галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Рукапісы не гараць. Гаўрыла Гарэцкі
Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі (1900-1988) побач са сваім братам, класікам беларускай літаратуры Максімам Гарэцкім, і сынам Радзімам Гарэцкім (акадэмікам НАН Беларусі, геолагам, геатэктонікам) - слынны прадстаўнік аднаго з найбольш вядомых беларускіх інтэлігенцкіх родаў ХХ стагоддзя. Выдатны беларускі вучоны-геолаг, акадэмік НАН Беларусі, доктар геолага-мінералагічных навук, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат дзяржаўных прэмій СССР і БССР, ён з’яўляецца аўтарам больш за 160 навуковых прац, у т.л. 8 манаграфій. На пачатку свайго творчага шляху вядомы вучоны ў галіне палітэканоміі, аўтар прац па этнастатыстыцы, сельскай і лясной гаспадарцы, філалогіі, Г. Гарэцкі атрымаў міжнароднае прызнанне як буйны спецыяліст у галіне геалогіі антрапагену. Ім распрацаваны навуковыя асновы новага напрамку геалагічнай навукі - палеапатамалогіі (вучэння пра рэкі мінулага).

8 красавіка 2010 года ў чытальнай зале аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (г. Мінск, вул. Сурганава, 15) адбудзецца адкрыццё выстаўкі "Са слаўнага роду Гарэцкіх: да 110-годдзя з дня нараджэння Гаўрылы Гарэцкага".

Экспазіцыя юбілейнай выстаўкі дае наведвальнікам магчымасць прасачыць асноўныя этапы жыццёвага і творчага шляху славутага суайчынніка. Тут можна ўбачыць дакументы, якія адносяцца да часоў яго навучання ў Горацкім каморніцка-агранамічным вучылішчы, Пятроўскай (Ціміразеўскай) сельскагаспадарчай акадэміі ў Маскве, працы ў Беларускай акадэміі сельскай гаспадаркі ў Горках, Інстытуце беларускай культуры і Беларускім НДІ сельскай і лясной гаспадаркі.

Шырока прадстаўлены таксама дакументы, што сведчаць пра працу Г. Гарэцкага ў складзе розных інжынерна-геалагічных арганізацыях СССР і пра яго ўдзел у будаўніцтве буйных гідратэхнічных збудаванняў краіны.

alt

Гаўрыла Гарэцкі – студэнт Горацкага каморніцка-агранамічнага вучылішча. 1917 г.

alt

Руска-беларускі слоўнік братоў Гарэцкіх 1918 года выдання з аўтографам Максіма Гарэцкага

alt

Вокладка справы педагагічнага савета Горацкіх навучальных устаноў вучня каморніцка-агранамічнага вучылішча Гаўрылы Гарэцкага. 1919 г.

alt

Вокладка справы сябра беларускай дзяржаўнай акадэміі сельскай гаспадаркі Гаўрылы Гарэцкага. 1925 г.

alt

Гаўрыла і Максім Гарэцкія. 1926 г.

alt

Гаўрыла Гарэцкі і Сцяпан Некрашэвіч – правадзейныя члены Інбелкульта. Менск, лістапад 1926 г.

alt

Гаўрыла Гарэцкі з жонкай Ларысай Восіпаўнай і сынам Усяславам. 1928 г.

alt

Гаўрыла Гарэцкі ў турме. Менск, 1930 г.

alt

Ліст Гаўрылы Гарэцкага да Уладзіміра Дубоўкі. 27 снежня 1965 г.

alt

Гаўрыла Гарэцкі ў палявой геалагічнай экспедыцыі. Ніжнінскі роў на левым беразе Дняпра каля Шклова. Чэрвень 1968 г.

alt

Гаўрыла Гарэцкі і Уладзімір Дубоўка. Масква,1970 г. Пад фотаздымкам чатырохрадкоўе У. Дубоўкі "Ай дзяды! Гляньце колькі на іх сівізны!.."

alt

Гаўрыла Гарэцкі і член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхаіл Ганчарык у грыбах. 1979 г.


Не засталася па-за ўвагай арганізатараў выстаўкі дзейнасць вучонага ў Акадэміі навук БССР на пасадзе загадчыка лабараторыі геалогіі і палеапатамалогіі антрапагену Iнстытута геахіміі і геафізікі, а таксама на чале такіх навуковых арганізацый, як Камісія па вывучэнні чацвярцёвага перыяду АН СССР і Савецкая секцыя міжнароднага саюза па вывучэнні чацвярцёвага перыяду (INQUA), у складзе рэдкалегій розных навуковых выданняў.

Шырока выкарыстаны ў экспазіцыі фотаздымкі розных гадоў. Многія з іх сведчаць аб значных падзеях з жыцця юбіляра. Г. Гарэцкі паўстае на фота разам з роднымі і блізкімі, побач з вядомымі дзеячамі навукі і культуры.

Выклікае цікавасць і эпісталярная частка экспазіцыі, якая склалася з перапіскі Г. Гарэцкага з роднымі, з айчыннымі вучонымі М. Ганчарыкам, П. Рагавым, М. Улашчыкам, дзеячамі савецкай геалагічнай навукі У. Сукачовым, К. Маркавым, П. Дарафеевым, з пісьменнікамі Я. Коласам, К. Крапівой, У. Дубоўкам, М. Лужаніным і інш.

Раздзел экспазіцыі пад назвай "Прызнанне заслуг" аб’ядноўвае дакументы, якія сведчаць аб прысваенні Г. Гарэцкаму ганаровых званняў, аб узнагароджанні яго дзяржаўнымі ўзнагародамі, шматлікія віншавальныя адрасы і г.д.

І, нарэшце, адно з найважнейшых месцаў у экспазіцыі займаюць кнігі. Сярод іх навуковыя працы Г. Гарэцкага розных гадоў: складзены сумесна з М. Гарэцкім "Руска-беларускі слоўнік" (1918), усе манаграфіі вучонага, у т.л. "Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. Прареки Камского бассейна" (1964), "Формирование долины р. Волги в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги" (1966), "Аллювиальная летопись Великого Пра-Днепра" (1970), "Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере белорусского Понеманья)" (1980) і інш., а таксама асобныя артыкулы. Акрамя таго, экспануюцца кнігі з дароўнымі надпісамі вядомых навукоўцаў, адрасаванымі Г. Гарэцкаму, і літаратура, прысвечаная жыццю і дзейнасці вучонага.

Пры падрыхтоўцы выстаўкі шырока выкарыстоўваліся дакументы з асабістага рукапіснага архіва Г. Гарэцкага і геалагічнага кнігазбору вучонага, што захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа. Велізарны ўклад у арганізацыю выстаўкі зрабіў і акадэмік Р.Г. Гарэцкі, які даў дазвол на выкарыстанне ў экспазіцыі каштоўных дакументаў са свайго хатняга архіва, якія адносяцца да жыцця і дзейнасці яго славутага бацькі .

TUT.BY - рукапісы не гараць…




ГАЎРЫЛА ГАРЭЦКІ

Максім Гарэцкі, знакаміты пісьменнік і літаратуразнаўца, і яго малодшы брат Гаўрыла Гарэцкі, акадэмік-эканаміст, адзін з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук, дырэктар Беларускага навукова-даследчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі, у ліпені 1930 году былі арыштаваныя як “нацдэмы” – “ворагі народу” – і трапілі ў ГУЛАГ. Максім быў высланы на 5 гадоў у Вятку (затым горад Кіраў), а Гаўрыла – на 10 гадоў на Салаўкі, на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага каналу (замест прысуду да расстрэлу).

У 1935 годзе скончыўся тэрмін высылкі, і Максім Гарэцкі разам з сям’ёй (жонка – Леаніла Усьцінаўна Чарняўская-Гарэцкая і дзеці – Галіна і Леанід) пераехаў у горад Пясочня Смаленскай (цяпер Калужскай) вобласці, дзе працаваў у школе настаўнікам расейскай мовы і літаратуры. Але ў ноч з 3 на 4 лістапада 1937 году Максіма зноў арыштавалі, а 10 лютага 1938 году расстралялі ў горадзе Вязьма, – да 45-годдзя заставалася 8 дзён. Яго творы амаль на 30 гадоў былі забароненыя, большасць з іх знішчаныя.

Гаўрылу Гарэцкага ў кастрычнiку 1937 г. таксама арыштавалi, праз тры месяцы вызвалілi, а 8 траўня 1938 г. асудзiлi да расстрэлу. Больш за год ён прабыў у турме, але цудам застаўся жывым. Вялiкая Айчынная вайна прынесла шмат гора сям’i Гарэцкiх: загінулі тры пляменнiкі Гаўрылы: Парфiраў Уладзiмiр, Iванаў Вiктар i сын Максiма Леанiд.

Захаваліся лiсты Гаўрылы Гарэцкага пасляваеннага часу (пачынаючы з 1947 г., калi сям’я Максiма жыла ў Кiраве, а з 1948 г. лiсты накiроўвалiся ў Ленiнград, куды пераехалi Лёля i Галя). Г. Гарэцкі з сям’ёю жыў у розных мясцiнах Расii, дзе праводзіў iнжынерна-геалагiчныя даследаваньні перад узвядзеннем гiдратэхнiчных збудаванняў: Цымлянская, Горкаўская, Ніжне-Камская ГЭС і інш. У 1969-м Гарэцкiя пераехалi ў Менск.

Гаўрыла Іванавіч быў адарваны ад Беларусi больш за 30 гадоў, але ў кожным ягоным лiсьце гучала тэма Бацькаўшчыны. Калi памёр «вождь всех народов», пачалася паступовая рэабiлiтацыя былых вязняў ГУЛАГу. Вярталiся да народу творы пiсьменнiкаў, мастакоў, вучоных. У 1958-м цалкам рэабілітавалі Гаўрылу Гарэцкага, праз год – Максіма. Пачалi ўзгадваць iмя пісьменніка, а з 1959-га – i друкаваць. Гэтыя пытанні як для Гаўрылы, так i для сям’i Максiма былi вельмi балючымi, i таму яны занялi галоўнае месца ў перапісцы. Брат, жонка i дачка Максiма Гарэцкага рабiлi ўсё, што маглi, дзеля вяртання ягонай спадчыны. І былi сардэчна ўдзячныя ўсім за дапамогу...

Радзiм Гарэцкi

21:27 14.04.2010
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы