галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Алег Трусаў: Пятая калёна Расеі “ня сьпіць у шапку”
Толькі 11,9% грамадзян Беларусі ў паўсядзённым жыцьці карыстаюцца беларускай мовай, - гэта вынікі дасьледваньня Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры Адміністрацыі прэзыдэнта. Ажно для 72% беларусаў асноўнай мовай камунікацыі зьяўляецца расейская.

Гэтыя лічбы апублікаваныя за месяц да правядзеньня ў краіне Ўсеагульнага перапісу, падчас якога жыхары краіны адкажуць і на пытаньне пра мову. Як адзначаюць нашыя суразмоўцы, вынікі апытаньня Адміністрацыі прэзыдэнта зьявіліся невыпадкова.

Зь інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта складваецца карціна, што цягам 10 гадоў ад апошняга перапісу сытуацыя зь беларускай мовай пагоршылася ў два разы. Калі ў 1999 годзе роднай беларускую мову назвалі больш за 70%, то сёньня толькі 36%.

Яшчэ горш выглядае сытуацыя з ужываньнем беларускай мовы. Мовай паўсядзённага ўжытку яе назвалі толькі 11,9%. Для 72% асноўнай мовай зносін зьяўляецца расейская, а 21% беларусаў гавораць на “трасянцы”. Асабліва небесьпечным сымптомам для будучыні беларускай мовы зьяўляецца яе зьмяншэньне ва ўжытку моладзі. Толькі 6% маладых людзей да 30 гадоў карыстаюцца ёй штодзённа, і толькі траціна лічаць яе роднай.

Алег Трусаў: Пятая калёна Расеі “ня сьпіць у шапку”Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў ня верыць гэтым дадзеным. Кампанію Адміністрацыі прэзыдэнта ён назваў падрыхтоўкай да перапісу, які мае адбыцца ў кастрычніку.

А. Трусаў: Некаторыя людзі ў Адміністрацыі прэзыдэнта вельмі хацелі б замацаваць гэтыя вынікі на перапісе. Я магу вам назваць іншыя лічбы. Паводле апытаньня, праведзенага сёлета НІСЭПД, па-расейску ў Беларусі размаўляе 57,4%. А астатняе – гэта розныя формы “трасянкі” й беларуская мова. Як бачна, лічбы адміністрацыі на 20% завышаныя.

Алег Трусаў мае таксама вялікія сумневы адносна тэрміну “расейская мова ў Беларусі”. На яго думку, большасьць беларусаў памылкова лічаць сваю гутарку расейскай.

А. Трусаў: На літаратурнай расейскай мове ў нас размаўляе не больш 5-ці %, а “Камсамолка” летась давала 1%. Усё астатняе – гэта розныя варыянты “трасянкі”, у тым ліку й “расейская мова” нашага паважанага кіраўніка дзяржавы. Гэтыя лічбы – гэта адмысловае замбаваньне людзей, каб яны на перапісе называлі родную мову расейскай. Магчыма будуць і нейкія махінацыі з гэтымі лістамі.

Каму выгадна заніжаць паказьнік беларускамоўных у краіне? На думку старшыні ТБМ, гэта высокапастаўленыя чыноўнікі, якія мараць жыць не ў вольнай Беларусі, а ў “Северо-западном крае”.

А. Трусаў: Вакол прэзыдэнта ёсьць шмат людзей, якія сьпяць і бачаць нас Расейскай імпэрыяй. Ён час ад часу ад іх пазбаўляецца, але відаць, іх там нямала. Пятая калёна ў шапку ня сьпіць. Асабліва калі паглядзець, што робіць нашае Міністэрства адукацыі, то яўна там ёсць людзі, якія вельмі хочуць жыць у “Северо-западном крае” Расейскай Фэдэрацыі, а не ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь.

З публікацыяй дадзеных Адміністрацыі прэзыдэнта супаў пачатак грамадзкай кампаніі “Маладога фронту” “За-беларускую мову”. Цягам наступных пяці месяцаў маладафронтаўцы ставяць за мэту дамагчыся беларусізацыі ўсіх сфэраў грамадзкага жыцьця ў краіне, а найперш у сфэры адукацыі.

Асноўным сродкам рэалізацыі кампаніі “За – беларускую мову” зьяўляцца збор подпісаў пад зваротам у дзяржаўныя інстытуты ўлады з патрабаваньнямі забясьпечыць фактычную роўнасьць беларускай мове з расейскай. Гаворыць лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч.

З. Дашкевіч: Сёньняшння наша кампанія й збор подпісаў, якія мы ўжо пачалі, сьведчаць аб тым, што беларусы вельмі пазытыўна настроеныя на гэты пасыл роўнасьці моваў. Хаця назіраецца і страх. Многія людзі задаюць пытаньне, а што будзе, і ці не выкліча гэта праблемаў, але падпісваюцца вельмі актыўна. Да 21 лютага, калі адзначаецца Дзень роднай мовы, мы плянуем сабрасць 50 тысячаў подпісаў. Будуць таксама пікеты й зваротыя ў дзяржаўныя і недзяржаўныя інстытуты ўлады ды СМІ з просьбай і настойваньнем выконваць Канстытуцыю й іншыя законы паводле якіх, беларуская мова мае такія ж правы на разьвіцьцё, як і расейская.

Дарэчы, траціна апытаных хацела б шырэй выкарыстоўваць беларускую мову ў дзяржаўных установах, пятая частка – на працы, вучобе, а таксама ў сфэры абслугоўваньня. Амаль палова апытаных лічыць, што шырокае ўжываньне беларускай мовы ў жыцьцi рэспублiкі павысiць узровень нацыянальнай самасьвядомасці і ўмацуе прэстыж i аўтарытэт краiны ў вачах сусьветнай супольнасьцi.

Дзьмітры Гурневіч, radyjo.net


Гл. таксама:


Больш за 70% рэспандэнтаў жадаюць пашырэння ўжывання беларускай мовы

17:12 19.09.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы