галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Магілёўцы выкупілі забаронены ў Расейскай імпэрыі старадрук
Магілёўцы выкупілі забаронены ў Расейскай імпэрыі старадрук

Паводле гісторыка, супрацоўніка нацыянальнага архіву Беларусі Зьмітра Яцкевіча кніга ўнікальная для Беларусі. Такіх выданьняў толькі два. Адно з іх захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы, другое ў Навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа. Як зазначае гісторык, дзейнасьць магілёўскай брацкай друкарні амаль не дасьледаваная. У гарадзкіх музэях захоўваюцца толькі дзьве кнігі гэтай друкарні.

“Друкарня працавала на працягу двухсот гадоў, а вось яе выданьняў мы маем адзінкі. Гэтая друкарня больш за ўсіх выдала кірылічных кніг у Беларусі, але мы ня маем нават навуковых манаграфій пра яе. Прэзэнтаваная сёньня кніга – гэта вельмі цікавы выпадак кантрафактнага выданьня, выдрукаванага ўжо ў Расейскай імпэрыі для старавераў. Брацкая друкарня ў Магілёве такімі выданьнямі займалася ад 1701 году. Можна казаць, што гэта падпольнае выданьне. У той час такія выданьні былі забароненыя ў Расейскай імпэрыі. Гэта ўсё надае ўнікальнасьць кніжцы. У “Часоўніку” зьмешчаныя малітвы, якія трэба было выконваць вернікам пагадзінна. Для старавераў гэта кніга на кожны дзень. Калі сям’я старавера ня мела такой кнігі яна павінна была яе перапісаць. Мова кнігі пераважна стараславянская”, - зазначыў Зьміцер Яцкевіч.

Колькі магілёўцаў ахвяравалі грошай на кнігу, невядома. Але вядомая яе кошт – 500 даляраў. Захоўвацца старадрук будзе ў музэі гісторыі Магілёва. Пабачыць і пагартаць кнігу ў канфэрэнц-залю ратушы прыйшлі больш за пяцьдзясят чалавек. На прэзэнтацыі прысутнічаў і ініцыятар збору сродкаў на старадрук студэнт гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Андрэй Радкоў.

Магілёўцы выкупілі забаронены ў Расейскай імпэрыі старадрук

“Я не хачу выглядаць дужа патасным чалавекам, але сэрца мне падказала мне зрабіць менавіта гэтак. У кніжцы зьмешчаныя рэлігійныя тэксты старавераў. У кніжцы – гісторыя пакут старавераў, людзей, якія адстойвалі свае рэлігійныя погляды, адстойвалі права быць вернымі традыцыям. Стараверы вымушаныя былі ўцякаць у наш край і яны зрабілі добры ўнёсак у гісторыю й культуру нашага народа. Яны сталі часткай нас саміх”, зазначыў Андрэй Радкоў.

Магілёўскі старадрук другі, які выкупілі талакой з ініцыятывы Андрэя Радкова. Летась дзякуючы яму ў Беларусі засталася мэтрычная кніга Ішкальдзкага манастыра.

Адзначым таксама, што магілёўцам, якія ўнеслі найбольш значныя грашовыя сродкі для таго, каб выкупіць кнігу, дырэктарам музея гісторыі Магілёва Аляксеем Бацюковым былі ўручаны імянныя падзякі.

Паводле svaboda.org

Таксама чытайце: Бібліяграфічную каштоўнасць прэзентавалі ўчора ў магілёўскай ратушы

23:05 26.12.2011
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы