Адзін з цэнтральных тэлеканалаў у перспектыве можа стаць цалкам беларускамоўным. Такое меркаванне выказаў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, падводзячы вынікі дзейнасці кампаніі за 2009 год. Нагадаем, на пачатку мінулага года адбылася сустрэча кіраўніка Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Алега Трусава і старшыні Белтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага, прысвечаная пашырэнню ўжытку роднай мовы на айчынным тэлебачанні. Вынікам яе стала дамоўленасць аб рэалізацыі некалькіх асветніцка-прапагандысцкіх праектаў, звязаных з беларускай мовай, культурай і гісторыяй. Адзін з такіх праектаў — беларускамоўная мультыплікацыйная "Азбука" для самых маленькіх — ужо рыхтуецца да запуску на канале "ЛАД". Другі — цыкл перадач, прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы — мяркуецца вынесці на суд гледачоў гэтым летам. Адносна нядаўна, у Міжнародны дзень роднай мовы (21 лютага), таксама была рэалізаваная адмысловая акцыя — усе выпускі навінаў, уключаючы выніковую праграму "У цэнтры ўвагі", на каналах БТРК выходзілі на беларускай мове. "Усе нашы дамоўленасці з ТБМ выконваюцца, — адзначыў спадар Зімоўскі, — і гэта не паказуха, а мэтанакіраваная пастаянная пакрокавая работа. Аднак для таго, каб нармальна весці парытэтнае дзвюхмоўнае вяшчанне, напэўна, я рабіў бы два розныя каналы, як гэта робіцца, напрыклад, у Бельгіі... Магчыма, калі дазволяць рэсурсы ці будзе такое жаданне ў дзяржавы, у будучым стане цалкам беларускамоўным "ЛАД" або Першы канал". "Звязда"
Гл. таксама:Алега Трусава запросяць у эфір Першага канала 08:17 5.04.2010 |