На гэтым месцы стаяла некалі Дубравенская брама. Яе пабудавалі ў XVII стагоддзі для абароны гораду. Сёння браму можна пабачыць толькі на карцінах мастакоў. Аднак пад зямлёю, паводле мясцовых краязнаўцаў, усё яшчэ можна знайсці яе фундамент. БАЗЫЛЬ КАМАРОЎ, МАСТАК:
«Яна была ўнізе. Тут былі валы. Вось іх яшчэ можна ўбачыць. Тут стаяла вежа. Трэба гэта ўсё адкапаць і паказаць людзям тое месца, дзе яна стаяла».

Уваход у горад на карціне Базыля Камарова. Фота mycity.byПакуль гэта немагчыма. Гарадскія ўлады праводзяць добраўпарадкаванне вакол гістарычнага месца. Узгорак, на якім стаяла брама, неўзабаве зальюць бетонам ды абкладуць брукам.
ДЗЯНІС, ПРАЦАЎНІК БУДОВЫ:
«Тут будуць аглядальныя пляцоўкі, а таксама лаўкі, каб людзі маглі сядзець і аглядаць нашае маляўнічае наваколле».
Месца, дзе стаяла старажытная брама, а таксама завулак Брамны, які знаходзіцца побач, гісторыкі лічаць помнікамі даўніны.

Раней тут быў уваход у горад. Фота mycity.by
ІГАР ПУШКІН, ГІСТОРЫК:
«Мы маем унікальную магчымасць даць новае жыццё Брамнаму завулку. Тым больш, што там ужо вядуцца працы па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Трэба таксама аднавіць Дубравенскую браму».
Аднак гарадскія ўлады з-за адсутнасці сродкаў на рэканструкцыю не збіраюцца аднаўляць старажытнай брамы. На думку чыноўнікаў, будзе лепш, калі руіны застануцца пад зямлёю.
ТАЦЦЯНА РУКАЧОВА, АДДЗЕЛ КУЛЬТУРЫ ГАРВЫКАНКАМУ:
«А што ж нам, зняць культурны слой і агаліць руіны ці рэшткі таго, што там засталося? Адно з правілаў археалогіі – не пашкодзіць! Можа, варта на тым месцы паставіць камень з надпісам, што тут была брама, каб не адкрываць і не дазволіць, каб уплыў паветра прывёў да знішчэння?»
Таму жыхары Магілёва не пабачаць пакуль руінаў Дубравенскай брамы. Канструкцыі з бетону і бруку надзейна і надоўга схаваюць рэшткі гістарычнага аб’екту.
Белсат