галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Фотарэпартаж з мовазнаўчай канферэнцыі
Канферэнцыя ТБМ “Сучасны стан беларускай мовы і далейшая дзейнасць грамадскіх аб’яднанняў па яго паляпшэнні”.

24 студзеня 2010 г. ў Менску ў зале тэатра “Зніч”, размешчанай у цокальным паверсе касцёла св. Сымона і св. Алены, прайшла мовазнаўчая канферэцыя ТБМ. У межах канферэнцыі адбылося паседжанне Рэспубліканскай Рады ТБМ.

У абодвух мерапрыемствах чынны ўдзел прынялі сябры Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ.

Фотарэпартаж з мовазнаўчай канферэнцыі

На пленарным паседжанні канферэнцыі, адкрытай старшынём ТБМ Алегам Трусавым, былі прадстаўлены даклады аб стане беларускай мовы ў розных сферах грамадзянскага жыцця краіны.

Першай выступала прадстаўніца Міністэрства культуры Наталля Аўдзеева, якая распавяла пра актыўнае ўжыванне беларускай мовы ў культурным жыцці краіны. Паводле яе слоў, у бліжэйшых планах міністэрства давесці колькасць беларускамоўных спектакляў у айчынных тэатрах да 50% замест сённяшніх 30%.

Даклад спн. Аўдзеевай выклікаў шмат пытанняў у прысутных, якія так і не былі зададзены – гэтага не прадугледжваў фармат канферэнцыі. Пазней сп. Трусаў сказаў, што галоўным быў сам факт выступлення прадстаўніцы Міністэрства культуры, а ўжо адказам на яго сталі даклады іншых выступоўцаў.

Дарэчы, старшыня ТБМ у сваім дакладзе закрануў праблему ўжывання беларускай мовы сучаснай моладдзю і настаўніцтвам.

Фотарэпартаж з мовазнаўчай канферэнцыі

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк распавёў пра шырокае выкарыстанне беларускай мовы – народнай святыні - ў касцёле, мовазнаўца і палітык Лявон Баршчэўскі закрануў праблему ўжывання беларускай мовы сродкамі масавай інфармацыі.

Цікавымі і змястоўнымі былі даклады Вінцука Вячоркі, Адама Мальдзіса, Святланы Сачанкі, Алены Анісім і інш.

Пра стан беларускай мовы ў розных кутках Беларусі распавялі прадстаўнікі рэгіянальных суполак ТБМ.

Старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў, акрамя ўласна дакладу пра дзейнасць гарадской суполкі па пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы, прэзентаваў таксама каляндар “Магілёў, якога няма” з выявай карціны магілёўскага мастака Базыля Камарова, прысвечанай славутаму мінуламу горада на Дняпры.

Фотарэпартаж з мовазнаўчай канферэнцыі

Застаецца дадаць, што даклады ўдзельнікаў канферэнцыі будуць апублікаваны асобным зборнікам.

Таксама ў межах канферэнцыі адбылося пасяджэнне Рэспубліканскай рады ТБМ, якая зацвердзіла план дзейнасці ТБМ на 2010 год і прыняла заяву “Закону аб мовах у Беларусі – 20 гадоў”.

Юрась Каласоўскі

Гл. таксама:


Заява Рады ТБМ “Закону аб мовах у Беларусі – 20 гадоў”

20:53 1.02.2010
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы