галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Хто баіцца Ігара Марзалюка?
Кніга чаканая і непазьбежная, як першы канфлікт з жонкай. Для сумеснага жыцьця яна ўсё яшчэ прыдатная, але будзе крыху менш рамантыкі і крыху больш падазрэньняў.

Выданьне, якое разглядаецца ў рэцэнзіі: Марзалюк І.А. Міфы “Адраджэнскай” гістарыяграфіі Беларусі: манаграфія / І.А. Марзалюк. – Магілёў: УА “МДУ імя А.А. Куляшова”, 2009. – 148 с.


Хто баіцца Ігара Марзалюка?Манаграфія доктара гістарычных навук, гісторыка і археоляга Ігара Марзалюка адносна невялікая па аб’ёме і зусім невялікая па накладзе – 100 асобнікаў. Складаецца яна з трох разьдзелаў, кожны зь якіх, на першы погляд, мае досыць вострую палемічную скіраванасьць, калі не правакацыйнасьць. Але на другі погляд выяўляецца, што магілёўскі навуковец ня так палемізуе, як абгрунтоўвае тэзы, якія ўжо неаднаразова ўстрывожвалі грамадзкасьць. На трэці погляд будзе здавацца, што аўтар хістаецца на мяжы, што падзяляе аўтарскую навацыю з аднога боку, і кансэрватызм, выяўлены ў намаганьнях вярнуць старыя канструкцыі і ідэалягемы – з другога. А тое, у які бок ён нарэшце крочыць, не ў малой ступені залежыць ад пазыцыі чытача.

Найперш гэта можна сказаць пра першы разьдзел: “Міфы паходжаньня і дзяржаўнасьці”, і другі – “Літоўскі міф беларускай адраджэнскай гістарыяграфіі”. Трэці разьдзел, “Сагановіч, вялікі і жахлівы” зьяўляецца разгорнутым адказам аўтара на артыкул Генадзя Сагановіча “Прывід нацыі ў імгле стэрэатыпаў” [1], у якім менскі гісторык крытыкуе ранейшую манаграфію сп. Марзалюка “Людзі даўняй Беларусі” [2]. Яго асобна мы разглядаць амаль ня будзем, адзначым толькі, што сп. Марзалюк выяўляе 14 фальсыфікацыяў у тэксьце Г. Сагановіча, кожная зь якіх прадэманстраваная досыць пераканаўча, са шматлікімі спасылкамі і з выяўленьнем супярэчнасьцяў альбо падтасовак.

Заяўленая тэма кнігі, аналіз “міфаў “Адраджэнскай” гістарыяграфіі” пачынаецца з тэзісу, што “нараджэнне любой нацыі заўсёды суправаджаецца з’яўленнем гістарычнай міфалогіі ці стварэннем варыянта «пажаданай гісторыі»”(с.4), з чаго вынікае апрычоная заміталягізаванасьць нацыянальнае гістарычнае сьвядомасьці, найперш – масавай сьвядомасьці. Такім чынам, у чытача правамоцна ўзьнікае пытаньне – а ці адпаведныя адно адному два ключавыя паняткі ў папярэднім сказе: сыстэма “міфаў “Адраджэнскай” гістарыяграфіі” – з аднаго боку, і сыстэма “гістарычнай міфалогіі”, якой “заўсёды суправаджаецца” “нараджэнне любой нацыі” – з другога? Уласна, якую міталёгію раскрывае аўтар – тую, што суправаджала нараджэньне нацыі беларусаў, ці гэтую сучасную, што пануе ў нацыянальнай сьвядомасьці ў выніку? Фактычна кніга ёсьць доказам, што па сваім зьмесьце яны ідэнтычныя, а сукупнасьць сучасных гістарычных міталягемаў ёсьць вынікам эвалюцыі ды ўдасканаленьня канструкцый, вынайдзеных у сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя. Зьявіўшыся ў творах беларускіх шляхціцаў-каталікоў, магілёўца В.Турчыновіча і выхадца з Гарадзеншчыны І.Кулакоўскага ў 1850–60-я гг. [3], засвоеныя і разьвітыя заходнерусамі (М.Каяловічам і пасьлядоўнікамі), міты пра тое, што: 1) Полацкае княства – першая беларуская дзяржава; 2) ВКЛ узьнікла бесканфліктна; 3) ВКЛ – супольная дзяржава беларусаў і літоўцаў, у якой першыя былі культуртрэгерамі; 4) беларускі народ – узор усходнеславянскай чысьціні; 5) лінгвістычны аргумэнт – важнейшы пры вызначэньні прыналежнасьці да беларускага народу; 6) наш “край забраны” ворагі падступныя панішчылі (с. 132 – 133) – сталі фундамэнтам нацыянальнай ідэі ў тэкстах беларускіх гісторыкаў “і 20-х і 90-х гадоў ХХ ст.” (с. 134).

Такім чынам атрымліваецца, што галоўная задача, якая вырашаецца аўтарам у першай главе – прасачыць вытокі нацыянальных гістарычных канструкцый і выкрыць той ідэалягічны фон, на якім яны паўсталі. І вынікае, што паўсталі яны ў кантэксьце заходнерусізму [4], які бачыцца зараз носьбітам і абаронцам гэтых ідэалягем ці не страшнейшым злом для беларускай нацыі. Што гэта значыць для паспалітага чытача? Найперш гэта падаўжае нацыянальную гістарыяграфічную традыцыю, фіксуючы яе вытокі ў паўтарастагадовай даўніне (а адзін з тэкстаў напісаны на беларускай мове!), што для нашага не самага старажытнага народу на зямлі ня так ужо і блага.


ВЫТОКІ МІТАЎ

Так, ужо ў Турчыновіча “уласна беларускай самабытнай гісторыяй ...з’яўляецца той час, калі краіна мела дзяржаўнасць”, “самым важным перыядам у гісторыі Беларусі, часам росквіту яе дзяржаўнасьці” ён лічыў “гісторыю Полацкага княства” (с. 10). “Ці не першым з беларускіх гісторыкаў ён называе князя Усяслава Брачыславіча Чарадзеем”. “Узнікненне ВКЛ В.Турчыновічам паказваецца” “як трыумф дзяржаватворчай традыцыі беларускіх зямель”. Пры “інтэрпрэтацыях Турчыновічам войнаў паміж “Масквой” і “Літвой сімпатыі магілёўскага гісторыка на баку “сваіх” уладароў ВКЛ”. “В. Турчыновіч быў першым з беларускіх гісторыкаў, які паставіў акцэнт на цывілізацыйнай адрознасьці Беларусі ад “Масквы”, ... адсюль вынікалі і прычыны няўдач маскоўскіх уладароў падчас войнаў XVI – XVII стагоддзяў: рабаўніцтвы насельніцтва і ігнараванне іх правоў і прывілеяў, прыводзілі да паўстанняў супраць маскоўскае ўлады” (с. 11).

У “заснавальніка полацка-крывіцкага міфа” І.Кулакоўскага, у адрозьненьне ад В. Турчыновіча, які распавядаў ня так пра народ, як пра беларускія землі і тэрыторыі, “на авансцэну гісторыі выступае асобны беларускі народ, асобная краіна – Белая Русь”, пачаткі гісторыі якой сягаюць крывічоў, зь якімі Кулакоўскі “падкрэслівае і моўны кантынуітэт” сучаснага яму насельніцтва Беларусі (с. 14).

М.Каяловіч жа малюецца ў разгляданай кнізе супярэчлівым гісторыкам, для якога першым цывілізацыйным кантэкстам, у якім ён мысьліць “беларускі народ” – ёсьць “узровень “агульнарускага” адзінства”, а “народ “Заходняй Расіі” выступае, безумоўна, як складовая, інтэгральная частка “вялікага” рускага народа” (с. 17). Але пры гэтым “М. Каяловіч, у адрозьненьне ад сваіх савецкіх і постсавецкіх эпігонаў, не апусьціўся да фальсіфікацый пры характарыстыцы ўзаемадачыненьняў паміж праваслаўным беларускім насельніцтвам і маскоўскай вайсковай адміністрацыяй у час той (1654–1667 гг. – А. Б.) вайны”, а “прычыну паразы войск Аляксея Міхайлавіча ды страты апошнім Беларусі ён бачыў ва ўзьніклым перманентным канфлікце паміж сістэмай вартасцей мясцовага насельніцтва і прынцыпова адрознымі маскоўскімі парадкамі”, і такім чынам, “насуперак уласным сцвярджэнням аб адвечнай і перманентнай роднасці ўсходніх славян, М. Каяловіч, па сутнасці, прызнаў факт існавання ўзніклай у працэсе самастойнага гістарычнага развіцця значнай культурнай адрознасці паміж беларусамі і велікарусамі” (с. 23).

Што дае фіксацыя “заходнерускай прапіскі” сучасных незалежніцкіх, “адраджэнскіх” міталягем? Найперш, гэта прымушае больш сур’ёзна ўспрымаць працэс складваньня нацянальнай ідэнтычнасьці ў ХІХ стагодзьдзі, пазьбягаючы спрошчваньня і папулярных валюнтарысцкіх трактовак гэтага працэсу (па сутнасьці, абразьлівых): маўляў, беларусаў, гэтую штучную нацыю, выдумалі шляхціцы-каталікі. Запачаткаваныя ў творах Турчыновіча і Кулакоўскага канструкцыі толькі далі зьмястоўнае напаўненьне нацыянальным ідэалягемам, але не запачаткавалі сам працэс – ён, працэс нацыянальнага адраджэньня, адбываўся па натуральных шляхах усьведамленьня адметнасьці (адной з рысаў яе стала адметнасьць гістарычнага лёсу) носьбітамі калектыўнай ідэнтычнасьці. Першапачаткова гэта была адметнасьць ад палякаў па моўным фактары, і ад велікарусаў – па каштоўнасным.

Але што да пытаньня – прычым тут “міты “Адраджэнскай” гістарыяграфіі”?

Тут галоўнай задачай кнігі аўтар мяркуе выкрыцьцё “брутальна прымардыялісцкай часткі нацыянальнага гісторыяпісаньня, у якім беларусы ёсьць ужо ў ІХ – ХІІІ стагоддзях, ВКЛ – перадусім “наша” дзяржава, а літоўцы – нешта там другаснае... Эліта ВКЛ працягвае захоўваць уласную нацыянальную тоеснасьць, ...а скарыстаньне пальшчызны нашай элітай – тое ж самае, што распаўсюджваньне французскай мовы для расійскага дваранства” (с.5). У гэтым сэнсе кніга адрасаваная вузкаму колу чытачоў – тым прафэсійным гісторыкам, якія, запаліўшыся “адраджэнскім” духам канца 1980-х , ня могуць пераадолець у сабе жаданьне заставацца ў салодкім палоне рамантыкі ды ўяўленай велічы (а фактычна, падмененай велічы).

У гэтым сэнсе, каб пазьбегнуць несправядлівай крыўды на спадара І.Марзалюка за “ацьверазеньне”, якое рэдка суправаджаецца станоўчымі эмоцыямі, яго манаграфію варта разглядаць не як аднаасобны чын, а ў кантэксьце цэлага шэрагу прац, з ключавымі высновамі ў якіх салідарызуецца магілёўскі навуковец. Гэта “Гісторыкі і ўлада” Р. Лінднэра, “Гісторыя беларускага нацыяналізму” В. Булгакава, тэксты А. Латышонка, Ю. Несьцяровіча на тэму эвалюцыі нацыянальнай ідэі беларусаў.

Але, здаецца, пратэст супраць сучасных гісторыкаў-рамантыкаў (ці то прафанаў, ці то махляроў), аўтар мог бы адасобіць ад уласна дасьледніцкай часткі сваёй манаграфіі, як зрабіў гэта ў выпадку з Г. Сагановічам. Іншая справа, што магістральныя тэзы нацыянальнай гістарычнай міталёгіі/памяці становяцца мэнтальнымі канструкцыямі, засвоенымі на ўсіх узроўнях беларускага грамадзтва (як бы каму ні здавалася, што “нацыянальная міфалогія так і не займела паноўнага становішча ў [беларускім] грамадзтве” [5]), і патрабуюць свайго аналізу з прымяненьнем гістарычнага мэтаду. Але, падпарадкаваўшы свайму пратэсту з абвяржэньнямі лёгіку і канструкцыю ўсёй кнігі, не дадаўшы ў яе пазытыву ці спробаў дэтальнага разгляду іншых, альтэрнатыўных “Адраджэнскім” ідэалягем, І. Марзалюк, атрымалася, заняў ня так цэнтрысцкую, як адну са скрайніх пазыцыяў на гэтым палемічным полі. Гэта можа лёгка ўвесьці ў зман чытача, які ўспрыме абвяржэньні аднаго за доказы іншага, за доказы на карысьць процілеглых міталягем, а ўжо што гэта будуць за “процілеглыя міталягемы”, будзе залежыць ад самога чытача. Так, карэктная расстаноўка акцэнтаў можа нарадзіць захапленьне жыцьцёвай сілай беларускага этнасу, які выстаяў паміж молатам і кавадлам. Некарэктная – расчараваньне “падманутага ўкладчыка”.


МІТЫ, СУБ’ЕКТЫЎНАСЬЦЬ І АБ’ЕКТЫЎНАСЬЦЬ ГІСТАРЫЧНАГА АПОВЕДУ

Сама назва кнігі – “Міфы “Адраджэнскай” гістарыяграфіі Беларусі”, заяўленая ва ўводзінах задача прааналізаваць “вытокі стрыжнёвых беларускіх гістарычных міфаў – міфаў паходжання народа і яго дзяржаўнасці, а таксама іх творцаў” (с. 4) не пакідаюць чытачу шанцаў запярэчыць: а ці гэта міты? Ды ці адное і тое ж зьместавае ды эмацыйнае напаўненьне адносна гэтага панятку ў аўтара і ў чытача? Калі прафэсійная дзейнасьць гісторыка ўяўляе сабой стварэньне гістарычнага наратыву, г.зн. гістарычнага аповеду, апавядальнай лініі зь гістарычным сюжэтам ды сучаснымі ацэнкамі, то праз сваю суб’ектыўнасьць ды аддаленасьць у часе ад прадмету дасьледаваньня усялякі гісторык – міталягізатар [6], як часам і лічыцца – гэта яго іманентная сутнасьць і нічога з гэтым ня зробіш.

Калі ж для чытача міт – гэта выдумка, што зьяўляецца ў сьвядомасьці недасьведчанага гісторыка, які выдумляе пажаданыя ці верагодныя сюжэты, то правамоцна ўзьнікаюць пытаньні – ці, напрыклад, уяўленьне пра полацкія пачаткі беларускай дзяржаўнасьці – выдумка? Ускосна адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці ў іншай манаграфіі І. Марзалюка, “Людзі даўняй Беларусі”. Там аўтар паказвае, што ў масавай сьвядомасьці жыхароў Беларусі часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у прадстаўнікоў “русінскай” традыцыі пачаткі дзяржаўнасьці зьвязваліся з Кіевам, а не з Полацкам. Што нараджае наступнае пытаньне – а ці варта лічыць меркаваную “русінамі ВКЛ” спадчынную лінію Кіеў–Вільня – тым фундамэнтам, часткай той кантынуальнай лініі, пасьлядоўнасьці эвалюцыі этнічнай ідэнтычнасьці, з улікам якой мы сёньня мусім будаваць сваю ідэнтычнасьць?

Слушна, што так, але тут: па-першае, зноўку актуалізуецца рэлятывісцкая парадыгма ў спасьціжэньні гістарычнае рэальнасьці, бо мы правамоцныя заявіць, што раз мы выкрываем міты, то чаму б нам не паставіцца да меркаваньняў праваслаўнай шляхты ВКЛ як да мітаў? У сваёй масе русіны ВКЛ таксама маглі знаходзіцца пад уплывам гістарычных міталягем ды быць аб’ектам узьдзеяньня прапагандыстаў свайго часу. А значыць, чаму б нам не ўстрымацца ад выдзяленьня асабліва міталягічнага характару нашых гістарычных канструкцый, калі іх міталягічнасьць мы выяўляем не ў процівагу недасягальнай для нас рэальнасьці, а – іншым мітам? Па-другое, а ці лішнімі (г. зн. наватарскімі, выдуманымі – ці то прыўнесенымі, ці то памылковымі, etc) элемэнтамі ў кантынуальнай лініі эвалюцыі ідэнтычнасьці беларусаў мы мусім выяўляць ідэалягемы Турчыновіча і Кулакоўскага? Ці, можа, яны сталі лягічным і непазьбежным працягам, часткай гэтай эвалюцыі, яе этапам? Калі апошняе, то пазыцыяваньне іх у зоне міталягічнага мусіць саступіць месца пазыцыяваньню ў зоне традыцыйнага, якое ад міталягічнага адрозьніваецца аб’ектыўным характарам паходжаньня. Калі міталягемы функцыянуюць дзеля прыстасоўваньня, набліжэньня да сябе чужой і незразумелай рэальнасьці, то традыцыйныя каштоўнасьці засвойваюцца з анталягічнага пачатку, αρηε этнічнай культуры, які месьціцца ня толькі ў гістарычным пачатку, але ёсьць экзыстэнцыйным, субстанцыянальным пачаткам этнічнай самасьвядомасьці. Яго праявамі будуць выступаць, напрыклад, этнацэнтрычныя канструкцыі (у тым ліку – гісторыкаў), уяўленчы ды суб’ектыўны характар якіх ператвараюцца ў працоўную сілу, што набліжае гісторыка да аб’ектыўнага сьвету гістарычнай мінуўшчыны. Знаходзім у Поля Рыкёра: суб’ектыўнасьць гісторыка ў сваёй цэласнасьці, як “меркаваньне аб значнасьці – сукупнасьць схем прычыннасьці – перанясеньне ў іншае, уяўнае, сапраўднае – сымпатыя да іншых людзей, да іншых каштоўнасьцяў” [7] у выніку выступае, па-першае, як суб’ектыўнасьць, здольная, у адрозненьне ад суб’ектыўнасьці фізыка, да ўзаемадзеяньня, а па-другое – як суб’ектыўнасьць, атрыманая ў выніку перамогі “добрай” суб’ектыўнасьці над “дрэннай” суб’ектыўнасьцю. Гэтыя складовыя суб’ектыўнасьці гісторыка, на думку францускага філёзафа, карэлююць у сваёй суме ўжо не суб’ектыўны гістарычны вобраз, а сваю адмысловую гістарычную аб’ектыўнасьць, якая выступае як “навуковая інтэнцыя гісторыі”.

З гэтага мы мусім засьцерагчы чытача ад трактоўкі ці то Турчыновіча з Кулакоўскім, ці то Каяловіча, ці то нават Вітаўта Тумаша [8], у якасьці вынаходнікаў, наватараў, бо так можна трапіць у няёмкае становішча. падобнае таму, калі б мы вызначылі чалавека, які ўпершыню нагу назваў нагой, вынаходнікам нагі. Але дапусьцім агаворку адносна апошняй зноскі – аўтар гэтых радкоў цалкам падзяляе скепсыс сп. Марзалюка адносна апалягетаў балтыйскага паходжаньня беарускага этнасу: “у іх (беларускіх неапаганцаў-балтаў) выпадку мы маем справу з даўняй беларускай інтэлігенцкай хваробай – нацыянальнай фрустрацыяй, імкненнем адмовіцца ад рэальна існуючай традыцыі, а значыць, і ад сваёй спадчыннай беларускасці, са спробай атаясаміць сябе з больш паспяховым, атрымаўшым больш высокі ўзровень сацыяльнай сатысфакцыі, суседам” (с. 47).


ЛІТОЎСКІ МІТ

Другая глава кнігі І. Марзалюка прысьвечаная аналізу “літоўскага міту” ў беларускай гістарыяграфіі 1980-х – 90-х гадоў, ці, дакладней, карэкціроўцы пашыранага ў масавай сьвядомасьці ўяўленьня пра гістарычных “літвінаў”. Фіксуючы, агаворваючы шматзначнасьць выкарыстаньня тэрміну “Літва”, аўтар засьцерагае ад утрыраваньня ды аднабаковасьці ў яго інтэрпрэтацыі, якая праяўляецца ў характэрных для сучаснай беларускай гістарыяграфіі спробах адасобіць панятак “літвін” ад балцкага насельніцтва ВКЛ, напоўніўшы яго ўсходнеславянскім. Ідэйныя вытокі такога падыходу І. Марзалюк прасочвае ў наступных тэкстах: “Сборник Муханова” (1836 г.), “Собрание грамот и актов городов: Вильно, Ковно и Трок” (1843). Можна лічыць спрэчным, што сьцьверджаньне ў «Сборнике Муханова» пра дамінаваньне рускага насельніцтва ў былым ВКЛ, альбо сьцьверджаньне пра русіфікацыю літоўцаў у раньні пэрыяд гісторыі Княства ў “Собрании” наўпрост вядуць да прысабечваньня тэрміну “літвін”, але гэта тэхнічная спрэчка. Важнейшым тут, у разгляданай главе, ёсьць комплекс доказаў няслушнасьці такога мілага міту пра славянскасьць гістарычных “літвінаў”. Найперш аўтар спыняецца на тым, што, як паказаў “такі знаўца праблемы, як Г.Галенчанка, яшчэ ў 1992 г., ...у масавых рэпрэзентатыўных крыніцах ХV – XVI стст. не сустракаецца ніякіх сведчанняў аб тым, што ў этнічным плане продкі сучасных беларусаў вызначалі сябе як літвіны” (с. 59). Аналізуючы крыніцы ХV, XVI, XVIІ стст., аўтар прыводзіць доказы і прыклады, што неаднаразова “русіны выразна адрозніваюцца ад літоўцаў і палякаў” ня толькі па геаграфічнай прыкмеце, але менавіта па этнічнай, што праяўлялася ў тым, што храністы адрозьніваюць “Русь” ад “Літвы” ў якасьці асобных гістарычных рэгіёнаў ВКЛ, у кожным зь якіх жыве праваслаўнага веравызнання этнас “Русь” (с. 61–62), а “адзіным эндаэтнонімам старабеларускага насельніцтва Заходняй Беларусі ў эпоху ВКЛ быў тэрмін “рускі”, “русін”. Працягненая была ажно і да ХІХ ст. традыцыя разьмяжоўваць насельніцтва Заходняй Беларусі па этнічнай і канфесійнай прыкметах на літоўцаў-літвінаў-каталікоў і беларусаў-русінаў-праваслаўных, што сярод іншага ілюструецца “Падарожнымі запіскамі” прафесара Віленскага ўніверсітэта Ігната Анацэвіча, балцкім напаўненьнем тэрміну “літвін” у тэкстах Адама Міцкевіча “Гражына”, “Конрад Валенрод” (с. 65–67). Пасьлядоўная трансфармацыя “літвінскай” самасьвядомасьці ў рэгіянальную польскую самасьвядомасьць – гэта лягічны вынік палянізацыйных працэсаў, якія завяршаюцца ў канцы XVIІ – XVIІІ стагодзьдзях (с. 70).

Што з гэтага беларусам? Для некаторых – сумнае разьвітаньне з рамантыкай і канстатацыя, што “літвінская традыцыя не стварыла ні беларускага нацыянальнага руху, ні беларускага нацыяналізму” (с. 82). Для іншых – пакінем трываць запытальнасьці, гэтай спрадвечнай праматцы філязафічных гістэрык. Этнічна балцкае паводле паходжаньня напаўненьне тэрміну “літвін” – адзінае? Не – згаджаецца аўтар манаграфіі, Ігар Марзалюк. У сваіх адказах Г. Сагановічу ён прымае, што русіны-каталікі існавалі, аднак мала што яны былі нешматлікімі (с. 93), дык сучасьнікамі ажно ў XVI ст. успрымаліся як “канверсанты ў першым пакаленьні” (с. 95). Акрамя таго, наяўнасьць пэрыядаў страты нацыянальнае ідэнтычнасьці літвінаў у часы палянізацыі, іх саветызацыі ды русіфікацыі, дазваляюць не выкідаць культурна не-русінскіх нашчадкаў балтаў-літвінаў з працэсаў складваньня беларускае нацыі.



1. Сагановіч Г. Прывід нацыі ў імгле стэрэатыпаў // Беларускі гістарычны агляд. 2003. Т. 10. Сш. 1–2. С. 281–318.

2. Марзалюк І.А. Людзі даўняй Беларусі: этнаканфесійныя і сацыякультурныя стэрэатыпы (Х – XVII ст.ст.). Магілёў: МДУ імя А.А.Куляшова, 2003. 324 с.

3. Маюцца на ўвазе: 1) Турчинович И.В. Обозрение истории Белоруссии с древнейших времён. Санкт-Пецярбург, 1857 год. Перавыданьне: Мн., 2006 г.; 2) тэкст “Хто былі нашы найдаўнейшыя дзяды і якая іх была доля да уніі” з кнігі «Расказы на белорусском наречіи». - Вільня, друкарня Сыркіна, 1863 г. Апошняе выданьне аналізуецца ў артыкуле: Латышонак А. Гутарка “царкоўнага старасты Янкі” з “Яськам гаспадаром з-пад Вільні” // Дзеяслоў. – 2004. - №9(2). І. Марзалюк адзначае – вэрсія, што аўтарам тэксту “Хто былі нашы найдаўнейшыя дзяды...” зьяўляўся І. Кулакоўскі, належыць А. Латышонку.

4. Да гэтага кантэксту працы Турчыновіча ды Кулакоўскага блізкія антыпольскім настроем, а зьяўленьне іх прац, дазволеных цэнзурай, варта разглядаць у рэчышчы ўнутранай палітыкі расейскіх уладаў, занепакоеных польскім сэпаратызмам.

5. Віцько З. Трактат супраць “літвінаў” // ARCHE. 2009. №5. С. 50.

6. Акрамя такога, каторы не выходзіць за межы фіксацыі фактаў ды апісаньня прадметаў.

7. Рикёр П. История и истина. СПб.: Алетейя, 2002. С. 45.

8. Ад яго І.Марзалюк прасочвае фармаваньне “балцкай” канцэпцыі паходжаньня беларусаў, актуалізаванай у інтэлектуальнай творчасьці сучасных нэа-ліцьвінаў, нэапаганцаў-этнакасмолягаў.


Аляксей Бацюкоў (нар. у 1977 у Магілёве) — эсэіст, журналіст і пісьменьнік. Скончыў гістарычны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Аркадзя Куляшова, асьпірантуру БДУ. Працаваў на Магілёўскай абласной тэлевізіі, цяпер старшы выкладчык Беларуска-Расійскага ўнівэрсытэту.

21 верасьня 2009

Arche.by

19:52 21.09.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы