галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Удзел у выбарах можа дапамагчы ў распаўсюдзе беларускай мовы
Заява Сакратарыята ТБМ ад 12 лютага 2010 года

Шаноўныя грамадзяне! У 1990 годзе, 20 гадоў таму, быў прыняты Закон “Аб мовах”, а таксама адбыліся першыя дэмакратычныя выбары у Вярхоўны Савет БССР і мясцовыя саветы.

Тады ТБМ здолела вылучыць сотні кандыдатаў у дэпутаты ўсіх узроўняў. З іх у Вярхоўны Савет трапіла 13 дэпутатаў і некалькі сотняў у мясцовыя саветы, асабліва Мінска і некаторых іншых буйных гарадоў Беларусі. Дзякуючы іх намаганням пачаў рэалізоўвацца Закон “Аб мовах”, а першая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь абвесціла беларускую мову адзінай дзяржаўнай мовай у нашай краіне.

Удзел у выбарах можа дапамагчы ў распаўсюдзе беларускай мовыУ красавіку 2010 г. адбудуцца выбары ў мясцовыя саветы Беларусі. Унесеныя ў выбарчае заканадаўства папраўкі дазваляюць значна лягчэй, чым у мінулыя гады, вылучацца і рэгістравацца кандыдатамі ў дэпутаты. У сувязі з гэтым мы заклікаем прыхільнікаў роднага беларускага слова прыняць самы актыўны удзел у выбарах.

У Вас ёсць унікальная магчымасць зрабіць свае праграмы па-беларуску, змясціць у іх патрабаванні стварэння беларускамоўных школ і класаў у Вашай выбарчай акрузе, аб вяртанні гістарычных назваў нашым вуліцам і плошчам і ушанаванні памяці нашых гістарычных герояў, навукоўцаў і асветнікаў.

Найлепш вылучацца кандыдатамі ў дэпутаты шляхам збору подпісаў, бо тады можна пачаць кантактаваць з выбарцамі па-беларуску значна раней.

У выпадку перамогі, набыўшы дэпутацкія паўнамоцтвы, Вы зможаце чатыры гады адстойваць правы беларускамоўных грамадзян нашай краіны як на сесіях мясцовых саветаў, так і ў штодзённым жыцці.

Дык да працы, сябры!

Сакратарыят ТБМ.

19:53 13.02.2010
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы