галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Якую мову лічаць роднай магілёўскія школьнікі?
Як, вядома, у магілёўскіх школах няма ніводнага класа, дзе выкладанне вялося б па-беларуску. Бясспрэчна і тое, што абсалютная большасць шкаляроў Магілёва карыстаецца рускай мовай у паўсядзённым жыцці. А вось хто іх, нягледзячы на рускамоўнасць, лічыць роднай усё ж беларускую мову?

Якую мову лічаць роднай магілёўскія школьнікі?З нагоды правядзення рэспубліканскага перапісу насельніцтва я вырашыў правесці апытанне наконт роднай мовы сярод вучняў адной з гімназій горада, у якой працую настаўнікам. І кожнаму з больш як сотні маіх вучняў 5-7-х класаў я прапанаваў вызначыць сваю родную мову і аргументаваць уласны выбар.

Пры гэтым патлумачыў толькі, што родная мова – гэта тая, якую сам чалавек вызначае для сябе роднай па тых ці іншых прычынах. А значыць, чалавек можа і не размаўляць у паўсядзённым жыцці на той мове, якую лічыць роднай. Разам з тым я не агітаваў вучняў на карысць рускай ці беларускай мовы.

Натуральна, меркаванні маіх вучняў разышліся.

Многія з тых, хто назваў роднай мовай рускую, спасылаліся на тое, што размаўляюць на ёй з дзяцінства, што ўсе ці амаль усе навокал размаўляюць па-руску. Такім чынам, асноўным аргументам на карысць рускай мовы стала наяўнасць рускамоўнага асяроддзя. Некаторыя ж вучні ўвогуле напісалі, што лічаць роднай мовай рускую, “таму што нарадзіліся ў Беларусі”. Дзіўна, праўда?

Тыя ж вучні, хто зрабіў выбар на карысць беларускай мовы, даводзілі, што беларуская мова з’яўляецца мовай Беларусі – іх роднай краіны, - а таксама мовай іх продкаў. Адзін вучань напісаў нават, што проста не можа чыста размаўляць па-руску, міжволі выкарыстоўваючы ў маўленні беларускія словы.

Акрамя таго, у якасці аргументаў на карысць рускай ці беларускай мовы называліся іх мілагучнасць і прыгажосць.

Калі ж падвесці вынікі майго апытання, то цікавым будзе такі факт: калі ў некаторых класах колькасць вучняў, якія выбралі роднай беларускую ці рускую мовы, была прыкладна роўнай, то адзін клас амаль цалкам вызначыў роднай мовай рускую, а паралельны – беларускую.

А канчатковы вынік аказаўся наступным: беларускую і рускую мову роднымі назвалі па 50% вучняў.


Абнадзейвае гэта ці расчароўвае? Думаю, хутчэй першае, паколькі ўсе з апытаных мной вучняў належаць да пакалення, якое нарадзілася ў другой палове 90-х, а значыць, яны надзвычай рэдка сустракалі жывую беларускую мову па-за межамі школы. Мяркую, што пры стварэнні беларускамоўных навучальных устаноў і забеспячэнні рэальнага дзвюхмоўя беларуская мова стане не проста роднай мовай, але і мовай паўсядзённага ўжытку грамадзян Беларусі.

Юрась Каласоўскі

22:52 18.10.2009
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы