Пры Магілёўскай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбылася першая сустрэча аматараў беларускага кіно, падчас якой прысутныя пабачылі экранізацыю вядомага твора народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава “На Чорных лядах”.Сучасны стан беларускага кіно даўно патрабуе нашай увагі і размовы. Што насамрэч уяўляе сабой сёння беларуская кінаіндустрыя? Што прапануецца гледачу? Дасягненні мінулых гадоў і сучаснае альтэрнатыўнае кіно – нас цікавіць усё.
Тэма першага прагляду была прысвечана 85–годдзю з дня нараджэння Васіля Быкава. Яго творчасць стала часткай светапогляду сучаснікаў і пераасэнсоўваецца кожным новым пакаленнем. Разуменне сутнасці вайны прыйшло да нас з творчасці гэтага чалавека. Справакаванае нейкімі звышсіламі забойства чалавека чалавекам - самая жахлівая дзея, што нішчыць адначасова ахвяру і забойцу. Вялікая місія, якую выканаў Быкаў, – выхаванне непрыяцця і агіды да вайны. Паміж манументальных помнікаў і эпахальных твораў зноў і зноў гучаў сціплы голас чалавечай бяды і пакуты, заклікаючы нас да моцы і чалавечнасці. У апошнія гады жыцця пісьменнік напісаў выдатныя прытчы, у якіх закрануў балючыя для беларуса тэмы калектывізацыі і палітычных рэпрэсій.
Прысутны на мерапрыемстве ветэран, журналіст Віктар Іванавіч Арцемьеў падзяліўся ўспамінамі пра сустрэчы з Васілём Быкавым і людзьмі, якія яго добра ведалі. Гэта стварыла атмасферу шчырасці і разумення складанасці жыцця творцы.

Паседжанне клубу наведаў вядомы пісьменнік, наш зямляк Валерый Казакоў. Ён распавёў пра вялікі уплыў, які зрабіла на яго творчасць беларускага пісьменніка.
Многія творы Васіля Быкава маюць сваю кінаверсію, аднак для прагляду была абрана апошняя экранізацыя - фільм “На чорных лядах”.
Фільм гэты прысвечаны Слуцкаму збройнаму чыну, узнятаму ў 1920 годзе супраць бальшавіцкай акупацыі Беларусі. Гэта была адзіная стужка, знятая студыяй “Беларусьфільм” у 1995 г. Студыя перажывала тады цяжкі крызіс, праз адсутнасць сродкаў фільм быў зняты чорна – белым.
Сюжэт ідзе дакладна па творы. Паказаны апошнія дні паўстання. Знясіленыя і галодныя людзі, якія хацелі дабра сабе і свайму народу, свядома ідуць на самагубства, каб не пацягнуць на пакуты родных і блізкіх. Яны капаюць сабе агульную магілу на Чорных лядах і па чарзе кладуцца ў яе. З васьмі чалавек застаецца жыць толькі пятнаццацігадовы Валодзька, які павінен усіх закапаць і застацца жыць.
Прагляд фільму пакінуў моцнае ўражанне. Тэма вайны балюча кранула кожнага з прысутных незалежна ад узросту і стаўлення да падзей. Многія згадалі ўспаміны бацькоў пра мінулыя часы. На жаль, сёння не ўсе гатовы ўспрыняць тую жорсткую праўду. Чаму?
Пра гэта пісаў В. Быкаў у адным са сваіх інтэрв’ю: “…ва умовах беспрасветных і безнадзейных, у якія нас паставіла навукова – тэхнічная рэвалюцыя, тэрмаядзерная эпоха,чалавеку не застаецца выбару. Ён можа толькі альбо заставацца чалавекам, альбо перастаць існаваць”.
Наступнае пасяджэнне кінаклубу, на якім адбудзецца прагляд фільма “Купальская ноч”, запланавана на 24 верасня.
Алена Асмакоўская