галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Размагнічванне “Магніту”
Размагнічванне “Магніту”
Як вядома, 21 студзеня 2012 г. стартавала грамадскае абмеркаванне праекта прыбудовы да гандлёвага цэнтра “Магніт” з добраўпарадкаваннем прылягаючай тэрыторыі, што плануецца ў межах гістарычнага цэнтра Магілёва, па вул. Першамайскай, побач з будынкам былога Пазямельна-сялянскага банку і будынкам былога дваранскага сходу (абодва – помнікі архітэктуры кан. 19 – пач. 20 стст.).

Грамадскае абмеркаванне праводзіцца дзякуючы руплівай працы магілёўскай грамадскасці, у першую чаргу – гарадскога аддзялення Таварыства беларускай мовы на чале з Алегам Дзьячковым пры падтрымцы Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры.

Якімі будуць вынікі абмеркавання – час пакажа. Але 31 студзеня 2012 г. адбылося пасяджэнне архітэктурна-горадабудаўнічага савета пры Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, на якім адным з пытанняў для разгляду і было ўсебаковае абмеркаванне вышэйназванага праекта.

На пасяджэнне былі запрошаны не толькі заказчык аб’екта (кіраўнік ТС МагнітСэрвісЦэнтр” Барыс Вакуленка), генпраекціроўшчык (архітэктар Міхаіл Вінаградаў), але і прадстаўнікі грамадскасці, у тым ліку Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і Таварыства беларускай мовы.

Пад час абмеркавання былі агучаны шматлікія пункты гледжання з розных бакоў, якія супадалі ў адзіным – праект не адпавядае як крытэрыям заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, нарматыўных дакументаў у сферы горадабудаўніцтва, так і элементарным катэгорыям архітэктурнай эстэтыкі з улікам існуючай горадабудаўнічай сітуацыі.

Па выніках абмеркавання праекта архітэктурна-горадабудаўнічы савет вырашыў, што праект трэба або прывесці ў адпаведнасць з дзеючымі нарматыўна-прававымі і тэхнічнымі дакументамі, або выносіць на іншую пляцоўку, за межы гістарычнага цэнтра Магілёва.

Пачатак працы такога калегіальнага органа, як архітэктурна-горадабудаўнічы савет пры Міністэрстве архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь, паказаў, што ён можа стаць сапраўдным інстытутам кантролю з боку прафесіяналаў (з далучэннем прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў) над архітэктурнай і горадабудаўнічай дзейнасцю з мэтай недапушчэння памылковых рашэнняў, цяжар якіх кладзецца зачастую на беларускую дзяржаву і грамадства.

Антон Астаповіч, старшыня ГА БДТАПГК

Адпаведны ліст ГА БДТАПГК у Магілёўскі гарвыканкам у межах грамадскага абмеркавання праекта глядзіце тут

14:59 1.02.2012
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы