У нядзелю, 6 верасня, Магілёўская суполка ТБМ імя Францішка Скарыны зладзіла традыцыйную вандроўку на Дзень беларускага пісьменства – гэтым разам у Смаргонь. Удзел у падарожжы прынялі больш за 30 магілёўцаў.Сама вандроўка ўжо традыцыйна не абмежавалася ўласна Смаргонню – сталіцай 16-га дня беларускага пісьменства. На Смаргношчыне сябры ТБМ наведалі таксама палац выбітнага грамадскага дзеяча і кампазітара, аўтара славутага “Паланезу” Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі; сядзібу-музей аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча ў Кушлянах і яго магілу ў Жупранах; старажытны Крэўскі замак – месца заключэння уніі паміж Польшчай і Вялікім княствам Літоўскім у 1385 г.
ДаведкаЗалессе. Палац Агінскага
Для пабудовы палаца - архітэктурнага ансамбля класіцызму пачатку XIX ст. -характэрныя прастата і рацыянальнасць распрацоўкі, уласцівыя класіцызму. Ён размяшчаецца блізу сажалкі, у пачатку парка, ля скрыжавання дзвюх дарог-алей. Таму невыпадкова яго план уяўляецца падабенствам літары Г. Галоўны корпус арыентаваны ў бок пад'езда да ансамбля. Працягласць фасада каля 35 м. Яго сярэдняя частка вылучаная чатырохкалонным порцікам дарыйскага ордэра і мае два паверхі. Кутнія флігелі двухпавярховыя; астатнія часткі ў адзін паверх.
Другі корпус палаца будаваўся пазней і ў некалькі прыёмаў. Пасля дабудоўкі галерэі-аранжарэі ён расцягнуўся амаль на 60 м і прадстаўлены рознавысотнымі аб'ёмамі.
Вонкавая архітэктура палаца адрозніваецца сціпласцю. Будынак практычна пазбаўлена дэкарацыі: вокны без ліштвы, карнізныя цягі найпростага профіля. Толькі порцік уваходу і галерэя-каланада былой аранжарэі маюць пластычнае рашэнне. Фасады палаца не раз рамантаваліся і спрашчаліся; унутраная планіроўка анфіладнай і калідорнай сістэмы таксама значна змянілася.
М. Агінскі сябраваў з Т. Касцюшкам, быў актыўным удзельнікам паўстання 1794 г. Памятны камень-валун з надпісам "Ценям Касцюшкі" захаваўся дагэтуль у адным з куткоў залескага парка як даніна баталіям паўстання канца XVIII ст.
Крэва, замак
Гісторыя замка багатая падзеямі. У 1338 г. Вялікі князь Літоўскі Гедымін пасадзіў у Крэва ў замку князем свайго сына Альгерда. Гэта першае згадка пра замак, якая лічыцца афіцыйнай датай яго пабудовы. Пасля смерці Альгерда замкам авалодаў Ягайла.
Менавіта ў Крэўскім замку, у вялікай вежы, у 1382 г. быў задушаны па загадзе свайго пляменніка Ягайла адзін з князёў Вялікага княства Літоўскага – Кейстут, які пасягнуў на ўладу над Княствам. Сыну апошняга, Вітаўту, у будучым галоўнаму "вінаватаму" перамогі ў Грунвальдскай бітве, атрымалася збегчы ад стрыечнага брата, перапрануўшыся ў жаночую сукенку.
А ў 1385 г. ў замку Ягайлам была падпісаная Крэўская ўнія, якая аб'яднала Вялікае Княства Літоўскае і Польшчу. У 1443 г. замак боем узяў Свідрыгайла. У пачатку XVI стагоддзі Крэўскі замак стане асноўным абаронным пунктам ад маскоўскіх войскаў, гэтак жа, як да гэтага ён абараняў Беларусь ад тэўтонскага ордэна. Да пачатку XIX ст. замак быў практычна закінуты, а мясцовыя жыхары сталі разбіраць яго па камянях. Існуе меркаванне, што замак разбурылі ў гады першай сусветнай вайны, аднак у канцы XIX ст. ён уяўляў сабой практычна тыя ж руіны, што і цяпер, што можна пабачыць на малюнку Напалеона Орды.
У 1929 г. была праведзена кансервацыя руін замка, але сёння ён працягвае разбурацца. Але ж і гэтыя руіны выглядаюць надзвычай велічна і прыгожа.
Кушляны. Музей-сядзіба Францішка Багушэвіча “Кушляны”
Трапіўшы ў Кушляны, вы наведаеце слаўную зямлю, якая давала моц і натхненне вялікаму паэту, пачынальніку новай беларускай літаратуры ХІХ ст. - Францішку Багушэвічу. Словы яго і сёння гучаць надзённым запаветам: «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі...»
Музей размешчаны ў доме, які Францішак Багушэвіч пабудаваў у 1896 годзе і дзе правёў апошнія гады жыцця.
У мемарыяльнай частцы экспазіцыі ўзноўлены інтэр’еры двух пакояў - кабінета пісьменніка і гасцёўні, у літаратурнай прадстаўлены дакументы, першыя паэтычныя зборнікі («Дудка беларуская», «Смык беларускі»), фотаздымкі, прысвячэнні.
З ХІХ ст. захаваліся хата пісьменніка, каменная адрына, альтанка, стары парк і каштанавая алея, большасць дрэў на якой пасаджана самім паэтам. А яшчэ нагадвае пра жыццё Ф. Багушэвіча валун-патайнік, да якога прыходзіў паэт: тут ён пісаў вершы і хаваў рукапісы. Пасля смерці паэта на камяні з’явіўся надпіс «Памяцi Мацея Бурачка.1900г.»: яго зрабілі аматары творчасці пісьменніка, а таксама мясцовыя жыхары, якім Ф.Багушэвіч дапамагаў як адвакат.
На гэтае месца ў Кушлянах прыходзілі, прыходзяць і будуць прыходзіць усе тыя, хто захоўвае беларускае слова і памяць аб адным з выдатных дзеячаў беларускай культуры.
Выдатную экскурсію для Магілёўскага ТБМ тут правёў загадчык музея спадар Алесь Жамойцін, якому мы аддзячылі ўласнымі тэматычнымі календарамі.
Жупраны. Акрамя надзвычай прыгожых краявідаў, у гэтай вёсачцы знаходзіцца велічны Петрапаўлаўскі касцёл у неагатычным стылі сярэдзіны 19 ст., магіла Ф.Багушэвіча і помнік яму.
Тут сябры ТБМ усклалі кветкі на магілу Мацея Бурачка, а таксама сфатаграфаваліся на памяць каля касцёла. Адметна, што з нашым ад’ездам у Жупранах распачалася залева.
Смаргонь. Сёлетняя сталіцу Дня беларускага пісьменства – нацыянальнага свята друкаванага Слова, роднай Мовы, беларускай Кнігі.
Галоўнай тэмай Дня беларускага пісьменства стала творчасць заснавальніка беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча, а таму адной з галоўных падзей свята стала адкрыццё помніка Францішку Багушэвічу на беразе Оксны насупраць таксама новаадкрытай Спаса-Праабражэнскай царквы.
Галоўнымі ж месцамі правядзення свята сталі цэнтральная гарадская плошча і Летні амфітэатр у гарадскім парку. На цэнтральнай плошчы была размешчана галоўная сцэна, дзе адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця Дня беларускага пісьменства, шматлікія канцэртныя выступленні мастацкіх калектываў Гродзенскай вобласці і ўзнагароджванні пераможцаў нацыянальнага конкурсу "Мастацтва кнігі" і рэспубліканскага конкурсу на лепшы твор у паэзіі, прозе, драматургіі, літаратурнай крытыцы, дзіцячай літаратуры.
У гарадскім парку прайшоў фестываль кнігі і прэсы з тэматычнымі выставамі - "Шлях да ведаў", "Зямля пад белымі крылам... Году роднай зямлі прысвячаецца", "З гісторыі пісьменства і асветы на Беларусі" - і прэзентацыямі перыядычных выданняў, беларускіх выдавецтваў, новых кніг, а таксама сустрэчамі з пісьменнікамі, паэтамі, выдаўцамі і журналістамі. Там жа размясціўся і “Горад майстроў”.
Безумоўна, свята беларускага пісьменства, у аснову канцэпцыі якога пакладзена ідэя прапаганды дасягненняў айчыннай пісьмовай культуры і пераемнасці традыцый Беларусі, дае выдатную магчымасць сустрэцца з жывым словам, сведкамі творчага працэсу стварэння кнігі, газеты і часопіса. Тым не менш, пакуль не паўсюдна тут гучыць беларуская мова, пакуль не запрашаюць сюды прадстаўнікоў незалежных СМІ і сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў… А таму хочацца, каб гэтае свята стала сапраўды усенародным, каб яно было прасякнута шчырай любоўю да беларушчыны і як мінімум не саступала па сваім маштабе “Дажынкам”.
Да сустрэчы ў Хойніках-2010!

Залессе: палац Агінскага. Фота mahilou.org

Залессе: палац Агінскага. Фота mahilou.org

Віншаванне С. Дымкова з Днём народзінаў. Фота mahilou.org

Смаргонь - помнік Багушэвічу. Фота mahilou.org

Спаса-Праабрадэнская царква. Фота mahilou.org

Кушляны. Музей. Фота mahilou.org

Жупраны. Фота mahilou.org

Сябры ТБМ у Жупранах. Фота mahilou.org

Крэўскі замак. Фота mahilou.org
Матэрыял падрыхтаваў Юрась Каласоўскі
Гл. таксама:Дарогамі вайны (фотарэпартаж)Канстанцін Сіманаў і Магілёў (фота)Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк – фотарэпартаж з вандроўкі. Частка 2Княжыцы-Галоўчын-Тубышкі-Круглае-Друцк – фотарэпартаж з вандроўкі. Частка 1“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 5“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 4“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 3“Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 2 “Таямніцы беларускай Поўначы” – фотарэпартаж. Частка 1Па Варшаўскім шляху (фота)Магілёў-Беразіно-Мінск. ФотаБарысаў-2008: летапіс вандроўкі Магілёўскага ТБМ (фота)Талачын, Крупкі, Барысаў. Фотарэпартаж з вандроўкіМагілёўцы адзначылі Дзень беларускага пісьменства дыктоўкайАдзін дзень у Сярэднявеччы – старажытны Мсціслаў (фота)Фотарэпартаж з паездкі на ўсход МагілёўшчыныДастоева, Моталь, Моладава, Парэчча, Пінск. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)Скокі, Берасьце, Кобрынь, Закозель, Іванава. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)Высокае, Воўчын, Вістычы, Чарнаўчыцы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)Заходняя Беларусь у люстэрку падарожжаўПадарожжа па краіне альбо нефармальная адукацыяКосава, Ружаны, Пружаны, Камянец. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2)Па прасторах Берасцейшчыны Завосьсе, Сталовічы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)Старажытны Мсціслаў запрашаеТурэц, Паланэчка, Вольна, Ішкалдзь. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.5)Наваградак, Уселюб, Любча, Шчорсы. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.4)Мураванка, Шчучын, Масты, Рэпля, Вялікая Бераставіца. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.3)Ліпнішкі, Іўе, Геранёны, Воранава, Радунь, Васілішкі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.2)Валожын, Вішнёва, Дзясятнікі, Суботнікі. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч.1)Па гістарычных мясцінах старадаўняй Літвы (фота)Фотарэпартаж з Купальскага фэстуКупальскі фэст на ДруціВандроўка ТБМ па Быхаўшчыне (фота)Браслаў, Іказнь, Мёры. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 6)Міхалішкі, Відзы, Опса. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 5)“У такіх вандроўках толькі адна хіба – мала дзён” (фота)Смаргонь, Солы, Гервяты. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 4)
Ашмяны, Жупраны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 3)Вандроўка Магілёўскага ТБМ па Паўночна-заходняй БеларусіГальшаны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 2)Крэва, Баруны. Фотарэпартаж з вандроўкі (ч. 1)