галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

У Магілёве пакажуць ключ апошняга караля Рэчы Паспалітай
— Па-другое, будзе некалькі цікавых гістарычных дыярам, магілёўцы ўбачаць габелен з выявай Магілёва XVIII ст. і некалькі ўнікальных рэчаў, якія мы набылі ў прыватных калекцыянераў, – адзначыў спадар А. Бацюкоў.

У Магілёве пакажуць ключ апошняга караля Рэчы Паспалітай
А. Бацюкоў

Музей падрыхтаваў сапраўды шыкоўны падарунак усім аматарам нашай даўніны. Па-першае, унікальны макет, які прэзентуе Магілёў часоў «Хронікі» Сурты і Трубніцкага. Зрабіў гэты макет наш вядомы мастак Базыль Камароў. Цікавы яго выраб найперш гістарычнымі падрабязнасцямі. Па-словах Аляксея Бацюкова, на макеце будзе паказаны замак, а таксама — так званая другая лінія абароны, якая ўключае ў сябе тэрыторыю цяперашняга Магілёва прыкладна ад берага Дняпра па Дыягнастычны цэнтра.

У Магілёве пакажуць ключ апошняга караля Рэчы Паспалітай

Будуць таксама дзве дыярамы. На першай — Гандлёвая плошча (сучасная Савецкая) часоў пабудовы Ратушы. Дарэчы, на дыяраме Ратуша будзе без вежы — мастак зафіксаваў яе, так бы мовіць, у працэсе будаўніцтва. Другая дыярама — цэхавы экзамен. На ёй — тыповая прастора магілёўскага цэха шабельнікаў. «Там можна ўбачыць пакупнікоў, майстра і падмайстра, які здае экзамен на выраб нейкага прадмета», — распавядае Аляксей Мікалаевіч.

Сярод экспанатаў — таксама двухметровы габелен, зроблены магілёўскай мастачкай Марынай Несцярук. На габелене — выява Магілёва XVIII ст. з гравюры, надрукаванай у нямецкай кнізе. «Гэты габелен будзе вісець у Войтаўскай зале, на другім паверсе Музея, — удакладняе наш суразмоўца. — Там, дзе размешчаны партрэты каралёў Рэчы Паспалітай».

Дамінантамі выставы, аднак, з’яўляюцца іншыя рэчы. Магілёўцам пакажуць шаблю-касцюшкоўку, якую Музей не так даўно набыў у аднаго магілёўца. Апошні, дарэчы, выцягнуў яе з Дняпра — лавіў шчупака, а злавіў рарытэтную зброю канца XVIII ст. З такімі «цацкамі» шляхта змагалася за Канстытуцыю 3 мая.
Цікава, што касцюшкоўку знайшлі менавіта на Магілёўшчыне, хаця паўстанне на тэрыторыі нашага рэгіёна асабліва не было распаўсюджана.

Другі здабытак не менш каштоўны — камергерскі ключ апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У Магілёве пакажуць ключ апошняга караля Рэчы Паспалітай
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі

Ім карыстаўся кароль, магчыма, адчыняючы свой кабінет. Як гэты ключ патрапіў на Магілёўшчыну — невядома. Хутчэй за ўсё, яго «ўзяў» рускі салдат і пакінуў сваім нашчадкам. Вядома, што палац «апошняга Пяста», як называлі сучаснікі Панятоўскага, быў разрабаваны. Дзякуючы лёсу, аднак, камергерскі ключ захаваўся і дайшоў да нашага часу.

П. Левановіч, mycity.by

20:03 9.11.2011
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы