Але другой ракі за маю раку, за мой сонечны, за мой суровы і шырокі, за мой старажытны Дняпро — другой такой ракі на свеце няма… Ён — бацька. Ён — калыска наша…
Уладзімір Караткевіч
Напэўна, абсалютная большасць беларусаў ведае, што Дняпро – самая вялікая рака на тэрыторыі Беларусі. Але ці шмат мы ведаем пра саму раку? Пра паходжанне яе назвы, вытокі, пра беларускія гарады, размешчаныя на Дняпры? Ніжэй у выглядзе пытанняў і адказаў я пастараўся прывесці некаторыя звесткі пра самую магутную раку нашай краіны.
10 пытанняў і адказаў пра Дняпро
1. - Як яшчэ называюць Дняпро?
У Расіі раку называюць Днепр, на Украіне - Дніпро, старажытныя грэкі называлі Дняпро Borysthenes – Барысфен, а рымляне - Danapris – Данапрыс. А яшчэ ў часы Кіеўскай Русі славяне называлі раку Славуціч.
2. - Што азначае назва ракі?
Існуе меркаванне, што назву рака атрымала ад скіфа-сармацкага - "дану апара", што літаральна азначае глыбокая рака. Назва “Барысфен” азначала Рака з поўначы, а Славуціч – славутая рака. Верагодна таксама, што першапачаткова назва ракі гучала як “Дана апр”, што перакладаецца як “Рака Даны” (названа ў гонар багіні палявання Даны ці Дзіяны).

3. - Па тэрыторыі якіх краін працякае Дняпро і якая агульная даўжыня ракі?
Дняпро пачынаецца ў Расіі (на яе тэрыторыі яго працягласць складае 500 км), потым цячэ праз Беларусь (700 км) і далей па Украіне (1000 км). Агульная працягласць ракі – 2200 км. Дняпро – трэцяя ў Еўропе рака пасля Волгі і Дуная.
4. - Якія беларускія гарады знаходзяцца на Дняпры?
У нашай краіне на рацэ Дняпро знаходзяцца 12 гарадоў і мястэчак: Дуброўна, Орша і Копысь у Віцебскай вобласці, Шклоў, Магілёў і Быхаў у Магілёўскай вобласці, Рагачоў, Жлобін, Стрэшын, Рэчыца, Лоеў і Камарын у Гомельскай вобласці.
5. - Якія асноўныя прытокі Дняпра на тэрыторыі Беларусі?
Левы - Сож (даўжыня 648 км); правыя - Друць (266 км), Бярэзіна (561 км), Прыпяць (761 км).
6. - Дзе пачынаецца Дняпро?
Рака пачынаецца з невялікага балота на Валдайскім узвышшы на вышыні 236 м над узроўнем мора. Вытокі Дняпра знаходзяцца каля вёскі Бачарова ў Сычоўскім раёне Смаленскай вобласці. Там на ўскрайку лесу знаходзіцца блакітная капліца, усярэдзіне якой прымацаваны шчыт з надпісам на рускай і ўкраінскім мовах і абраз Хрыста. А побач - зруб-альтанка, пад якой і пачынаецца Дняпро. Нядаўна ў гэтым месцы пабудавалі храм.
7. – Што такое Дняпроўскія парогі?
За 9 км да Оршы рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утвараючы каля вёскі Прыдняпроўе так званыя Кабяляцкія парогі.
8. – Колькі мастоў праз Дняпро ёсць у Беларусі?
Усяго іх 20: 15 аўтамабільных і 5 чыгуначных. Найбольшая колькасць мастоў – 4 аўтамабільныя і чыгуначны – у Магілёве, 3 аўтамабільныя і 1 чыгуначны мост ёсць у Оршы. Самы новы мост праз Дняпро – у Копысі – пабудаваны ў 2007 годзе.
9. - Ці праходзіць па Дняпры дзяржаўная мяжа нашай краіны?
Па Дняпры праходзіць мяжа Расіі і Беларусі ў Дубровенскім раёне, Беларусі і Украіны – у Лоеўскім і Брагінскім раёнах. А ў 1918 г. па Дняпры ад Оршы да Новага Быхава праходзіла дэмаркацыйная лінія паміж Нямеччынай, якая акупавала вялікую частку Беларусі, і Савецкай Расеяй.
10. - З басейнамі якіх рэк звязаны Дняпро каналамі?
Для перавозкі гаспадарчых і іншых грузаў Днепр быў злучаны з рэкамі Заходняя Дзвіна, Нёман і Заходні Буг Бярэзінскай, Дняпроўска-Нёманскай (цяпер не дзейнічаюць) і Дняпроўска-Бугскай воднымі сістэмамі. Калісьці па Дняпры праходзіў водны шлях "з вараг у грэкі", які злучаў Балтыйскае (Варажскае) мора з Чорным (Рускім) морам.
Падрыхтаваў Юрась Каласоўскі, Магілёў