галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Гурток беларускай мовы запрашае 2 лістапада
Чарговыя заняткі гуртка беларускай мовы будуць прысвечаны Дзядам. Дрэва моцнае сваімі каранямі, рака - вытокам, а чалавек - сваімі продкамі, сваімі дзядамі. Ад кожнага прысутнага на занятках чакаем аповед пра аднаго з продкаў. Да сустрэчы 2 лістапада а 19-й!

Гурток беларускай мовы запрашае 2 лістапада

Дзяды, свята беларускага народнага календара, звязанае з памінаннем продкаў ("дзядоў"). У славянскай міфалогіі Дзяды называюць таксама душы продкаў. Дзяды адзначаюцца некалькі разоў на год: масленічныя, радаўніцкія, траецкія (духаўскія або стаўроўскія), пятроўскія, змітраўскія. Восеньскія Дзяды (3мітраўскія, Вялікія, Асяніны, Тоўстая вячэра, Хаўтуры) самыя галоўныя. Яны адзначаюцца ў лістападзе, але ў розных рэгіёнах у розныя дні (Міхайлаўскія Дзяды, Піліпаўскія Дзяды, 3мітраўскія Дзяды ды інш.). У цэнтры абраду - вячэра ў памяць памерлых сваякоў. Рытуал Дзяды у найбольш архаічнай форме захаваўся толькі ў беларусаў.
У гэты дзень усе хатнія мыліся ў лазні і пакідалі крыху вады і венік для Дзядоў. Не шкадуючы прыпасаў, гатавалі вячэру. Продкаў трэба было добра пачаставаць, а потым і павесяліць, іначай яны нашлюць неўраджай і розныя няшчасці. У некаторых мясцінах на рытуал запрашалі гасцей (звычайна сваякоў, суседзяў, а часам і жабракоў). Перад тым як сесці вячэраць, гаспадар тры разы абыходзіў са свечкай стол, адчынялі вокны і дзверы і клікалі па імёнах продкаў.
У розных мясцінах на стол ставілі розную колькасць страў - дзе цотную, дзе няцотную (сем, адзінаццаць, дванаццаць), але, нягледзячы на гэта, у некаторых вёсках дазвалялася з'есці толькі тры стравы і выпіць тры чаркі. Сярод страў былі варанае і смажанае мяса, бліны, клёцкі, кісель, гарох з макавым малаком, крупнік з грыбамі або рыбай, верашчака з каўбасой ды інш. На стол ставілі так званыя Дзедаўскую чарку і Дзедаўскую міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу. У час вячэры гаварылі толькі пра продкаў, успаміналі іх учынкі, парады. На Дзісеншчыне выпісвалі з сямейнай хронікі памерлых і ўпісвалі нованароджаных. Пасля вячэры гаспадар казаў: "Святыя Дзяды, вы сюды прыляцелі, пілі, елі, ляціце ж цяпер да сябе!" У многіх мясцінах на стале пакідалі рэшткі страў, бо лічылася, што душы продкаў будуць частавацца яшчэ да раніцы. Часам пасля вячэры весялілі Дзядоў. Былі песні, пляскі, маскарады. Пасля заканчэння вячэры свечку тушылі хлебнай скарынкай або блінам. Iснавала прыкмета: калі дым пойдзе ўверх - добра, а калі нахілена, асабліва ў бок дзвярэй, то ў сям'і нехта памрэ. Паводле павер'я, калі не спаць ноч пасля Дзедавай вячэры, то можна ўбачыць Дзядоў.
У некаторых раёнах Беларусі на Дзяды наведваюць могільнікі - робяць прыклады (нарубы, церамкі, каменныя пліты), абкладаюць магілы дзірваном, камянямі, ставяць крыжы. Пасля на магілах пакідаюць пачастунак. Часта ў гонар кожнага памерлага запальвалі асобнае вогнішча. 3 дому з печы прыносілі гарачыя вуголлі, якія насыпалі на магілы, а гаршкі разбівалі ўшчэнт.

Крыніца:Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік./ С.Санько [і інш]; склад. І.Клімковіч. - 2-е выд., дап. - Мн.: Беларусь, 2006. - 599с.: іл.


Кантактныя тэлефоны:
Алег Дзьячкоў (МТС – 8-029-245-64-52; Velcom – 8-029-388-35-61)
Таццяна Красоўская (Velcom-8-029-393-14-61, гарадскі 22-80-46)

16:13 1.11.2011
#1 написал: admin2 (1 лістапада 2011 22:47)
Вітаю чытачоў нашага сайта. Цяпер у вас ёсць магчымасць пакідаць каментары пасля прачытанага! І мы вельмі радыя, што атрымалі ўнікальную магчымасць атрымаць ад вас адваротную сувязь.
#2 написал: Барадзед (3 лістапада 2011 01:21)
Вельмі добрая і ПРАВІЛЬНАЯ была сустрэча.
Прыгадваючы важныя гістарычныя асобы, прыгадваючы сваіх уласных "дзядоў" больш Любові і Павагі да ўласнага народу мы адчулі!...
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы