галоўная :: праекты :: спасылкі :: сувязь

Юбілей Івана Грыгаровіча (1792-1852)
Юбілей Івана Грыгаровіча (1792-1852)

Грыгаровіч нарадзіўся 26 жніўня 1792 г. у мястэчку Прапойск Старабыхаўскага павета Магілёўскай губерніі. Яго бацька, Іван Конанавіч, выкладаў рыторыку ў Магілёўскай семінарыі, служыў свяшчэннікам у Рагачове, Прапойску, Гомелі. Маці, Марыя Раманаўна, была пляменніцай знакамітага беларускага архіепіскапа Георгія Каніскага. Атрымаўшы адукацыю ў Магілёўскай духоўнай семінарыі, Грыгаровіч у 1811–1815 гг. працаваў выкладчыкам грэчаскай і лацінскай моў Магілёўскага павятовага духоўнага вучылішча. Падчас адпачынку ў сваіх бацькоў у Гомелі пазнаёміўся з вядомым мецэнатам графам М.П. Румянцавым, які, адзначыўшы здольнасці юнака, спрыяў яго далейшай адукацыі ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Закончыўшы яе са ступенню кандыдата багаслоўскіх навук, І. Грыгаровіч становіцца протаіерэем Гомельскага кафедральнага сабора. З 1831 г. ён, дзякуючы свай выдатнай працы, быў накіраваны ў Пецярбург, дзе служыць спачатку ў царкве лейб-гвардыі Фінляндскага палка, а потым у царкве А. Неўскага.

Яшчэ падчас навучання ў Пецярбурзе І. Грыгаровіч ўключаецца ў працу т. зв. Румянцаўскага гуртка – нефармальнага аб`яднання гісторыкаў і археографаў, меўшых сваёй мэтай выяўленне, збор і публікацыю гістарычных крыніц. Спачатку ён выконвае даручэнні М.П. Румянцава па пошуку і перакладу старажытных дакументаў, пасля распачынае актыўную даследчыцкую дзейнасць. Першай працай І. Грыгаровіча была дысертацыя пра наўгародскіх пасаднікаў, выдадзеная на сродкі графа ў 1821 г. У гэтым жа годзе з мэтай напісання царкоўнай гісторыі Беларусі пачынае даследванне архіваў Мсціслава і Магілёва, ў выніку чаго ў 1824 з`яўляецца твор «Беларуская іерархія». Працягам гэтай дзейнасці была падрыхтоўка першага беларускага археаграфічнага зборніка «Беларускі архіў старажытных грамат», першая частка якога выйшла ў 1824 г., другая была поўнасцю падрыхтавана да выдання але не апублікавана, праца над трэцяй часткай не скончана ў сувязі са смерцю мецэната і спыненнем дзейнасці гуртка.

Пасля пераезду ў Пецярбург вучоны падрыхтаваў і выдаў комплекс дакументаў знешнепалітычнага характару «Переписка пап з российскими государями» і збор твораў беларускага архіепіскапа Г. Каніскага. Як выдатны знаўца выдавецкай справы Грыгаровіч з 1837 г. і да сваёй смерці ў 1852 г. працуе ў Археаграфічнай камісіі. У галіне мовазнаўства ён распачынае працу над слоўнікам беларускай мовы, скончыць якую яму, на жаль, не давялося.

Дакументальная спадчына І. Грыгаровіча, якая адлюстроўвае яго грунтоўную навуковую дзейнасць, аказалася раскіданай па шматлікіх сховішчах Беларусі, Расіі і Літвы, але найбольш цэласны комплекс дакументаў захоўваецца сёння ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва – гэта другая частка «Беларускага архіва», матэрыялы да трэцяй, вопісы і копіі дакументаў, што захоўваліся ў беларускіх архівах напачатку XIX ст., рукапіс «Слоўніка Заходне-рускай гаворкі», прадмова да 4 тома «Актаў Заходняй Расіі» і шэраг іншых.

Асабісты архіў

Калекцыя Грыгаровічаў // Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Ф. 6. Воп. 1. Спр. 1–118 за 1694–1896.
Дакументы І. Грыгаровіча // Навукова-даследчыцкі аддзел рукапісаў Расійскай дзяржаўнай бібліятэкі (НДАР РДБ). Ф. 178. Карт. 1346. Спр. 1–25; Ф. 255. Воп. 12. Адз. зах. 8–17; і інш. за 1810-е – 1850
Дакументы І. Грыгаровіча // Аддзел рукапісаў Расійскай Нацыянальнай бібліятэкі. Ф. 1000. 5 адз.зах. за 1801–1825.
Асабісты фонд І. І. Грыгаровіча (сына)//Аддзел пісьмовых крыніц Дзяржаўнага гістарычнага музея (АПК ДГМ. Ф. 261. Воп. 1. Спр. 1–8 за 1774–1901.
Асабісты фонд М. І. Грыгаровіча (сына)//Аддзел пісьмовых крыніц Дзяржаўнага гістарычнага музея (АПК ДГМ. Ф. 262. Воп. 1. Спр. 1–5 за 1739–1890.


Творы

Исторический и хронологический опыт о посадниках новгородских: из древних русских летописей. М., 1821. 310 с.
Известие о древнем храме Христа Спасителя, построенном в XII веке преподобною Ефросиниею близ Полоцка // Христианские чтения. 1832;
Историческое сведение о жизни Митрофана, первого Воронежского епископа. Спб., 1832.;
Белорусский архив древних грамот. Ч. 1. М., 1824.;
Собрание сочинений Георгия Кониского.Ч. 1-2. СПб., 1835.;
Акты исторические, собранные и изданные Археографическою комисиею. Т. 1, 2, 4. СПб., 1841, 1848, 1851.;
Акты относящиеся к истории Западной России, собранные и издаваемые Археографическою комиссиею. Т. 1 - 5. СПб., 1846 -1853.
Беларуская іерархія. Мн., 1992.


Вольга Іванова, Краязнаўчы сайт Гомеля і Гомельшчыны

03:11 11.09.2012
Дадаць камэнтар
Жывы МагілёўБеларускі Маладзевы Рух у Амерыцы