вялiкiя тэатральныя залы.
Мяркуецца, што гэтыя планы атрымаюць важкую падтрымку ў наступным годзе. Магiлёўскiя ўлады распрацоўваюць комплекс мерапрыемстваў па прапагандзе беларускай мовы i, калi ён будзе прыняты, добрая справа па пашырэннi роднай мовы ў культуры i iншых сферах жыцця Магiлёўшчыны стане больш актыўнай у 2010 годзе.
Iлона Iванова, "Звязда"
Гл. таксама:У Магiлёве iнiцыююць Год роднай мовыДэфiцытная мова