17 сакавіка 1990 году пабачыў святло першы нумар газеты ТБМ – “Наша слова”. Спачатку гэта быў штомесячны бюлетэнь-газета, заснаваны першым кіраўніком ТБМ Нілам Гілевічам, а ўжо ў наступным годзе газета стала выходзіць штотыднёва, пачала прадавацца ў шапіках і атрымала права на падпіску праз дзяржаўную сістэму распаўсюду.
У складзе рэдакцыі пад кіраўніцтвам вядомага беларускага пісьменніка і журналіста Эрнеста Ялугіна працавала больш дзесяці чалавек. Аб’ём выдання быў ад 8 да 12 старонак, а наклад дасягаў 20 тысяч асобнікаў. Газета мела дзяржаўную фінансавую падтрымку і выходзіла ў Мінску.
Аднак пасля рэферэндума 1995 года і змены дзяржаўнай палітыкі ў галіне падтрымкі беларускай культуры, адукацыі і мовы, дзяржаўнае фінансаванне газеты напрыканцы 1996 года спынілася. Яе існаванне апынулася пад пагрозай і некалькі месяцаў газета не выходзіла. У гэты час вырашаўся лёс і самой арганізацыі ТБМ.
Аднак дзякуючы намаганням новага кіраўніцтва ТБМ, якое ўзначаліў Генадзь Бураўкін, арганізацыя захавалася, і паўстала пытанне аб аднаўленні дзейнасці газеты без аніякай дзяржаўнай падтрымкі на грамадскіх пачатках.
У гэты няпросты час адказнасць за лёс выдання ўзяў на сябе былы афіцэр, падпалкоўнік, шчыры беларускі патрыёт, які паходзіць з Нясвіжскай вясковай шляхты – Станіслаў Суднік. З восені 1997 года і па сённяшні дзень “Наша слова” выходзіць у Лідзе, дзе жыве і працуе яе нязменны кіраўнік і рэдактар. Газета выходзіць толькі на грамадскіх пачатках, не маючы ганарараў і заробкаў для рэдактара і журналістаў, але яна мае свой адметны твар і добра вядомая як у Беларусі, так і за яе межамі.
Падрабязную інфармацыю пра гісторыю “Нашага слова” можна прачытаць у яе юбілейным нумары ад 16 сакавіка гэтага года. Хочацца пажадаць “Нашаму слову” новых чытачоў і асабліва новых сталых падпісчыкаў.
Старшыня ТБМ, Сябра рэдакцыйнай рады “Нашага слова” Алег Трусаў 19:15 17.03.2010 |