У межах фестывалю еўрапейскага кіно 24 мая а 18-й гадзіне ў кінатэатры “Космас” адбудзецца прагляд адной з лепшых шведскіх карцін апошняга часу “Дай мне ўвайсці”. Рэжысёр Томас Альфрэдсан правёў паспяховую трансфармацыю вампірскай стужкі ў сапраўды арыгінальную, кранальную і дзіўна людскую гісторыю пра сяброўства і адзіноту.
Оскар, дванаццацігадовы запалоханы хлопчык, марыць пра помсту. На паперы ў дзённіку ён жорстка помсціць сваім крыўдзіцелям…
Оскар закаханы ў эксцэнтрычную дзяўчыну Элі. Яна не можа знаходзіцца на сонцы, пазбягае ежы… У рэшце Элі надзяляе хлопчыка сілай, каб ён мог даць адпор. Аднак калі Оскар разумее, што для таго, каб выжыць, Элі патрэбна чалавечая кроў, ён апынаецца перад праблемай выбару. Як многа можа дараваць закаханы?
Не выпадкова, што адзіная беларускамоўная карціна фестывалю падрыхтаваная шведскімі дзеячамі культуры. Відавочна, што гэта звязана і з пазіцыяй амбасады гэтай краіны. Пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан сам вывучыў нашу мову і стварыў гурток сярод іншых паслоў па яе вывучэнню.
Прагляд стужкі дае выдатную магчымасць пазнаёміцца з культурай Швецыі і нацыянальным характарам яе жыхароў. Шведскі рэжысёр вельмі блізка падкраўся да самых дарагіх і таемных нашых пачуццяў. Мала таго, ён жадае, каб мы яго да сябе ўпусцілі! Да таго ж, з інтрыгай знятае апавяданне – не сумнае відовішча.
Пачатак а 18-й гадзіне 24 мая. Кінатэатр “Космас”. Праспект Пушкіна.
Тэл. 48-42-79
Далучайцеся. Тым больш, што гэта і выдатная магчымасць пазнаёміцца з нанова адкрытым кінатэатрам.