галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Магілёве (фота)
У Палацы культуры вобласці ў Магілёве 21 лютага прайшла ІІІ Агульнанацыянальная дыктоўка. Прымеркавана яна да Міжнароднага дня роднай мовы, а таксама да 20-годдзя прыняцця ў Беларусі Закону аб мовах. Арганізавалі мерапрыемства клуб “Натхненне” пры Палацы культуры вобласці і Магілёўская гарадская арганізацыя “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Магілёве (фота)
Выступае ансамбль народнай музыкі "Субацея". Фота mahilou.org


Дыктоўку па тэксце прадмовы Уладзіміра Караткевіча да кнігі «Памяць зямлі беларускай» пісалі больш за 50 магілёўцаў.

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Магілёве (фота)
Дыктоўку чытае настаўніца Ганна Бандарэнка. Фота mahilou.org


Спачатку з прадмовай перад прысутнымі выступіў старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў, які падкрэсліў, што родная мова з’яляецца неацэннай каштоўнасцю і скарбам для кожнага народа.

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Магілёве (фота)
Дыктоўку пішуць Алег Дзьячкоў і старшыня абласнога ТБМ Яраслаў Клімуць. Фота mahilou.org


Урывак з кнігі Караткевіча гасцям вечарыны, як і летась, чытала настаўніца беларускай мовы і літаратуры вышэйшай катэгорыі з гарадской гімназіі №1 Ганна Бандарэнка, якая зазначыла, што “Уладзімір Караткевіч – гэта чалавек, які вучыў нас любіць сваё, бо толькі тады мы людзі, калі ўмеем шанаваць тое, што нам дадзена Богам”.

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Магілёве (фота)
Магілёўцы пішуць дыктоўку. Фота mahilou.org


Пасля напісання дыктоўкі адбылося выступленне мастацкіх калектываў Палаца культуры вобласці, а магілёўскія літаратары Міхась Булавацкі, Таццяна Барысік і Наталля Кажэўнікава прачыталі ўласныя вершы.

Агульнанацыянальная дыктоўка ў Магілёве (фота)
Прадмова старшыні Магілёўскага ТБМ Алега Дзьячкова. Фота mahilou.org


Пераможцы ІІІ Агульнанацыянальнай дыктоўкі будуць абвешчаны праз некалькі дзён, хаця і зараз можна з упэўненасцю сказаць, што ўсе ўдзельнікі сённяшняга мерапрыемства, дакрануўшыся да гаючага беларускага слова, да цудоўнай спадчыны Уладзіміра Караткевіча, ужо сталі пераможцамі.

Юрась Каласоўскі


Прапануем вашай увазе тэкст ІІІ Агульнанацыянальнай дыктоўкі


Прадмова да кнігі “Памяць зямлі беларускай”

Я хачу правесці Вас па зямлі, якая для мяне – даражэй за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут.

Якая яна, мая зямля? Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, падобныя на гатычныя храмы, пушчы, дзе горда нясуць свае кароны алені. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца, і гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.

Гэта ў мінулым гераічная і шматпакутная зямля. Безліч разоў, з пачатку дзён, грукаталі па ёй калясніцы вайны. Але мы, дзеці Беларусі, ганарымся тым, што ў гэтых войнах яна ніколі, запамятайце гэта, ніколі не была агрэсарам. Іншая справа, што яна заўсёды мужна і да канца бараніла сваю праўду і веру.

Памяць маёй зямлі аб гэтым і ў старадаўніх гарадзішчах, і ў курганах, пад якімі спяць яе абаронцы, у барвовых, быццам ад крыві, мурах замкаў, на палетках, дзе працавіты плуг часам выворвае каменную сякеру, меч або гільзы часоў апошняй вайны. І, перш за ўсё, памяць маёй зямлі – гэта людзі і іх вечная, неўміручая праца. Таксама якасць нашай памяці: ніколі не аддзяляць сябе ад культуры і самаахвярна ствараць яе, якія б перашкоды ні ўставалі на шляху. Ёсць і горкая памяць у маёй зямлі. Дый як іначай, калі кожны чацвёрты жыхар Беларусі загінуў у апошнюю вайну.

Пранікніцеся любоўю да маёй роднай Беларусі, людзі. Велічная і гордая, яна таго вартая.

(Паводле У.Караткевіча)


Гл. таксама:


Свята роднай мовы ў Магілёве (фота)
У Магілёве пісалі дыктоўку (фота)

21:12 21.02.2010
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы