Беларуская мова ня ёсьць дыялектам расейскай. Гэта расейскаму інтэлектуалу Анатолю Васэрману маюць давесьці ўдзельнікі новай інтэрнэт-ініцыятывы “Доказы для Анатоля Васэрмана”.
Ініцыятыву “Доказы для Анатоля Васэрмана” распачаў аўтар блогу www.pchala.blogspot.com. Свае тэзы аб самастойным існаваньні беларускай мовы блогер просіць пакідаць у камэнтарах да посту або дасылаць іх на электронную скрыню pchala2009@hotmail.com. Асноўныя патрабаваньні да тэзаў: лягічнасьць, доказнасьць, карэктнасьць у дачыненьні да апанэнта. Пажадана, каб тэзы былі напісаныя на расейскай мове. Усе дасланыя тэзы будуць накіраваны да Анатоля Васэрмана для разгляду.
Інтэрнэт-акцыю справакавала відэа Анатоля Васэрмана. Беларуская мова, а разам зь ёй і ўкраінская, не зьяўляюцца самастойнымі мовамі, паколькі гэта дыялекты расейскай, даводзіць знаўца. У якасьці аднаго з галоўных доказаў Васэрман прыводзіць тэзу, што кожнай сынтаксычнай зьяве, якая існуе ў беларускай, ёсьць адпаведнік у расейскай мове.
Анатоль Васэрман зьяўляецца шматразовым пераможцам інтэлектуальных гульняў. Журналіст і палітычны кансультант. Ягоныя палітычныя погляды што да Ўкраіны некаторымі аглядальнікамі называліся ўкраінафобскімі. У інтэрнэце таксама багата гумару пра Анатоля Васэрмана. У сеціве ён атрымаў мянушку “Онотоле”.