галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

13 сакавіка: “DRUVIS” у Магілёве
13 сакавіка: “DRUVIS” у Магілёве

У суботу, 13 сакавіка ў 15.00, у Цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Карла Маркса адбудзецца прэзентацыя альманаху “DRUVIS” з удзелам філосафа Аляксея Дзерманта і этнакультуролага, мастака і музыкі Тодара Кашкурэвіча.

Арганізатары сустрэчы - цэнтр этнакасмалогіі "Крыўя", які аб'ядноўвае навукоўцаў, музыкаў, мастакоў, якія займаюцца вывучэннем беларускай традыцыйнай этнічнай культуры, а таксама ЦГБ імя К. Маркса і Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.

У плане імпрэзы:

Прэзентацыя двух нумароў альманаху DRUVIS, расповяд пра яго змест: ролю балцкага субстрату ў этнагенезе беларусаў, паходжанне крывічоў, асаблівасці народнай рэлігійнасці беларусаў, месца Крывіі і Літвы ў станаўленні беларускага этнасу і нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама размова пра беларускую дуду (валынку), яе асаблівасці, сувязь з літоўскай і латышскай традыцый, пра адраджэнне дударскай традыцыі ў Беларусі ў наш час.

ТОДАР КАШКУРЭВІЧ

13 сакавіка: “DRUVIS” у МагілёвеТодар Кашкурэвіч (нар. у 1963 г. у Менску), мастак, музыка, этнакультуролаг. Скончыў Менскую мастацкую вучэльню, Беларускі дзяржаўны мастацкі інстытут. Прадстаўнік мастацкай дынастыі Кашкурэвічаў (разам з бацькам Арленам і братам Ігарам). Працуе ў галіне манументальнага мастацтва, жывапісу, кніжнай графікі і дызайну. Разам з іншымі энтузіястамі запачаткаваў у Беларусі традыцыю эксперыментальнай археалогіі, адмысловец у працы з металам, дрэвам, настаўнік вядомых беларускіх гравёраў і ювеліраў.

Даследуе і аднаўляе старадаўную музычную традыцыю (дуда, ліра). Адзін з найбольш вядомых у балтыйскім рэгіёне майстроў, што вырабляюць дуды паводле аўтэнтычных узораў і пачынальнікаў сучаснага дударскага руху ў Беларусі. Удзельнік гурта рытуальнага фальклору «ESSA», а таксама беларуска-літоўскага фолк-джаз праекту «TYLOS LABANORO».

Адзін з заснавальнікаў і актыўных чальцоў Цэнтру этнакасмалогіі «KRYŬJA», галоўны рэдактар альманаху «DRUVIS». Даследуе беларускую традыцыйную культуру, рэлігію і міфалогію, вывучае архаічную знакавую сістэму, паходжанне і семантыку сімвалаў. Займаецца штудыямі ў галіне этнамузыкалогіі, традыцыйнай эстэтыкі, сакральнай геаграфіі.

АЛЯКСЕЙ ДЗЕРМАНТ

13 сакавіка: “DRUVIS” у МагілёвеАляксей Дзермант (нар. у Менску), філосаф, этнакультуролаг. Скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, аспірантуру Інстытута філасофіі НАН Беларусі.

Сфера навуковых зацікаўленняў — беларуская і балцкая міфалогія, праблемы этнагенезу беларусаў, сакральная геаграфія і геапалітыка, звычаёвае права, рытуалы і міфалогія ўлады, палітычная і этнічная гісторыя Беларусі, філасофія традыцыяналізму.

Рэдактар сайту Цэнтру этнакасмалогіі «KRYŬJA», укладальнік альманаху «DRUVIS».


Кантактныя тэлефоны:

Алег Дзьячкоў (МТС – 8-0292-45-64-52; Velcom – 8-0293-88-35-61)

21:51 10.03.2010
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы