галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

“Днепр” саступіў у абласным дэрбі
“Днепр” саступіў у абласным дэрбі

22 траўня магілёўскі “Днепр” у межах адзінаццатага тура чэмпіянату краіны па футболе прымаў бабруйскую “Белшыну”. Супрацьстаянне каманд Магілёўскай вобласці скончылася перамогай гасцей.

У першым тайме гледачы ўбачылі цікавую, востраатакуючую гульню і, як вынік, тры галы. На 19 хвіліне перадачу з правага фланга Дзяніса Сашчэкі ў забіты мяч ператварыў паўабаронца “Белшыны” Ігар Лісіца. Праз два абароты секунднай стрэлкі капітан “Дняпра” Яўген Капаў са сваёй профільнай пазіцыі адправіў скураны снарад на дальнюю штангу, дзе Дзмітрый Калачоў апярэдзіў галкіпера бабруйчан Логвінава і зраўняў лік.

36 хвіліна гульні магла падарыць радасць балельшчыкам мясцовай каманды. Максім Карповіч пасля скідкі Аляксея Тупчыя магутным стрэлам праверыў на трываласць каркас варот “Белшыны”. І тут спрацавала старое футбольнае правіла: не забіваеш ты – забіваюць табе. Мяч, накіраваны ў раён мяжы штрафной пляцоўкі, нападаючы гасцей Аляксандр Лебедзеў пераправіў далей, дзе памылкай варатара магілёўцаў Руслана Капанцова скарыстаўся капітан “Белшыны” Віталь Ланько – 1:2.

Другая палова сустрэча прайшла даволі сумна. “Дняпроўцы” ніяк не маглі падабраць ключ да варот Логвінава, а бабруйчане гулялі на ўтрыманне пераможнаага ліку, без праблем стрымліваючы націск “Дняпра”. На першай дадатковай хвіліне магілёўцаў, якія захапіліся пазіцыйнай атакай, пакараў украінскі легіянер “Белшыны” Сяргей Каваленка. Яго рэйд праз паўполя скончыўся выхадам адзін на адзін з Капанцовым. У гэтай дуэлі пераможцам выйшаў напададючы “шыннікаў”.

Такім чынам, пасля першага круга чэмпіянату “Днепр” займае пятую пазіцыю ў турнірнай табліцы.

Андрэй Ільеня

18:51 23.05.2010
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы