…З гліны, з праменняў, з роднага слова
Свет свой па-свойму ляпіць…
Аляксей Пысін
У панядзелак, 22 сакавіка, у Палацы культуры вобласці адбылася літаратурная вечарына “Голас памяці”, прысвечаная 90-годдзю выдатнага паэта, ураджэнца Магілёўшчыны Аляксея Пысіна. Арганізатары імпрэзы – Цэнтральная гарадская бібліятэка імя К. Маркса, клуб “Натхненне” і Магілёўская гарадская арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Удзельнікамі мерапрыемства сталі больш за 70 магілёўцаў.Вядучыя вечарыны, адным з якіх быў старшыня Магілёўскага ТБМ Алег Дзьячкоў, на працягу імпрэзы знаёмілі прысутных з жыццёвымі пуцявінамі паэта. А лепш уявіць сабе жыццёвы і творчы шлях Аляксея Пысіна дапамагала цудоўная прэзентацыя фотаздымкаў, падрыхтаваня супрацоўнікамі гарадской бібліятэкі імя Карла Маркса спецыяльна да 90-годдзя нашага выдатнага зямляка, і кніжная выстава, прысвечаная творчасці А. Пысіна.

На працягу імпрэзы магілёўскія школьнікі чыталі вершы Аляксея Пысіна, а сябры паэта літаратары Віктар Арцем’еў і Іван Аношкін дзяліліся ўспамінамі пра нашага знакамітага земляка. Цікава, што В. Арцем’еў пачаў сваё выступленне са шкадавання, што на такой вечарыне не прадстаўлены мясцовыя ўлады, а І. Аношкін выказаў нязгоду, зазначыўшы, што ўлады заўсёды добра ставіліся да Аляксея Пысіна. Так, напрыклад, А. Пысіну ў Магілёве далі кватэру, а пасля смерці паэта ўсталявалі памятную шыльду на доме, дзе ён жыў і працаваў. “Але каб працаваць у гэтай кватэры, паэт вымушаны быў пісаць у ванне”, - парыраваў В. Арцем’еў, расказаўшы пра няпростыя жыллёвыя ўмовы А. Пысіна. А вось Алег Дзьячкоў дадаў, што “хоць ўлады і ўсталявалі мемарыяльную шыльду, але па старой старой добрай савецкай традыцыі зрабілі на ёй памылку”.

Аўтар музыкі на вершы Аляксея Пысіна Мікалай Яцкоў выканаў некалькі песняў (“Твае далоні”, “Пяць патронаў”, “Паязды”), а Галіна Сёміна, выканаўшы песню на словы А. Пысіна, падарыла прысутнай у зале дачцэ паэта Любові Аляксееўне дыск з запісам песні. Дарэчы, акрамя Любові Аляксееўны, на вечарыне прысутнічалі і два ўнукі паэта, якіх у гонар дзеда таксама назвалі Аляксеямі.
Скончылася ж вечарына нязмушанай сяброўскай размовай паміж яе ўдзельнікамі і фотаздымкамі на памяць з дачкой і ўнукамі Аляксея Пысіна.
Юрась Каласоўскі, Магілёў
Жыццёвы і творчы шлях Аляксея ПысінаАляксей Пысін нарадзіўся 22 сакавіка 1920 г. у вёсцы Высокі Барок Краснапольскага раёна Магілёўскае вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1880 – 1886 гг. прадзед будучага паэта з сынамі пераехаў з Браншчыны ў Магілёўскую губерню, на «купчыя землі». За грошы, узятыя ў пазыку ў зямельным банку, купілі ў пана зямлю. Дзед, Пётр Пысін, пасяліўся ў заснаванай перасяленцамі вёсцы Высокі Барок. Бацька, Васіль Пысін, і маці, Хрысціна (у дзявоцтве Вяржбіцкая, з суседняй вёскі Мануйлы), займаліся сельскай гаспадаркай. У роднай вёсцы прайшлі дзіцячыя і школьныя гады А. Пысіна.
Пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы (1938 г.) Аляксея Пысіна, як актыўнага селькора, райкам камсамола накіраваў на вучобу ў Мінскі камуністычны інстытут журналістыкі.
У верасні 1939 г., пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР, яго, студэнта другога курса, накіравалі на працу ў бельскую (г. Бельск на Беласточчыне) павятовую, пасля раённую газету, дзе ён быў літсупрацоўнікам да пачатку вайны. Пасля адступлення да Гомеля была эвакуацыя на Урал, у запасны полк, палкавая школа і дарога на пярэдні край. Вайну прайшоў сувязістам, удзельнічаў у баях, двойчы быў паранены. Дэмабілізаваўся А. Пысін на пачатку 1946 г. Працаваў адказным сакратаром краснапольскай раённай газеты «Чырвоны сцяг» (1946–1948 гг.), уласным карэспандэнтам магілёўскай абласной газеты «За Радзіму» (1949–1950 гг.).
Член СП Беларусі з 1950 г.
3 мая 1950 г. працаваў у палітаддзеле Свержанскай МТС Стаўбцоўскага раёна Баранавіцкай вобласці.
З 1954 г. - рэдактар чэрыкаўскай раённай газеты.
У 1956–1958 гг. вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Пасля заканчэння курсаў працаваў у рэдакцыі абласной газеты «Магілёўская праўда».
З 1974 г. да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза Пісьменнікаў Беларусі.
Першыя спробы пяра А. Пысін зрабіў будучы вучнем Высокаборскай сямігодкі. Тады ж у друку пачалі з'яўляцца яго селькораўскія допісы. Першыя вершы ён, выпускнік сярэдняй школы, прынёс на суд земляку-паэту П. Бядуліну, які працаваў у рэдакцыі краснапольскай раённай газеты «Чырвоны сцяг». Адзін з іх, «Ураджай», быў надрукаваны ў 1938 г. у газеце «Чырвоная змена».
Пасля былі публікацыі ў армейскім друку.
Першы зборнік «Наш дзень» выйшаў толькі ў 1951 г., у 1959 г. з'явіўся наступны – «Сіні ранак». У ранніх вершах адчуваліся пошукі ўласнай тэмы, свайго голасу, якога тады яшчэ не было, хоць раннія вершы і прасякнуты грамадзянскім пафасам, пачуццямі патрыятызму, трывогай за мір на зямлі. У зборніку «Сонечная паводка» адчуваецца «прырастанне» паэта да сваёй тэмы – зварот да франтавых будняў, роздум аб якіх стаў адной з істотных рыс яго сталай лірыкі. Кніга «Мае мерыдыяны» засведчыла «другое нараджэнне» паэта. У ёй, як і ў наступных («Твае далоні», «Пойма», «Да людзей ідучы», «Ёсць на свеце мой алень», «Палёт»), разгортваецца суровы леталіс памяці. Лірычная споведзь паэта, былога франтавіка, драматычна-напружаная, пазначаная глыбокім смуткам, абумоўленым стратамі баявых сяброў. Крытэрый памяці прысутнічае ў кожным творы А. Пысіна, становіцца найважнейшай адзнакай эстэтычнай вартасці яго паэзіі, дзе, як і ў жыцці, «даўняе з сягонняшнім сплялося».
У разважаннях над імгненнем і вечнасцю, над глабальнымі праблемамі сучаснасці, падсвечанымі памяццю франтавых дарог («часоў былых і новых сувязь»), у глыбокім пранікненні ў духоўны свет чалавека адчуваецца высокая мастацкая культура, маштабнасць мыслення паэта.
Лірыцы А. Пысіна ўласцівы жыццесцвярджальнасць, спавядальная шчырасць, унутраная засяроджанасць, традыцыйная манера пісьма. Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг», кніг для дзяцей «Матылёчкі-матылі», «Вясёлка над плёсам», «Колькі сонцаў». Дзецям адрасаваны таксама паэмы «Кавылёк» і «Дзяўчынка Марыям». Выдаў кнігу нарысаў «Бярозка ля кожных варот».
А. Пысін пераклаў на беларускую мову «Маабіцкі сшытак» М. Джаліля (разам з С. Гаўрусёвым), зборнік вершаў М. Ханінава «Жураўлі над стэпам». Творы А. Пысіна перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы. На яго вершы кампазітарамі Л. Курачком, I. Пятровым-Кумінскім і Ю. Федуненкам напісаны песні.
Памёр 27 жніўня 1981 г. у Магілёве.
Пахаваны на Віленскіх могілках па вул. Лазарэнкі.
Імя А. Пысіна прысвоена Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна, дзе створаны і прысвечаны яму музей. У Магілёве на праспекце Міру, на доме 35а, дзе жыў паэт, усталявана мемарыяльная дошка.
Аляксей Пысін — паэт, у творчасці якога ваенная тэма праявілася найбольш, можна нават сказаць, яна з’яўляецца скразной. Але ёсць і звыштэма, знітаваная ў ланцужку “жыта—жыццё—вечнасць”, асабліва яскрава выяўленая ў вершы-прысвячэнні Сцяпану Гаўрусёву “Забыта многае ў жыцці…”.
Аляксей Васілевіч Пысін – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Я. Купалы. Аўтар шматлікіх зборнікаў вершаў: “Наш дзень” (1951), “Сіні ранак” (1959), “Сонечная паводка” (1962), “Мае мерыдыяны” (1965), “Твае далоні” (1972), “Вярбовы мост” (1974), “Ёсць на свеце мой алень” (1978).
Выдатны нацыянальны паэт Аляксей Васільевіч Пысін з першага дня свайго свядомага жыцця і да апошняга дыхання быў сапраўдным магілёўцам. Сынам сваёй зямлі, свайго народа. Ён быў улюблёны ў родны край Прыдняпроўскі, горад Магілёў, родную Беларусь.
У Магілёве Пысін напісаў, за выключэннем зборніка “Наш дзень”, усе свае кніжкі, а іх аж за два дзесяткі. А вершаў-шэдэўраў, як у Пысіна, мала ў каго з беларускіх паэтаў. У нашым горадзе ў поўную сілу праявілася майстэрства творцы Пысіна. Тут ён чэрпаў сюжэты для сваіх вершаў. Нярэдка яны прысвечаны магілёўцам, гораду. Напрыклад, “Магілёўскія дзяўчаты”, “Першамайская вуліца”, “Любуж”, “Магілёўская гаворка”, “У тралейбуса кароткі сон…”, “Пячэрскі парк”, “У смузе над поймай Дняпроўскай…”, “Дзявочы халадок бярозы…”, “З самай раніцы абход пачне, і па Віленскай і Падніколлі…”, “Нямыя”, “Заспявай, мой дружа, заспявай…”
З вершаў Аляксея Пысіна
***
Я гляджу на даўняе курганне,
На траву, на рыжых мурашоў,
Ведайце, калі мяне не стане –
Я ў сваю дывізію пайшоў.
***
Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову
Як спадчыну, як запавет.
***
Забыта многае ў жыцці,
З дарогі змецена і змыта,
Мне ў жыта хочацца ўвайсці,
Мне вечнасцю здаецца жыта.
***
Вазьму шурпаты каласок
На чуйным провадзе саломы –
І адзавецца мне здалёк
Мой продак – сейбіт незнаёмы.
***
На схіле мне святла яшчэ даволі,
Вільготны цень кладзе дубоў сям’я.
О, як патрэбны мне твае далоні,
Любоў мая.
Калі стамлюся некалі праз меру,
Адчуць бы мне падтрымку рук тваіх;
І я ў прыліў магутных сіл паверу,
Бо мы ўдваіх.
Прыкмеціш, што ўскіпаю недарэчы
І слова крыўднае сказаць хачу, -
Ты апусці далоні мне на плечы,
І я змаўчу.
Дубы на позні дом ссыпаюць лісце,
І ў кожнага зямны, кароткі век.
Ў мой лістапад няшумны дакраніся
Маіх павек.
І я адчую, ўбачу, невідушчы,
Далонямі тваімі ўбачу я
Ў палёце ластаўку, рабіну ў пушчы,
Любоў мая.
***
Лямпачка – паўночнае свяціла,
Спелы німб і цень.
Ноч імжыстая не пагасіла
Незакатны дзень.
Свеціць камень. Свеціць дух сасновы.
Свеціць даўні след.
Свецяць летуценні. Свецяць словы,
Што імкнуцца ў свет.