галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Заява Рады ТБМ “Закону аб мовах у Беларусі – 20 гадоў”
26 студзеня 1990 года Вярхоўны савет БССР ХІ склікання прыняў “Закон аб мовах” у БССР, які павінен быў спыніць татальную русіфікацыю Беларусі. Ён стаў юрыдычнай базай для пашырэння беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця краіны. З 1990 па 1995 год беларускамоўных выданняў было надрукавана больш, чым за папярэднія чатыры стагоддзі. У сярэдніх школах у 1994-1995 гадах навучалася па-беларуску ўжо больш за 75% вучняў. 15 сакавіка 1994 года першая Канстытуцыя Беларусі абвесціла беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай нашай краіны.

Сітуацыя рэзка змянілася пасля рэферэндума 1995 года. Замест таго, каб сапраўды стварыць умовы для раўнапраўнага ўжывання беларускай і рускай моў, улада ў 1998 годзе ўнесла ў “Закон аб мовах” такія праўкі, якія практычна скасавалі вынікі рэферэндума і дазволілі распачаць татальную русіфікацыю, асабліва ў сферах адукацыі і дзяржаўнага кіравання.

У сувязі з гэтым Рада ТБМ звяртаецца да кіраўніцтва краіны з патрабаваннем адмяніць папраўкі, унесеныя ў “Закон аб мовах” у 1998 годзе.

Рада ТБМ прапануе выдаць Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб пашырэнні сферы ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы”, у якім варта прадугледзець наступныя мерапрыемствы:

1. Павялічыць колькасць гадзін беларускай мовы і літаратуры ў школах і дзіцячых дашкольных установах.
2. Аднавіць у ВНУ курс “Беларусазнаўства” на беларускай мове.
3. Вярнуць ва ўсе школы краіны выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі па-беларуску.
4. Адкрыць да 1 верасня 2010 г. у кожным абласным і раённым цэнтры Беларусі па адной беларускамоўнай школе ці гімназіі.
5. Зрабіць даплаты ў памеры 20% заробку выкладчыкам ВНУ і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў краіны, якія выкладаюць свае прадметы па-беларуску.
6. Зрабіць абавязковым школьны экзамен па беларускай літаратуры.

20:17 27.01.2010
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы