галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Гурток беларускай мовы запрашае 26 кастрычніка
Гурток беларускай мовы запрашае 26 кастрычніка

"Дудка беларуская" — паэтычны зборнік Францішка Багушэвіча, выдадзены ў 1891 годзе пры дапамозе сябра Яна Карловіча (пад псеўданімам Мацей Бурачок). У тым жа выдавецтве ў Кракаве год раней выйшла першая кніжка вершаў «Дудка беларуская», ў 1892 годзе — яго навела «Тралялёначка».

«Дудка беларуская» — вяршыня развіцця беларускай літаратуры ХІХ ст. Яе выхад у свет быў нечаканы, як выбух, быў менавіта мастацкім першаадкрыццём беларускага працоўнага мужыка, народа, бо ў парэформенны час, у канцы ХІХ ст., ніхто ўжо не памятаў пра П. Багрыма, не быў шырока вядомы і Я. Баршчэўскі.

Зборнік «Дудка беларуская» адкрываецца «Прадмовай», якая па сваяму патрыятычнаму пафасу нагадвае агітацыйна-публіцыстычныя артыкулы К. Каліноўскага ў паўстанцкай газеце «Мужыцкая праўда». У яе аснове праблема гістарычнага лёсу беларускага народа, развіцця яго мовы і культуры. На думку Багушэвіча, сапраўдным носьбітам нацыянальнага пачатку з'яўляецца працоўная, сялянская маса — народ, аб'яднаны не толькі духоўнай ці эпічнай супольнасцю, як сцвярджалі прыхільнікі рамантычнай самабытнасці, але і адзінствам нацыянальна-вызваленчых мэт.

Зборнік складаецца з 16 вершаў («Мая дудка», «Дурны мужык, як варона», «Як паўды шукаюць», «У судзе», «Воўк і авечка», «Мая хата», «Праўда», «Здарэнне», «Думка, З кірмашу», «Хрэсьбіны Мацюка», «Бог не роўна дзеле», «Хцівец і скарб на святога Яна», «Гдзе чорт не можа, там бабу пашле», «У астрозе», «Быў у чыстцы») і паэмы «Кепска будзе».

Творы, знешне простыя і непрэцэнтыёзныя па форме, характарызуюцца выключнай жыццёвай пераканаўчасцю, рэалістычнай глыбінёй і дзейснасцю. Нягледзячы на выразную сувязь з традыцыямі вуснай паэзіі, Францішак Багушэвіч паспяхова пераадольвае аднабаковасць фальклорнай тыпізацыі, імкнецца да індывідуалізацыі мастацкага вобраза.

Прадмова

Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша - «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў, па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася. Увідзеўшы гэта, я часта думаў: Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя? Якаясь маленькая Булгарыя - са жменя таго народу, - якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя і ружны чужы зброд, жыды маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б! А можа, і спраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў - больш і шмат больш, не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар, ці армян, а пакажы ж, ваша, хоць адну ксёнжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцці нашым, каб па-нашаму?
Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет і трэба знаць суседзкую мову, але наперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!

Спрадвеку, як наша зямелька з Літвой злучылася, як і з Польшчай з'ядналася дабравольна, дык усе яе «Бяларусяй» звалі, і недарма ж гэта! Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая; нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася.
Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы.

Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панавання князя Вітэнэса на Літве, Беларусія разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасці, і шмат местаў, як Полацк, прызнавалі над сабой панаванне князёў Літоўскіх, а после Вітэнэса Літоўскі князь Гядымін злучыў зусім Беларусію з Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседаў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмна; ад Каменьца места аж да Вязьмы - у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамяньчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца - Беларусь! Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...

Мацей Бурачок

22:49 25.10.2011
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы