7-га снежня ў Магілёве на пасяджэнні гуртка беларускай мовы, арганізаванага гарадской суполкай ТБМ, адбыўся першы сход новага літаратурнага клуба. Да яго стварэння падштурхнула найперш татальная русіфікацыя беларускага грамадства і культуры, а таксама неабходнасць існавання менавіта беларускамоўнай пляцоўкі як для прызнаных літаратараў, так і для пачаткоўцаў або аматараў.
У новым клубе, прысвечаным памяці Цішкі Гартнага, ужо прынялі ўдзел такія звязаныя з пісьменніцтвам людзі, як Віктар Арцем’еў, Тамара Аўсяннікава, Таццяна Барысік, Дзяніс Сідарок; былі зачытаныя іхнія творы, абмеркаваная занепакоенасць лёсам нацыянальнай мовы. Новая суполка, пакуль што безыменная, пачынаючы свой шлях, плануе правесці свой другі сход на пачатку лютага 2012 года і ўдзельнічаць у правядзенні ў Магілёве Дня роднай мовы. Дзверы клуба адчыненыя для любога, хто стварае ці толькі спрабуе ствараць прозу і паэзію на нацыянальнай мове, абвешчаны конкурс на найлепшую назву.
Нашаю мэтай ёсць стварэнне трывалага беларускамоўнага літаратурнага асяроддзя ў Магілёве як часткі падмурку захавання і пашырэння нацыянальных мовы і культуры.
Аляксей Карпенка 17:20 26.12.2011 |