Музей Масленікава ў Магілёве- З грамадскасцю ніхто ўступаць у палеміку ўжо і не збіраецца, - тлумачыць старшыня магілёўскага аддзялення ТБМ
Алег Дзьячкоў. - Мяркуючы па публікацыях у мясцовай прэсе, усе рашэнні ўжо прынятыя на самым высокім узроўні і абмеркаванню не падлягаюць. І ўсё ж мы выступаем супраць праекту па пашырэнні гандлёвага цэнтра «Магніт» па некалькіх прычынах.
Па-першае, пасля рэканструкцыі архітэктурнай дамінантай стане менавіта будынак гандлёвага цэнтра, хоць побач з ім размешчаны гісторыка-культурныя аб'екты: будынак былога сялянскага пазямельнага банка (цяпер Музей ім. П. В. Масленікава) і будынак дваранскага сходу (цяпер гарадскі Дом культуры).
Па-другое, нават па праекце рэканструкцыі «Магніта» відаць, што паркоўка зойме месца сквера, які падзяляе сёння гандлёвы цэнтр і музей. На тым адрэзку Першамайскай вуліцы і так абцяжараны транспартны рух, а пашырэнне гандлёвага цэнтра не толькі павялічыць праблемы транспарту, але і пагоршыць экалагічную абстаноўку.
Па-трэцяе, азіраючыся навокал: “Магніт”, “Панарама”, ЦУМ, "Дом Быту” - колькі трэба цэнтру Магілёва яшчэ гандлёвых плошчаў, хіба не пара спыніцца? Хіба ў пашырэнні «Магніта» ёсць вострая неабходнасць для жыхароў горада? Або гэтая неабходнасць ёсць у прыватнага бізнэсу?
З просьбай арганізаваць грамадскае абмеркаванне рэканструкцыі гандлёвага цэнтра «Магніт» з удзелам экспертаў у галіне горадабудаўніцтва, гісторыкаў, архітэктараў і ўсіх зацікаўленых гараджан да старшыні магілёўскага гарвыканкама звярнуліся актывісты ТБМ. Нягледзячы на тое, што фармальна дадзенае абмеркаванне ідзе на сайце гарвыканкама, на лёс музейнага комплексу паўплываць яно не можа, паколькі дакументы аб будаўніцтве ўжо падпісаныя, паведаміў галоўны архітэктар Магілёва
Раман Бялясаў у інтэрв'ю газеце «Магілёўскія ведамасці».
У аблвыканкаме запэўніваюць, што ў гарадской грамадскасці няма падстаў для турботы: у выніку рэканструкцыі музейны комплекс не пацерпіць. Першапачаткова ў праекце пашырэння будынка гаварылася аб дадатковых 4000 м², аднак горадабудаўнічы савет настаяў на карэкціроўцы праекта і скарачэнні дадатковых плошчаў да 2000 м². На сённяшні дзень праектна-каштарысная дакументацыя аб'екта знаходзіцца ў завяршальнай стадыі распрацоўкі, аднак чыноўнікі абяцаюць, што музейны сквер будзе захаваны і абсталяваны: там з'явяцца пешаходныя алеі, скульптуры, фантан.
Дарэчы, паводле апытання, праведзенага сайтам 222.by,
80% рэспандэнтаў выказаліся супраць пашырэння плошчаў гандлёвага цэнтра "Магніт".
Прапануем Вашай увазе адзін з каментароў інтэрнэт-карыстальнікаў наконт магчымага пашырэння гандлёвага цэнтра "Магніт":
Вялікі дзякуй гарадскім уладам.
Мы яшчэ на адзін крок прыблізіліся да ўтварэньня ў жыцьцё праэкту па канчатковаму зьнішчэньню вобліка нашага горада.
Даеш больш гандлёвых цэнтраў замест гістарычнай спадчыны! Спарахнелыя палацы і помнікі архітэктуры не адпавядаюць калгасна-мадэрнісцкаму погляду на гарадскую архітэктуру.
А калі сур'ёзна, то сумна і цяжка бачыць, як родны горад кропля за кропляй губляе свой аўтэнтычны выгляд... Бойка ўладаў з гарадской душой ідзе з 1938 году, калі быў зацьверджаны першы плян перабудовы горада.
З таго часу горад губляе сваё "я", якое зьмяняецца на шэрасьць і лялечныя макеты па матывах даўніны...
Калі б была магчымасьць, я галасаваў бы супраць чарговага росту “Магніта”, але як заўсёда спыталі ўсіх, акрамя гараджан...
Давід
Паводле 222.by