галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш прыедзе ў Магілёў
Чэслаў Мілаш - польскі паэт, пісьменнік, эсэіст, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1980). Аўтар узрушаючых вершаў, выдатных эсэ, ён стаў знакам новага пакалення польскіх аўтараў, якія перажылі ўсе жахі Другой сусветнай вайны, але здолелі захаваць любоў да жыцця і чалавека.
Не чужы Мілаш і беларусам. Да гісторыі і культуры нашага народа ён неаднаразова звяртаўся ў цыклах эсэ "Родная Еўропа", "Зямля Ульра". У сусветную культуру Чэслаў Мілаш увайшоў у тым ліку і дзякуючы ўспамінам аб Варшаўскім паўстанні ў кнізе "Захоп улады".

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі Чэслаў Мілаш прыедзе ў Магілёў

Чэслаў Мілаш, польскі паэт, празаік, эсэіст, гісторык літаратуры, перакладчык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, юрыст і дыпламат, нарадзіўся 30 чэрвеня 1911 года ў сямейным маёнтку Шатэйны, у літоўскай Аўкштайтыі. Яго бацька — Аляксандр Мілаш, а маці — Вераніка Мілаш з Кунатаў. Сям’я Мілашаў належыць да гербу Любіч, як, дарэчы, і шматлікія беларускія шляхецкія сем’і. Будучы паэт быў ахрышчаны ў свентаброцкім касцёле Пераяўлення Гасподняга.

Даўняе Вялікае Княства Літоўскае, на землях якога Мілаш выхоўваўся, разам са сваёй шматкультурнай і талерантнай атмасферай моцна паўплывала на творчасць і светапогляд паэта, а сам ён часта прыгадваў сваё дзяцінства (прысвяціўшы гэтаму перыяду свайго жыцця аповесць з аўтабіяграфічнымі рысамі “Даліна Ісы” (“Dolina Issy”)). Паўплывалі на паэта і гістарычныя падзеі, сведкам якіх яму давялося стаць: кастрычніцкая рэвалюцыя і польска-бальшавіцкая вайна. У гэты ж самы час нарадзіўся яго малодшы брат, Анджэй Мілаш, будучы рэжысёр-дакументаліст, публіцыст і перакладчык.

Мілаш вучыўся ва ўніверсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні, спачатку на гуманітарным факультэце, а праз некаторы час ён перайшоў на факультэт сацыяльных навук, каб вывучаць права. Ён дэбютаваў у 1930 годзе на старонках універсітэцкага часопіса "Alma Mater Vilnensis" вершамі “Кампазіцыя” і “Падарожжа”. Уваходзіў у згуртаванне паэтаў-катастрафістаў “Жагары” (“Żagary”) і спрычыніўся да выдання аднайменнага часопіса. У гэты ж час Мілаш працаваў у віленскай рэдакцыі польскага радыё, аднак быў звольнены па абвінавачваннях у падтрымцы інтарэсаў літоўцаў і беларусаў.

На пачатку Другой сусветнай вайны, калі савецкая армія заняла Вільню, Мілаш вярнуўся ў родны горад (адкуль з’ехаў, адступаючы ад ваенных дзеянняў) і прыняў літоўскае грамадзянства. Аднак, калі савецкія войскі занялі ўсю тэрыторыю Літвы, Мілаш выехаў у акупаваную немцамі Варшаву, дзе працаваў ва ўніверсітэцкай бібліятэцы і ўдзельнічаў у падпольным літаратурным руху, апублікаваўшы ў 1940 годзе зборнік “Вершы” пад псеўданімам Ян Сыруць. Там жа, у акупаванай Варшаве, Мілаш піша свой цыкл “Свет. Наіўныя паэмы” (“Świat. Рoema naiwne”). Пасля паразы варшаўскага паўстання Мілаш пераехаў у Кракаў, дзе застаўся да канца 1945 года.

Пасля вайны Мілаш працуе ў Міністэрстве замежных спраў Польскай Народнай Pэспублікі ў якасці аташэ па культуры ў Нью-Ёрку і Парыжы. У 1951 годзе паэт папрасіў у французскага ўраду палітычнага прытулку. У Парыжы Чэслаў Мілаш жыў да 1960 года, актыўна супрацоўнічаючы з часопісам “Культура” Ежы Гедройца. У 1953 у годзе ў супрацоўніцтве з “Культурай” выходзіць мілашаўскі “Скуты розум” (“Zniewolony umysł”), кніга, якая ў хуткім часе станецца культавай. У 1958 годзе з’яўляецца ў друку “Родная Еўропа” (“Rodzinna Europa”), адна з найлепшых кніг пра “цэнтральнаеўрапейскую” ментальнасць.

У 1960 годзе Мілаш пераязджае ў ЗША, дзе выкладае славянскія літаратуры ў Каліфарнійскім універсітэце ў Берклі і Гарвардзе. За мяжой ён піша галоўным чынам паэзію, найбольшую вядомасць атрымалі яго палітычныя вершы таго перыяду. Як перакладчык на мяжы 1970-х і 1980-х гг. Мілаш звяртаецца да тэксту Бібліі. У Польшчы яго афіцыйна лічаць здраднікам і рэнегатам. Да 1980 года існавала цэнзарская забарона не толькі на публікацыю яго твораў, але і на яго прозвішча наогул. Кніжкі Мілаша выдаваліся падпольна, а частка польскай эміграцыі абвінавачвала яго ў бальшавіцкіх поглядах.

У 1980 годзе Мілаш атрымлівае Нобелеўскую прэмію і акурат тады пачынае змяняцца стаўленне да “здрадніка” і ў Польшчы, і ў эмігранцкім асяродку. У 1981 годзе Мілаш наведвае Польшчу, дзе патроху пачынаюць выходзіць яго кнігі, падчас візіту яму прысвойваецца тытул доктара honoris causa Каталіцкага ўніверсітэта ў Любліне. У 1989 Мілаш атрымлівае такі самы тытул ад Ягелонскага ўніверсітэта.

У 1989 годзе Мілаш атрымаў пасведчанне члена Таварыства польскіх пісьменнікаў пад нумарам 1. У 1993 годзе паэт вырашае вярнуцца ў Польшчу і пераязджае ў Кракаў, паводле яго сцверджання “найбольш блізкі Вільні”. У 1994 годзе ён атрымаў “Ордэн Белага Арла”, найвышэйшую ўзнагароду Польшчы.
Чэслаў Мілаш памёр 14 жніўня 2004 года ў Кракаве. Ён пражыў 93 гады. Пахаваны ў Крыпце заслужаных на Скалцы.

17:52 3.09.2011
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы