6 траўня ў 18.00 у гарадской ратушы адбудзецца сустрэча з журналістамі "Белтэлерадыёкампаніі" Аляксандрам Аляксеевым і Алегам Лукашэвічам - намінантамі на дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. Мерапрыемства адбудзецца ў рамках творчага праекта "Спадчына Беларусі", які ствараўся для таго, каб паказаць унікальнасць беларускай культуры і мастацтва. Гісторыка-культурны праект складаецца з 3-х частак: серыя мастацкіх альбомаў "Спадчына Беларусі", дакументальны цыкл "Эпоха", які складаецца з 17 фільмаў, і 11 тэматычных фотавыстаў. У альбомах утрымліваецца інфармацыя пра архітэктурныя помнікі IX-пачатку XX стагоддзяў. Фільмы распавядаюць аб выбітных людзях, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі, сярод якіх ёсць і наш зямляк Мікалай Судзілоўскі. Уваход на мерапрыемства бясплатны. Шчыра запрашаем! Аляксандр Аляксееў у 2000 годзе скончыў факультэт мэнеджмента Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта. У 2004 годзе абараніў дысертацыю. З’яўляецца кандыдатам эканамічных навук. Мае публікацыі па эканамічнай тэматыцы, у тым ліку за мяжой. З’яўляецца пераможцам шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, канферэнцый. У 2000 годзе ўзнагароджаны медалём Міністэрства адукацыі Расійскай Федэрацыі “За лепшую навуковую работу” сярод маладых вучоных. З 2001 года працуе на Беларускім тэлебачанні, з’яўляецца аўтарам і вядучым праграмы “Знята!”, рэдактарам тэлепраектаў “Наша спадчына”, “Новая калекцыя”, “Эпоха”. Алег Лукашэвіч у 1995 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1996 годзе атрымаў спецыяльнасць рэжысёр і аператар тэлебачання ў Міжнародным цэнтры “CIRNEA” у Парыжы. Першы беларускі журналіст, які быў акрэдытаваны на Міжнародных кiнафестывалях у Канне, у Венецыі і Берліне. З 1994 года працуе на Беларускім тэлебачанні, з’яўляецца кіраўніком творчага аб’яднання. Стварыў шэраг тэлевізійных праектаў: “Новая калекцыя”, “Наша спадчына”, “Знята!”, “Эпоха”. За публіцыстыку ў галіне культуры ўзнагароджаны Ганаровымі дыпломамі імя Ежы Гедройца ў 2001 і 2003 гадах. У лістападзе 2005 года з’яўляўся Старшынёю журы кінапрэсы на ХІІ Міжнародным Мінскім кінафестывалі. На ІХ Еўразійскім тэлефоруме ў Маскве ў лістападзе 2006 года ўзнагароджаны Ганаровым дыпломам і медаллю за лепшы дакументальны фільм “Эпоха Марка Шагала”. Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч пачалі займацца прафесійнай фатаграфіяй у 2001 годзе. Упершыню сваю персанальную фотавыставу прадставілі публіцы ў 2003 годзе ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску. Аўтарскія фотаэкспазіцыі таксама былі прадстаўлены ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, у Палацы Саюза мастакоў Арменіі ў Ерэване, у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, у сядзібе-музеі Іллі Рэпіна ў Здраўнёва. У 2004 годзе фотапраект “Спадчына Беларусі” быў прадстаўлены ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы, у Нацыянальным музеі музычных інстументаў у Рыме, у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. У верасні 2004 года Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч выпусцілі альбом “Спадчына Беларусі”, які быў прызнаны лепшым выданнем 2004 года. За гэта выданне ў студзені 2005 года ім прысуджана ганаровае званне Лаурэатаў прэміі “За духоўнае адраджэнне”, а ў лютым 2005 года – вышэйшая ўзнагарода 45 Беларускага Рэспубліканскага конкурса “Мастацтва кнігі” – дыплом імя Францыска Скарыны. 20:07 4.05.2010 |