Пакуль беларускi веласiпедыст Васiль Кiрыенка штурмуе горныя вяршынi на iспанскай шматдзённай гонцы "Вуэльта", яго магiлёўскiя балельшчыкi вырашылi зрабiць веласiпедны турыстычны маршрут пад кодавай назвай "Магiлёўская кругасветка". 12 верасня з дзясятак магiлёўцаў сабралiся, каб апрабаваць веладарожку, якая вядзе ад Ратушы ў цэнтры горада да Буйнiцкага поля, дзе месцяцца мемарыяльны комплекс, цiкавы заасад i прыгожыя месцы для адпачынку. — Дарожку зрабiлi, калi ў паветры лунала iдэя зрабiць Магiлёў веласiпедным горадам, спартыўным i экалагiчным, але сёння ехаць па ёй складана, — прызнаўся кiраўнiк клуба "Чароўны ўспамiн" Сяргей Кулягiн. — Яна паўсцёртая, i няма з'ездаў з новых бардзюраў. Але мы праехалi за 4 гадзiны болей за 30 кiламетраў, аб'ехалi палову ваколiцаў Магiлёва, i праз некалькi тыдняў мяркуем замкнуць кола. Мы хочам да вясны наступнага года стварыць маршрут, прысвечаны 65-годдзю Перамогi. Поўны маршрут складзе каля 70 кiламетраў. З адпачынкамi i экскурсiямi такая нагрузка даступная i непрафесiяналу ў веласiпедным спорце. Напрыклад, абед i катанне на конях можна арганiзаваць у аграсядзiбе Iгара Iсаева ў вёсцы Гаi, пасядзець у цяньку i напiцца смачнай вады — каля каплiцы на Палыкавiцкай крынiцы, а на Буйнiцкiм полi на свае вочы ўбачыць савецкую ваенную тэхнiку i ўнiкальны нямецкi танк, якi пасля вайны выцягнулi з балота, а ў нашы днi спрабавалi скрасцi i прадаць за вельмi вялiкiя грошы. Iлона Iванова, "Звязда" 20:00 14.09.2009 |